Праблема бяспекі дзяцей у сучасных умовах з’яўляецца адной з самых актуальных і важных, асаблівае месца ў ёй займае веданне і выкананне Правілаў дарожнага руху. Бо нездарма ПДР называюць правіламі жыцця.
У нашай школе азнаямленню і вывучэнню правілаў адводзіцца вялікае месца. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць веды на ўроках АБЖ, пазакласных мерапрыемствах, на сустрэчах з работнікамі АДАІ.
Так, з пяцікласнікамі была праведзена экскурсія па Тураве з мэтай вывучэння дарожных знакаў, скрыжаванняў, пешаходных пераходаў і ў цэлым бяспечных паводзін па дарозе ў школу.
Але не толькі педагогі і бацькі вучаць дзяцей бяспечным паводзінам. У рамках праграмы “Стань заўважным у цемры” сябры пярвічнай арганізацыі БРСМ правялі акцыю “Мой сябар флікер” для сваіх малодшых паслядоўнікаў — членаў БРПА. Мэтай мерапрыемства з’яўлялася не толькі далучэнне вучняў 3 і 4 класаў, якія займаюцца ў другую змену, да выканання ПДР, але і клопат старэйшых школьнікаў пра бяспеку малодшага пакалення.
Арганізавала акцыю педагог-арганізатар Т.А. Вецік, яка з навучэнцамі 10—11 класаў актыўна займалася вырабам незвычайных святлоадбівальных элементаў у выглядзе крэатыўных смайлікаў з назвай установы адукацыі. Ва ўрачыстай абстаноўцы малодшым школьнікам былі ўручаны своеасаблівыя флікеры, якія не толькі дапамогуць дзецям стаць больш заўважным у цемры, але і дадуць магчымасць наладзіць пераемнасць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні членаў БРСМ і БРПА. Правядзенне падобных акцый таксама дасць магчымасць удасканаліць работу па папярэджанні траўматызму на дарогах.
Л. ГУК,
настаўнік АБЖ сярэдняй школы № 1 Турава.