Моладзь Германіі: сваё жыццё будуем самі

- 11:53Адукацыйныя праекты

Тэма “Удзел моладзі ў палітычным і сацыяльным жыцці Германіі” стала лейтматывам стажыроўкі беларускіх журналістаў, якая на працягу тыдня праходзіла ў Берліне. Яна стала адказам на нядаўнюю стажыроўку нямецкіх журналістаў у Беларусі. Такі штогадовы абмен наладзілі 17 гадоў назад Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА і Маладзёжны прэс-клуб (Германія) у межах сумеснай праграмы “Моладзь у журналістыцы”. Мэта праграмы — азнаёміць яе ўдзельнікаў з сістэмай працы маладзёжных СМІ абедзвюх краін, арганізацыяй вольнага часу моладзі, рэалізацыяй дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, дзейнасцю дзяржаўных устаноў і грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць з моладдзю, даведацца пра зацікаўленасць саміх маладых людзей палітыкай і гатоўнасць прымаць у ёй удзел.

На памылках вучацца

Так, пра Фонд моладзі і сям’і Берліна — дзяржаўную ўстанову, якая выступае пасрэднікам паміж Берлінскім парламентам, які выдзяляе сродкі на рэалізацыю маладзёжных ініцыятыў, і моладдзю, — расказалі яго супрацоўнікі.

Сваю місію яны патлумачылі тым, што ў гісторыі Берліна ў адрозненне ад іншых гарадоў Германіі амаль усё было ў руках дзяржавы. І толькі пасля падзення Берлінскай сцяны сталі падтрымлівацца некамерцыйныя грамадскія аб’яднанні і грамадскія ініцыятывы, перавага аддаецца ідэям простых жыхароў, якія імкнуцца вырашыць свае сацыяльныя праблемы, змяніць сітуацыю ў горадзе, квартале, мікрараёне, мадэрнізаваць стадыён, разгледзець канкрэтную сітуацыю ў сферы адукацыі і г.д. Як правіла, самыя актыўныя гараджане — моладзь.

За год фондам рэалізоўваецца больш за 20 праектаў. Самы буйны — штогадовы Берлінскі маладзёжны форум, які становіцца пляцоўкай для супрацоўніцтва юных палітыкаў, дыпламатаў Германіі і іншых краін. Сярод апошніх — праект “Чэмпіёны без межаў”, які падтрымлівае вулічны футбольны рух і далучае да футбола бежанцаў. Ёсць асобныя праекты па развіцці дзявочага футбола. Намаганнямі маладых берлінцаў створаны лабірынт “Дзіцячы музей”, наладжаны сямейныя кансультацыі для дзяцей з псіхасацыяльнымі праблемамі, якія доўгі час ляжаць у бальніцы, і іх родных.

Стала папулярнай і пазашкольная вучэбная праграма для праграмістаў ад 12 да 18 гадоў “Маладыя хакеры”, у межах якой маладыя людзі на працягу 3 дзён вучацца рабіць карысныя для грамадства дадаткі. Напрыклад, распрацаваны “Маршрут па “камянях спатыкання”. Гэта невялікія латунныя таблічкі-напаміны, густа рассыпаныя і ўманціраваныя ў тратуары горада каля дамоў, і звязаныя з трагічным лёсам яўрэяў, якія там жылі. Падчас адной з апошніх праграм маладыя праграмісты стварылі бранзалеты, якія вібрыруюць, калі іх уладальнік знаходзіцца ў полі зроку камеры відэаназірання і фізічна адчувае сябе пад наглядам.

Разважаючы пра гэтую распрацоўку, менеджар фонду Роланд Гейгер адзначыў: “У грамадстве ідзе дыскусія аб этычнасці нават саміх такіх здымак, не гаворачы ўжо пра мэтазгоднасць выкарыстання гэтых бранзалетаў. Ды і вытворца іх наўрад ці знойдзецца, але сутнасць не ў гэтым. Галоўнае, што маладыя людзі нешта зрабілі. Увогуле, маладзёжныя праекты неабавязкова павінны ставіць перад сабой канкрэтныя камерцыйныя ці іншыя мэты. Яны не абавязаны мець уяўленне, як іх праект упісваецца ў дзяржпраграмы, і дарма, калі яны не падабаюцца чыноўнікам. Сутнасць справы — спрабаваць сябе, эксперыментаваць”.

Дарэчы, якія з праектаў падтрымаць, вырашае журы пры сенацкім упраўленні па справах моладзі. Таксама паралельна ў кожным з 12 раёнаў Берліна працуе маладзёжнае журы, у склад якога ўваходзяць маладыя людзі ад 12 да 21 года. Такое ранняе ўключэнне гаворыць не столькі пра сур’ёзнасць падыходу да адбору, колькі пра ідэю прадаставіць дзецям магчымасць набыць вопыт у прыняцці рашэнняў.

Ужо год пад эгідай упраўлення адукацыі сената па справах моладзі і сям’і Берліна дзейнічае маладзёжны анлайн-партал Jump, адзіны падобны партал у горадзе. У рэдакцыі 15—20 пазаштатных, але пастаянных рэдактараў, а таксама 10, якія жывуць і вучацца ў іншых краінах. Усім супрацоўнікам — ад 14 да 20 гадоў. Яны расказваюць пра мерапрыемствы Берліна, бяруць інтэрв’ю, здымаюць фільмы, пішуць пра ахову навакольнага асяроддзя, правільнае харчаванне, вегетарыянства, сыраедства, сучасную вулічную субкультуру, пішуць рэцэнзіі на музычныя прэм’еры, фільмы, кнігі, вучаць праводзіць тэматычныя вечарыны. Тэмамі іх сюжэтаў становяцца прафарыентацыя, крызісныя сітуацыі ў школе, правільнае вырашэнне канфліктаў, магчымасці правядзення вольнага часу, вучоба за мяжой, экалагічны (ці сацыяльны) валанцёрскі год, які маладыя людзі праводзяць у іншых краінах, работа падчас канікул і шмат іншых. Моладзь прымае ўдзел у дыскусіях і вырашае такія пытанні, як размеркаванне школьнага бюджэту, зніжэнне выбарчага ўзросту з 18 да 16 гадоў і інш.

“Мы гаворым пра так званы вопыт самарэалізацыі, каб маладыя людзі ўсвядомілі, што яны могуць прыносіць карысць і што іх у гэтым падтрымаюць, — гаворыць Роланд Гейгер. — Мы хочам, каб яны адчулі, што жывуць у сваім, а не абстрактным, грамадстве, і што яны могуць уплываць на яго. Гэта шчасце, што мы вядзём культурную дыскусію наконт падзей, якія ўплываюць на наша развіццё: падзенне сцяны ў 1989 годзе, міграцыя, якая пачалася ў 50-х гадах, наплыў бежанцаў за апошнія паўтара года і інш. На многія пытанні няма канкрэтных адказаў, і нам трэба іх знайсці, а таксама знайсці тыя сферы, за якія мы павінны адказваць у грамадстве. Моладзь таксама здольна фарміраваць грамадства. У гэтым сутнасць. Мы самі вырашаем, як нам жыць, думаем пра гендарныя пытанні, якім павінен быць шлюб, у тым ліку ці варта дапускаць аднаполыя шлюбы або гэтая ідэя абсурдная. І трэба цаніць тое, што няма яснасці. Мы перажылі этапы ў гісторыі, у прыватнасці палітыку Гітлера, калі існавалі догмы, і ведаем, да чаго гэта прывяло. Мы ж выступаем за варыятыўнасць. Няхай моладзь мае права і на спробу, і на памылку”.

Маладзёжныя экскурсіі

Вялікую папулярнасць у горадзе набылі маладзёжныя экскурсіі для моладзі. 9 гадоў назад тады яшчэ 18-гадовы берлінец Дэніс Мюлер быў уражаны, што многія жыхары Берліна не ведаюць свайго горада. Па яго словах, нямала берлінцаў, якія ніколі ў жыцці не былі ў іншым раёне горада. Ёсць, напрыклад, тыя, хто не быў за ракой Шпрэе, што аддзяляе заходнюю частку ад усходняй і дзеліць раён Кёльнсбург напалам. І гэта нярэдкая з’ява, асабліва калі ўсе неабходныя установы — школы, магазіны, кінатэатры, забаўляльныя цэнтры — знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Здараецца, што нават бацькі, бабулі і дзядулі гэтых людзей таксама ніколі не былі ў іншых раёнах.

Хоць Дэніс вывучаў ва ўніверсітэце ісламазнаўства, іудаізм, гісторыю і культуру Блізкага Усходу і яўрэйскую гісторыю, вучыў арабскую мову, іўрыт, усё ж у першую чаргу засяродзіў сваю ўвагу і ўвагу іншых на родным горадзе, працуючы гідам. Цяпер ён — дырэктар турыстычнага маладзёжнага аб’яднання “Мы — Берлін”, у яго цэлая каманда гідаў ад 14 да 30 гадоў. Яны праводзяць экскурсіі для дзяцей і маладых людзей. Дзіцячыя ў асноўным прымяркоўваюцца да дзён нараджэння і маюць забаўляльны характар, праводзяцца ў форме дэтэктываў, квестаў, лабірынтаў, праходжання выпрабаванняў. Галоўная ідэя экскурсій для моладзі — падаваць іх у лёгкай інтэрактыўнай форме, нягледзячы на складанасць зместу, і паказваць не Брандэнбургскія вароты ці іншыя мясцовыя славутасці, а дапамагаць адчуць горад з сярэдзіны, нават на ўзроўні эмоцый, у ходзе ўспрыняцця гісторыі Берліна, развіваць погляд на горад, уменне заўважаць тыя рэчы, міма якіх маладыя людзі дагэтуль праходзілі і на якія не звярталі ўвагі.

Юныя парламентарыі

Свае ініцыятывы прадстаўляюць і ўдзельнікі маладзёжнага парламента. Ён дзейнічае толькі ў двух раёнах Берліна, некалькі падобных ёсць і ў іншых гарадах Германіі. Беларускія журналісты пабывалі на пасяджэнні, удзел у якім прынялі каля 80 дзяцей і маладых людзей — ад 4-класнікаў да маладых мам з дзецьмі.

Берлінскі маладзёжны парламент нічым не адрозніваецца ад беларускага. Хіба толькі тым, што пасяджэнні праходзяць у той жа зале, у якой збіраюцца і дарослыя парламентарыі. На кожным пасяджэнні прысутнічаюць прадстаўнікі гарадскіх улад, якія слухаюць і занатоўваюць дзіцячыя прапановы.

Што да саміх прапаноў, іх не назавеш надта значнымі: рамонт спартыўнай пляцоўкі ў школьным двары, замена арэляў, устаноўка “зебры” перад школай, правядзенне варкшопа з бежанцамі. За 15 гадоў існавання былі толькі два буйныя праекты — пабудаваны Цэнтр дзяцей і моладзі і скейтпарк. Цяпер разглядаецца прапанова на адным з прыпынкаў устанавіць лаўку для гараджан у выглядзе абрэвіятуры, якая абазначае парламент дзяцей і моладзі.

Адукацыя для ўсіх

Праграмы Кройцбергскага дзіцячага фонду больш маштабныя, закранаюць усю Германію і іншыя краіны і ажыццяўляюцца выключна на спонсарскія сродкі. Напрыклад, на праграму, якая ставіць сваёй мэтай дасягнуць справядлівасці ў сферы адукацыі, штогод выдзяляецца 1 мільён еўра.

“У ходзе маніторынгу якасці школьнай адукацыі PISA высветлілася, што ў Германіі поспех у адукацыі і доступ да яе ўвогуле вельмі залежаць ад сацыяльна-фінансавага становішча сем’яў маладых людзей, ад таго, на якой сацыяльнай прыступцы стаяць бацькі. І ў параўнанні з іншымі краінамі гэтыя статыстычныя даныя катастрафічныя. Нават складана ўсвядоміць, што ў адной з самых багатых краін свету багацце так несправядліва размеркавана, ад гэтага пакутуе адукаванасць людзей.

І мы пастараліся змяніць гэта”, — зазначыў Петэр Огрцаль, член праўлення фонду.

Ён адзначыў, што немцы даўно ўсвядомілі, што стаць адукаваным, з шырокім кругаглядам чалавекам можна, толькі выйшаўшы за межы сваёй установы, з-за прывычнай парты, бо многае павінна засвойвацца не з падручнікаў, а з уласнага вопыту, падчас зносін з людзьмі іншага кола, прадстаўнікамі іншай культуры і поглядаў, праз развіццё ўласнай камунікацыі.

У Германіі амаль правіла, што маладыя людзі, якія вучацца ў гімназіі, на адзін год ездзяць атрымліваць адукацыю за мяжу — у любую краіну на іх выбар. Пасля 10 класа і перад тым, як пачынаць прафнавучанне (на гэта адводзяцца 11—12 класы), маладыя людзі праводзяць адзін год за мяжой. І члены фонду хочуць, каб і навучэнцы менш прэстыжных устаноў мелі такую магчымасць. Напрыклад, звычайныя школьнікі не маюць для гэтага сродкаў, таму ім іх дае фонд. Штогод па праграме прадастаўлення стыпендый для маладых людзей выдаткоўваецца 400 тысяч еўра. За 6 гадоў іх скарысталі 500 маладых людзей. Толькі ў мінулым годзе 113 навучэнцаў ездзілі ў іншыя краіны, кожны з іх атрымліваў стыпендыю, якой хапала на пражыванне, навучанне і г.д.

Што да страху перад моўным бар’ерам (усе прадметы трэба вучыць на замежнай мове), то арганізатары запэўніваюць: баяцца няма чаго. У якасці прыкладу Петэр Огрцаль расказаў пра свайго сына, які ў 16 гадоў захацеў паехаць у Гандурас, каб менавіта там вывучыць іспанскую мову, на якой мог да паездкі толькі прадставіцца. Ужо праз месяцы тры моўны бар’ер знік, а пасля вяртання юнак пайшоў у іспанамоўную школу, дзе выкладчык заявіла, што сын Петэра Огрцаля гаворыць па-іспанску лепш, чым яна (праўда, без усялякага ўяўлення пра граматыку). Вопыт паказаў, што нават кітайскую мову стыпендыяты выдатна асвойваюць за год.

Насамрэч работа з гэтай катэгорыяй навучэнцаў праходзіла вельмі цяжка, асабліва ў плане ўсведамлення імі і іх бацькамі неабходнасці такой адукацыі. Прычына і ў тым, што навучэнцы пасля сярэдняй школы (10 класаў) здаюць экзамен для пераходу ў 11 клас. Адзінаццацікласнікі вучацца ў іншай краіне. Вярнуўшыся, звычайна зноў ідуць у 11 клас. Менавіта за кошт таго, што быццам бы губляецца год, за які маладыя людзі маглі б ужо пачаць прафадукацыю, бацькі супраць такога навучання. Таму паралельна з гэтай праграмай распрацавана і іншая: школьнікі пасля 10 класа едуць за мяжу і год вучацца не ў звычайнай школе, а ў прафтэхарыентаванай установе, за гэты час ужо спрабуюць сябе ў пэўнай прафесіі, вызначаюцца з выбарам.

Рэалізоўвае фонд і больш дробныя праграмы. Яны тычацца так званага другаснага шляху адукацыі, у іх таксама задзейнічана менш прывілеяваная група школьнікаў, якія ў адведзены праграмай час не справіліся з вучобай або па розных прычынах не скончылі 10 клас (не хацеў вучыцца, ужываў наркотыкі, былі сямейныя праблемы і інш.). Штогод такіх школьнікаў у Германіі больш за 50 тысяч (у асноўным гэта хлопцы). І калі яны ўсведамляюць, што хоць фармальна, але павінны атрымаць пасведчанне аб заканчэнні 10 класа (без гэтага немагчыма прафадукацыя), паўстае дылема: вучыцца трэба, але няма на што ў гэты перыяд жыць. Таму маладыя людзі падчас навучання да заканчэння сярэдняй школы атрымліваюць стыпендыю, каб яны маглі аплачваць падручнікі, само навучанне, адукацыйныя паездкі і г.д. Стыпендыя выступае і лепшым матыватарам: не хочаш старацца — стыпендыя скарачаецца.

Адну з праграм фонд рэалізоўвае ў Грэцыі. У межах праграмы аказваецца падтрымка сямі грэчаскім арганізацыям, якія працуюць для дзяцей і моладзі — жыхароў Грэцыі і бежанцаў, якіх у краіне больш за 70 тысяч. Каб на свае вочы паглядзець, наколькі эфектыўная такая падтрымка, маладым немцам прадастаўляецца магчымасць ездзіць у Грэцыю і пасля вяртання дадому дзяліцца ўражаннямі. Федэральны ўрад ужо два гады збіраецца стварыць нямецка-грэчаскую маладзёжную арганізацыю. Падобная арганізацыя ўжо ёсць для нямецка-польскіх і нямецка-французскіх адносін, у іх межах арганізоўваецца маладзёжны абмен.

Шмат праектаў ажыццяўляецца і ў галіне культуры, адукацыі, правядзення вольнага часу на канікулах. Прычым часта для таго, каб атрымаць фінансаванне, маладым людзям дастаткова толькі падаць заяўку. Падрабязнай распрацоўкай і зместам праграм ім неабавязкова займацца.

Прэтэнзіі палітыкам

Вельмі стракатым па складзе выглядае “Рэгіянальны маладзёжны савет”, дзе ўзаемадзейнічаюць прадстаўнікі 33 маладзёжных асацыяцый і аб’яднанняў Берліна: канфесійныя, экалагічныя, прафсаюзныя, спартыўныя, палітычныя і іншыя, нават такія рэдкія, як аб’яднанне філатэлістаў. Работа тут праводзіцца вельмі разнастайная, але, па словах Бенедыкта Хольца, спецыяліста па маладзёжным удзеле савета, усіх іх аб’ядноўвае агульная ідэя — вучыцца браць адказнасць за сябе і іншых людзей, умець адстойваць асабістыя інтарэсы, не чакаючы распараджэнняў зверху, самастойна вырашаць, што ім рабіць, як ім жыць, працаваць, як паводзіць сябе ў зносінах з іншымі.

Сярод членаў аб’яднання — 50 тысяч валанцёраў, якія праводзяць семінары, кіруюць групамі ў дзіцячых лагерах, вядуць палітычную работу, арганізоўваюць для сябе і равеснікаў міжнародныя абмены, маладзёжныя міжкультурныя сустрэчы, праводзяць семінары і курсы павышэння кваліфікацыі, займаюцца аховай навакольнага асяроддзя. Найбуйнейшы блок — нефармальная адукацыя, якая цяпер у Германіі вельмі папулярная і пераважна праводзіцца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”.

“Не менш важны пункт — маладзёжная палітыка, — гаворыць Бенедыкт Хольц. — Мы сталі перад выклікам, што колькасць моладзі зніжаецца, яны не маюць такога лобі, як дарослыя. І не так проста дасягнуць таго, каб яны былі пачуты ў грамадстве. Мы выступаем за фінансавае забеспячэнне дзіцячай і маладзёжнай работы, выступаем з прапановамі ў адрас палітыкаў, каб яны мелі роўныя правы на ўдзел у вырашэнні пытанняў, што тычацца сям’і, школ, прафадукацыі, грамадскіх арганізацый і ўсіх месцаў, у якіх яны праводзяць свой вольны час. Па гэтай прычыне мы цесна кантактуем з адміністрацыйным апаратам, са спецыялістамі ў розных галінах і вучонымі”.

Сёння маладыя людзі выбудоўваюць дыялог з палітыкамі, каб вырашыць 6 асноўных сваіх праблем. Па-першае, прызнанне валанцёрскай дзейнасці і прадастаўленне для гэтага вольнага часу (вучоба ў школе і ўніверсітэце да 5—6 гадзін вечара, на валанцёрства застаюцца толькі выхадныя дні і канікулы). Па-другое, узмацненне прадстаўніцтваў маладых людзей, іх пераход ад уяўных да рэальных (напрыклад, моладзь не хоча сядзець гадзінамі за доўгімі сталамі падчас пасяджэнняў — для гэтага павінны існаваць іншыя формы). Па-трэцяе, падтрымка малазабяспечанай моладзі, бо калі іх бацькі не маюць належнай адукацыі, то, як правіла, і іх дзеці выпадаюць з сістэмы добрай адукацыі. Па-чацвёртае, павышэнне фінансавання маладзёжнай работы і арганізацый (разам са скарачэннем колькасці моладзі памяншаецца і фінансаванне маладзёжнай сферы, многія важныя праграмы спыняюцца, абмяжоўваецца доступ да маладзёжных клубаў і цэнтраў). Пятае патрабаванне стала актуальным у апошнія гады — інтэграцыя і работа з бежанцамі, бо многія жыхары лагераў адарваны ад соцыуму, нават класы ў іх асобныя, а зносіны магчымы толькі паміж сабой. Шостае патрабаванне заключаецца ў тым, што, на думку моладзі, палітыкі павінны навучыцца гаварыць з імі на маладзёжнай мове, знаходзіць новыя фарматы палітычнай работы. Маладыя людзі адзначаюць, што хочуць не фармальных зносін, а адкрытых, даверлівых, прадукцыйных, каб маладыя людзі былі з палітыкамі не толькі на плакатах падчас выбарчых кампаній, а прымалі рэальны ўдзел у палітычных працэсах.

Беларускі погляд

Да гутаркі пра ўключанасць моладзі ў сацыяльнае жыццё Берліна далучыўся і выпадковы суразмоўца Павел Баравік, ураджэнец Маларыты (Брэсцкая вобласць), які пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта прыехаў па праграме абмену ў Берлін, дзе ўжо 6 гадоў працуе асістэнтам праграм фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня”. Па словах Паўла, немцы прывыклі да разнастайных праграм, якія дазваляюць развівацца, кантактаваць. У якасці прыкладу ён прывёў дзейнасць свайго фонду: “Мэтавая аўдыторыя большасці нашых праграм — моладзь ад 14 да 21 года розных краін свету, а галоўная праблема, якую мы імкнёмся вырашыць, — выкараненне дыскрымінацыі цыганоў, мусульман, жанчын і інш. Па кожным кірунку ў нас рэалізоўваюцца праекты. Напрыклад, цяпер у Будапешце праходзіць праект па вывучэнні музыкі яўрэеў, якія занаходзіліся ў канцлагерах у гады Другой сусветнай вайны. Нямецкая і венгерская групы сустракаюцца і гавораць не толькі пра музыку, пра антысемітызм, але і на працягу тыдня даведваюцца, якой была дыскрымінацыя, што адбывалася з яўрэямі, вывучаюць яўрэйскую музыку. Потым свае пачуцці, уражанні яны ўвасабляюць ва ўласных музычных выступленнях.

Тэма дыскрымінацыі прысутнічае і ў тэатральных пастаноўках. Напрыклад, у нас ёсць сумесныя праекты з яўрэямі, арабскімі ізраільцянамі і моладдзю Германіі. І яны разам ствараюць тэатральную пастаноўку. Але трэба разумець, што ізраільцяне-яўрэі і ізраільцяне-арабы амаль ворагі, сабраць іх разам для сумеснай працы значыць многае. Мы імкнёмся тлумачыць маладым людзям, што нам няма чаго дзяліцца па нацыянальнасцях, што лепш жыць у згодзе. Спачатку яны жывуць разам у Ізраілі, потым паказваюць свае тэатральныя пастаноўкі ў Германіі.

Ёсць цікавыя танцавальня пастаноўкі, мэта якіх — выкараненне дыскрымінацыі жанчын. У аснове гэтых пастановак — творчы водгук на літаратурныя творы ці на ўласны вопыт.

У нас ёсць маштабны праект, сутнасць якога — навучыць маладых людзей процістаяць нападкам у сацыяльных сетках, бо праблема мобінгу актуальная ў тым ліку і для Германіі, асабліва ў дачыненні да школьнікаў.

Асаблівасць праектаў у тым, што яны не разавыя, а працяглыя. Ды і самі іх удзельнікі рэдка спыняюцца на ўдзеле ў адным з іх. Напрыклад, цяпер у нас рэалізоўваецца праект, у якім задзейнічаны прадстаўнікі Літвы, Нарвегіі і Германіі. Яго ўдзельнікі сустракаюцца з людзьмі, якія былі ў гады Другой сусветнай вайны на прымусовых работах. Ідэя — у правядзенні паралелі з мінулым і сённяшняй сітуацыяй, бо на самай справе рабская праца выкарыстоўваецца і сёння. Канечне, выкараніць гэтую з’яву моладзі не пад сілу, але яна павінна навучыцца процістаяць рабству, умець яго распазнаваць, бо не заўсёды рабства мае прамую форму. Напрыклад, многія дзеці купляюць кожны год мабільны тэлефон, але некаторыя хімічныя элементы для іх стварэння здабываюцца ў Афрыцы, і здабытчыкі гінуць пры гэтым. І маладыя людзі разумеюць гэта, усведамляюць, што лепш купляць тэлефон раз у 5—10 гадоў, калі ён псуецца, а не штогод, бо выйшла новая мадэль.

У нас праводзяцца сустрэчы нямецкай і ўкраінскай моладзі. Яны самі выбіраюць тэмы сустрэч. Напрыклад, тэму бежанцаў: ва Украіне яны ў сваёй краіне, у Германіі — мігранты з розных краін. Яны праводзяць паралелі, абменьваюцца вопытам. Быў праект па школьным абмене паміж Германіяй і Албаніяй.

Адна справа — калі людзі сустракаюцца і гуляюць па горадзе, любуюцца архітэктурнымі славутасцямі, і зусім іншая — калі ідзе сумесная работа над пэўнай тэмай, роздум, дыскусіі. Мяняецца погляд кожнага ўдзельніка. І ролю такіх праграм па абмене цяжка пераацаніць”.

Наведаўшы шматлікія дзяржаўныя ўстановы і грамадскія аб’яднанні, пагутарыўшы з юнымі гараджанамі, я паспрабую зрабіць свае высновы.

Так, кардынальных адрозненняў няма, але ўсё ж адметнасці прасочваюцца. Тлумачацца яны прывычным укладам: рана вылятаючы з-пад бацькоўскага крыла, маладыя немцы вучацца жыць уласным розумам. Тут не прынята наракаць на бацькоў, якія не далі добрай адукацыі, не падказалі, па якім шляху пайсці. У нас больш выразна прасочваецца ўстаноўка, маўляў, дзяржава мне павінна першае працоўнае месца, высокі заробак. Пры гэтым не многія гатовы рэальна шмат працаваць. Так, у Беларусі для моладзі створаны простыя ўмовы для пачатку росту як прафесіянала, аднак расці не заўсёды ёсць магчымасць (а часам і жаданне).

У адрозненне ад беларускай еўрапейская моладзь вызвалена ад стэрэатыпнай схемы арганізацыі жыцця: адвучыўся ў школе — скончыў універсітэт — пайшоў працаваць. У Германіі, як і ў многіх еўрапейскіх краінах, прынята вучыцца ва ўніверсітэтах дастаткова доўга, робячы перапынкі. За час вучобы студэнты ездзяць па свеце як валанцёры, удзельнічаюць у праграмах абмену, павышаюць кампетэнцыі ў абранай сферы ў любой краіне свету, маюць зносіны з аднагодкамі з розных краін.

Калі беларускім студэнтам прапаноўваюцца варыянты ўдзелу ў міжнародных праектах і семінарах, то да гэтага маладыя людзі часта аказваюцца непадрыхтаванымі. Многія баяцца ездзіць на сустрэчы студэнтаў за мяжу, а бацькі асцерагаюцца, што дзеці стануць ахвярамі гандлю людзьмі ці нападкаў. У многім гэта звязана з тым, што людзі не ўсведамляюць, што развівацца можна рознымі спосабамі, у тым ліку і праз падарожжы і зносіны з аднагодкамі з розных краін. Наша моладзь прывыкла да татальнага кантролю, а дарослыя лічаць, што залішняя свабода сапсуе іх дзяцей, таму да канца сваіх дзён стараюцца дапамагаць ім, ахоўваючы іх ад усяго і ўсіх.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.