Моладзь у авангардзе развіцця рэгіёна

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Педагогі Міншчыны прынялі ўдзел у адкрытым абласным форуме сельскай моладзі “Патэнцыял моладзі — да дасягнення мэт рэгіянальнага ўстойлівага развіцця”, дзе абмяркоўваліся стратэгічныя пытанні ўдзелу сельскай моладзі ў стварэнні будучыні рэгіёна і краіны.

Форум сабраў больш за паўтысячы маладых людзей розных прафесій, якія прадстаўлены ў сельскай мясцовасці, — працаўнікоў АПК, прадпрымальнікаў, педагогаў, медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў устаноў культуры і спорту, а таксама маладыя сем’і, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Большасць удзельнікаў — маладыя людзі ва ўзросце да 31 года з Мінскай вобласці. Таксама паўдзельнічаць запрасілі дэлегацыі ўсіх абласцей нашай краіны і студэнтаў БДАТУ. Форум закліканы стварыць умовы для павышэння сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці сельскай моладзі, а таксама ўзмацніць супрацоўніцтва органаў улады, адукацыйных устаноў, камерцыйных і грамадскіх арганізацый па пытаннях сацыяльнага развіцця сяла, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы i сельскага ладу жыцця.

Кожны год у Мінскую вобласць прыбывае больш за 6,5 тысячы маладых спецыялістаў. З іх кожны трэці размяркоўваецца ў сельскую мясцовасць. Аднак далёка не ўсе застаюцца там надоўга. Як зрабіць так, каб моладзь імкнулася ў вёску і заставалася тут жыць? Што неабходна для таго, каб сельскае жыццё было прывабным? З якімі эканамічнымі, сацыяльнымі, псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца моладзь на сяле і як гэтыя праблемы вырашаць — усё гэта стала тэмай для шчырай, маштабнай размовы.

Старт мерапрыемству быў дадзены ў БДАТУ, дзе ўдзельнікаў вітаў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч Ісачанка, а таксама прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў. Прадоўжылася работа форуму ў рамках секцый “Сельская гаспадарка”, “Прадпрымальніцтва”, “Адукацыя”, “Ахова здароўя”, “Культура”, “Моладзь”, “Фізічная культура”.

Сустрэча педагогаў пад назвай “Адукацыя Мінскай вобласці — аснова ўстойлівага развіцця рэгіёна” ў рамках секцыі адбылася ў МАІРА. Спачатку госці прайшліся па ўстанове, якая іх прымала. З рознымі напрамкамі работы інстытута моладзь пазнаёміла першы прарэктар Інга Пятроўна Кандрацьева падчас інтэрактыўнага дыялогу “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі — цэнтр развіцця адукацыйных практык”. Таксама ўдзельнікі форуму агледзелі музейныя экспазіцыі “Адукацыя Міншчыны: старонкі гісторыі” і “Гісторыя вучэбнай кнігі”. Згадаўшы мінулае, размову павялі аб сучаснасці, а менавіта аб педагагічнай прафесіі сёння: майстар-клас “Школа сёння: актуальны фармат” правёў Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі, настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Маладзечна, лаўрэат конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці — 2017”, член Мінскага абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”.

Старшыя выкладчыкі кафедры псіхалогіі і кіравання Ірына Віктараўна Бацяноўская і Ларыса Аркадзьеўна Мартынава запрасілі маладых педагогаў на трэнінг “Партфель прафесіянала: эфектыўны копінг”. Гэта паспрыяла знаёмству і абмеркаванню праблем і пытанняў, якія хвалююць сучаснага педагога.

Другі дзень форуму прайшоў на спартыўна-аздараўленчай базе “Алімпіец” у вёсцы Сёмкава. Цэнтральным мерапрыемствам гэтага дня стала нефармальная сустрэча і адкрыты дыялог моладзі са старшынёй Мінаблвыканкама А.М.Ісачанкам. Пытанняў у моладзі было шмат, што парадавала і арганізатараў форуму, і кіраўніка вобласці, таму што такое непасрэднае ўзаемадзеянне паміж моладдзю і прадстаўнікамі ўлады — увасабленне самой ідэі мерапрыемства. Губернатар падкрэсліў, што сустрэчы ў такім фармаце — магчымасць для самай ініцыятыўнай і актыўнай часткі грамадства данесці да ўлады свае думкі і прапановы, а прадстаўнікі ўлады, у сваю чаргу, гатовы выслухаць маладых і дапамагчы ім увасобіць крэатыўныя і перспектыўныя ідэі.

Завяршыўся форум сельскай моладзі правядзеннем абласнога этапу Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.