Моладзь за бяспечны, справядлівы і гуманны свет

- 15:27Нам пішуць

З 27 па 29 кастрычніка ў Мінску праходзіў форум “Моладзь за бяспечны, справядлівы і гуманны свет”. Мерапрыемства ладзіла грамадскае аб’яднанне “Радасць дзецям”. На форум прыехалі прадстаўнікі розных маладзёжных ініцыятыў і арганізацый, аб’яднаныя агульнай ідэяй стварыць грамадства неабыякавых і адказных людзей без непаразумення і канфліктаў.

Традыцыйна форум пачаўся з квеста, які дапамагае пазнаёміцца ўдзельнікам мерапрыемства і стварыць творчы настрой. Каманды выконвалі гульнявыя заданні на пляцоўках, прысвечаных здароваму ладу жыцця, гісторыі Беларусі, экалогіі, сям’і і адукацыі. За дзве гадзіны актывісты розных узростаў і поглядаў згуртаваліся, адчулі сябе адзіным цэлым і наладзіліся на трохдзённую камандную работу. Склад фарумчан уражвае разнастайнасцю. У мерапрыемстве бралі ўдзел хлопцы і дзяўчыны ад 14 да 31 года. Гэта як школьнікі, так і студэнты з Магілёва, Бабруйска, Быхава, Лунінца, Баранавіч, Акцябрскага і Чачэрска.

У тэматычных варкшопах удзельнікі форуму абмяркоўвалі сацыяльныя і экалагічныя праблемы сучаснасці. Будучы геаэколаг прадстаўнік эколага-краязнаўчага аб’яднання “Неруш” з Баранавіцкага дзяржуніверсітэта Юрый Абрамчук праводзіў варкшоп “Вада і чалавек”. Секцыя была прысвечана праблеме забруджвання і недахопу пітной вады, распаўсюджванню ведаў пра стыль жыцця экафрэндлі. Удзельнікі варкшопа “Прафарыентацыя прастолаў” спрабавалі знайсці справу свайго жыцця праз гульню па матывах папулярнага серыяла “Гульня прастолаў”. Пра талерантнасць і цярпімасць ішла размова ў варкшопе “УКантакце”. Актывісты мадэлявалі сітуацыі праяўлення дыскрымінацыі ў штодзённым жыцці: хлопцы ў метро, убачыўшы дзяўчат у хіджабах, уцякаюць у іншы канец вагона; аднакласнікі здзекуюцца з новага вучня-імігранта; мужчына даводзіць жанчыне, што яе месца толькі на кухні каля пліты. Затым удзельнікі самі ж шукалі выйсце з гэтых сітуацый. Было распрацавана некалькі варыянтаў эмблемы талерантнага грамадства для выкарыстання ў сацыяльнай рэкламе, фарумчане паспрабавалі скласці “Дэкларацыю аб талерантнасці” —своеасаблівую інструкцыю па стварэнні грамадства, цярпімага да людзей з іншымі поглядамі і каштоўнасцямі. На варкшопе “Розныя і роўныя” актывісты размаўлялі пра дыскрымінацыю, яе прычыны і спосабы барацьбы з нецярпімасцю.

Форум “Моладзь за бяспечны, справядлівы і гуманны свет” дае моладзі магчымасць не толькі паўдзельнічаць у дыскусіях і адукацыйных секцыях, але і наладзіць новыя карысныя кантакты. Пазнаёміўшыся на форуме, маладыя людзі застаюцца сябрамі на доўгія гады і з захапленнем чакаюць наступнай сустрэчы. Шмат хто з былых удзельнікаў пасля заканчэння школы і ўніверсітэта ўвайшоў у склад аргкамітэта. Напрыканцы форуму прадстаўнікі кожнага варкшопа падзяліліся вынікамі работы ў групах, далі карысныя парады аднадумцам і абмяняліся кантактамі.