Музычны АртГранд-марафон

- 12:02Культура

З 1 па 4 кастрычніка сталічная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Музычная школа Арцёма Шаплыкі” правяла АртГранд-марафон, прымеркаваны да Міжнароднага дня музыкі. На працягу чатырох дзён адбыліся тры канцэрты і пяць мерапрыемстваў. У час аднаго з іх была прэзентавана новая сістэма музычнай адукацыі.

Пачаўся марафон удзень 1 кастрычніка музычна-жывапісным майстар-класам для дзяцей “Фантазія гуку”, наведвальнікамі якога сталі хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў. На працягу некалькіх гадзін пад гукі фартэпіяна, на якім іграў вядомы піяніст саліст Белдзяржфілармоніі Арцём Шаплыка, юныя мастакі працавалі ў тэхніцы акварэльнага жывапісу, ствараючы мастацкія вобразы і карціны, што ўзніклі пад уздзеяннем унікальнага творчага тандэму выяўленчага і музычнага мастацтва. А ўвечары адбыўся дабрачынны канцэрт педагогаў музычнай школы АртГранд “Класіка для ўсіх” у рамках праекта “Музыка лечыць”. Салісты Белдзяржфілармоніі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Арцём і Марына Шаплыка, Вольга Міцкевіч, Святлана Старадзетка, Аліка Духноўская ў гандлёвым цэнтры “Замак” выканалі вядомыя творы І.Баха, Л.Бетховена, Ф.Шапэна, Х.Радрыга і іншых кампазітараў.

Школа АртГранд — гэта новы падыход у метадалогіі навучання музыцы, дзе гарманічна спалучаюцца ўстойлівыя традыцыі і найноўшыя тэндэнцыі практыка-педагагічных метадаў ХХ—ХХІ стагоддзяў. Асноўнымі прынцыпамі школы з’яўляюцца сістэматызацыя і іерархічнасць ведаў, выкананне правіл і норм пазнавальнага працэсу.

2 кастрычніка ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў гранд-івент “Натхненне”: класіка step by step. На ім таксама прагучалі лепшыя творы класічнай музыкі ў выкананні лаўрэатаў шматлікіх міжнародных конкурсаў, а яшчэ была прэзентавана новая сістэма музычнай адукацыі ў Беларусі разам з воркшопам для педагогаў. Увогуле ў школе распрацаваны дзве сістэмы навучання: класічная і індывідуальная. Першая — гэта сістэмнае паслядоўнае навучанне, якое разлічана на гарантаваны вынік. Другая нацэлена на індывідуальнае музычнае навучанне і суправаджэнне, яна не абмежавана вучэбнымі планамі і тэрмінамі, таму навучэнец займаецца свабодна.

Класічная ж сістэма спалучае ў сабе ключавыя прынцыпы балонскай сістэмы, у межах якой студэнт можа самастойна выбіраць вучэбныя дысцыпліны і адукацыйныя праграмы. У школе Арт-Гранд праводзяцца заняткі па фартэпіяна, гітары, скрыпцы, віяланчэлі, флейце, кларнеце, арфе, аргане, вакале, тэорыі музыкі, гармоніі і музыказнаўстве. Увесь вучэбны курс падзяляецца на 5 ступеней, якія складаюць прыблізна 5 гадоў. Аднак за гэты час вучань атрымае той жа аб’ём ведаў, як за 7 гадоў у дзяржаўнай дзіцячай музычнай школе.

“Любы прадмет мае 5 ступеней, кожная з якіх прыраўноўваецца да года навучання. Пры гэтым адна ступень — гэта 10 месяцаў. Зразумела, што мы ні ў якім разе не ўмешваемся ў дзяржаўную сістэму навучання, таму што яна сфарміраваная і адна з лепшых, бо рыхтуе ўсебакова развітых і эрудзіраваных вучняў, — расказаў кіраўнік школы АртГранд Арцём Шаплыка. — Але ў навучанні музыцы вельмі складана прытрымлівацца вучэбных планаў, бо адзін чалавек можа хутка вывучыць пэўны твор, а другому спатрэбіцца больш часу. І мы гэты момант пастараліся ўлічыць у нашай праграме. Таму кожная ступень у сваю чаргу дзеліцца на 5 модуляў, якія разлічаны на 2 месяцы навучання. Пасля кожнага модуля прадугледжаны кантрольны ўрок, на якім педагог прымае рашэнне — перавесці вучня на наступны модуль ці яшчэ варта штосьці замацаваць. Канечне, пасля заканчэння ўсёй ступені праводзіцца яшчэ 1 урок кантролю ведаў, што дазваляе праверыць, наколькі засвоены матэрыял і ці гатовы вучань да пераходу на наступную ступень, — і гэта гарантыя выніку на 100%. Наша асноўная мэта, як і мэта любой навучальнай установы, — навучыць! Акрамя таго, нашы вучні хочуць ведаць і разумець, што і на якім уроку яны будуць праходзіць. Для гэтага педагогі па інструменце склалі планы для 400 урокаў на ўсе 5 гадоў навучання. Дарэчы, наша прэзентацыя называецца step by step, таму што мы прапаноўваем крок за крокам засвойваць вучэбны матэрыял”.

Вось так у школе АртГранд для навучэнцаў ствараецца персанальная праграма навучання, дзе ўлічваюцца асабістыя патрэбы і ўзроставыя асаблівасці кожнага. Прафесіяналізм і нацэленасць на вынік спалучаюцца з добразычлівай атмасферай і далікатным стаўленнем да вучняў. І гэта адчулі ўсе прысутныя на гранд-івенце, а заадно пераканаліся, што музычная адукацыя можа быць больш простай, цікавай і даступнай, калі прытрымлівацца такой сістэмы навучання.

Школа АртГранд рэгулярна праводзіць канцэртныя выступленні, дзе ўсе жадаючыя могуць паспрабаваць сябе ў ролі артыста і выступіць на сцэне перад публікай. Навучанне ў ёй арыентавана ў першую чаргу на ўсебаковае развіццё асобы праз музыку.

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка — музычная школа АртГранд адчыніла дзверы для ўсіх, хто любіць музыку. У гэты дзень наведвальнікі школы пазнаёміліся з рознымі музычнымі інструментамі, пабывалі на майстар-класах, а таксама мелі магчымасць “прымераць” ролю піяніста, скрыпача або опернага спевака пад строгім кіраўніцтвам настаўнікаў школы АртГранд. Акрамя таго, для юных гасцей і іх бацькоў правялі міні-кансультацыі і зладзілі інтэрактыў з конкурсамі і падарункамі.

А 4 кастрычніка ў Малой зале імя Рыгора Шырмы музычная школа Арцёма Шаплыкі адзначыла свой дзень нараджэння. Вядома, адзначаць такое свята лепш за ўсё сярод сяброў, таму на сцэне Белдзяржфілармоніі сабраліся аматары музыкі: выпускнікі школы 2018—2020 гадоў, а таксама сябры і партнёры з Беларусі і замежжа ўсіх узростаў — ад 3 да 84 гадоў. У канцэрце прагучалі любімыя творы класічнай акадэмічнай музыкі, а таксама сучасныя кампазіцыі і музыка з кінафільмаў у выкананні вучняў класічнага і эстраднага аддзяленняў школы АртГранд — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, праграмістаў, прадпрымальнікаў, таленавітых дзяцей і ўсіх, хто проста любіць музыку. Госці свята чарговы раз пераканаліся, што класічная музыка ў жывым выкананні — гэта выдатны спосаб адпачыць ад віру падзей і працоўных будняў, расслабіцца і здабыць новыя сілы, а таксама паглядзець на звыклыя рэчы па-новаму.

Фота з архіва Арцёма ШАПЛЫКІ.