“Льётся музыка, музыка, музыка, // И вовек не устанет кружить, // Бесконечная, вечная, мудрая, // От которой так хочется жить”. Мы добра памятаем гэты прыпеў у выкананні Вячаслава Дабрыніна, і з гэтымі словамі ў жыцці ніхто не спрачаецца. Як жыве музыка ў сучаснай школе? Як павінна жыць?
Сваімі развагамі пра любімы прадмет і наогул музыку дзеліцца настаўнік-метадыст магілёўскай гімназіі № 1, пераможца VI Міжнароднага конкурсу “Настаўнік музыкі ХХІ стагоддзя” імя Д.Б.Кабалеўскага, аўтар майстар-класаў “Актывізацыя інтэлектуальнай дзейнасці навучэнцаў у працэсе слухання музыкі на ўроку”, “Выкарыстанне лічбавай інтэрактыўнай дошкі на ўроках музыкі і ў пазакласнай музычна-асветніцкай дзейнасці”, “Рытмадэкламацыя як сродак музычнага і творчага развіцця навучэнца”, “Асаблівасці пеўчага развіцця навучэнцаў на ўроку музыкі” і інш. Святлана Аляксандраўна ГРОМАВА:
— Музыка патрэбна ўсім. Яна суправаджае нас на працягу ўсяго жыцця.
Вядома, што музыка садзейнічае развіццю здольнасцей чалавека не менш, чым іншыя прадметы, — дастаткова беглага погляду на гісторыю ад старажытных цывілізацый да сучаснасці, да найноўшых даследаванняў і дасягненняў у гэтай галіне.
Чалавек, які ўсвядоміў і адчуў велізарную карысць музыкі, ніколі не адмовіцца ад яе актыўнай прысутнасці ва ўласным жыцці і ў жыцці сваіх дзяцей. Выхаваць густ і разуменне каштоўнасці музыкі сёння значна лягчэй. Дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам, яна даступная практычна ў любы момант. Але ў сучасным жыцці мы назіраем дзіўны парадокс: бацькі і вытворцы стараюцца для самых маленькіх — рынак перанасычаны не проста бразготкамі, а сапраўднымі музычнымі цацкамі. Іх неабходнасць і ка-рысць для развіцця маленькага дзіцяці ўспрымаецца як аксіёма, а наведванне музычных заняткаў з паказальнымі дэкларацыямі музычнага таленту малых — прадмет павышанай увагі і гордасці для ўсёй сям’і.
Аднак дзіця падрастае, і яго прыход у школу рэзка мяняе прыярытэты, адсоўваючы музыку на далёкі план. Безумоўна, некаторыя школьнікі наведваюць музычныя заняткі ў музычных школах, студыях, гуртках, але для музычнага развіцця большасці з іх застаецца адзіны ўрок музыкі ў тыдзень з 1 па 4 клас. Гэтага яўна недастаткова, каб кожнае дзіця зразумела і адчула вялікую і незаменную карысць музыкі для яго ўласнага жыцця.
Такім чынам, навошта нам патрэбна музыка?
Здароўе
Вядома, што гукі ўплываюць на ўвесь навакольны свет: пераўтвараюць водныя крышталі, паскараюць ці запавольваюць рост раслін, мяняюць паводзіны жывёл. Уздзеянне музыкі на чалавека — складаны працэс, які і псіхалагічна, і фізіялагічна мяняе стан нашага арганізма. Музыкатэрапія як спосаб паляпшэння стану чалавека ўсё больш сцвярджаецца ў статусе не толькі медыцынскай, але і выхаваўчай сістэмы. Сучасны ўрок музыкі — гэта ўніверсальны сродак рэлаксацыі, стварэння ўстойлівага пазітыўнага настрою навучэнцаў, што ў сваю чаргу станоўча ўплывае на іх здароўе і вучэбны працэс у цэлым. Спевы з элементамі дыхальнай гімнастыкі, калектыўнае музіцыраванне на элементарных ударна-шумавых інструментах, пластычныя імправізацыі пад музыку карысныя для здароўя навучэнцаў любога ўзросту. Задача настаўніка музыкі не толькі ў прапанаванні гатовых заданняў-рэцэптаў, але і ў навучанні самастойнай дзейнасці ў гэтым кірунку. Відавочна, што наяўнасць урокаў музыкі ў сярэднім звяне зрабілі б гэты працэс больш эфектыўным і значным з улікам узроставых асаблівасцей навучэнцаў.
Інтэрактыўны вольны час
Камп’ютарная гульня або наведванне канцэрта? Мэтанакіраваная работа па развіцці эстэтычнага густу і пашырэнні кола інтарэсаў прыводзіць да разумення, што адно не выключае другое. Слуханне музыкі і самастойнае музіцыраванне здольны аб’яднаць адпачынак, пазнавальную інфармацыю і камунікацыйныя патрэбы.
Дапамагчы адчуць задавальненне ад сустрэч з рознай, у тым ліку не толькі забаўляльнай, музыкай — адна з важных задач настаўніка музыкі. Відавочна, што наяўнасць урокаў музыкі ў жыцці навучэнцаў не толькі ў 1—4 класах, але і ў сярэдняй школе, зрабіла б працэс захаплення навучэнцамі разнастайнай музыкай больш пераканаўчым і, магчыма, у некаторай ступені паўплывала б на самастойны выбар карыснага правядзення вольнага часу.
Спазнанне жыцця
Музыка — адлюстраванне ўсіх з’яў знешняга і ўнутранага свету, фенаменальны сродак перамяшчэння ў прасторы і часе. Яна дазваляе сягаць у глыбіні акіяна і душы, узнімацца ў касмічныя прасторы і бясконцасць фантазій, пазнаваць сябе ў музычных гуках і чуць гэтыя гукі ва ўсім свеце. Дзякуючы музыцы, мы адчуваем прыгажосць і паўнату жыцця.
Вывучэнне музыкі на ўроках стварае перадумовы для больш паспяховага эмацыянальнага і інтэлектуальнага развіцця, а разуменне сэнсу музычных інтанацый развівае ўменне глыбей і дакладней разумець сябе і іншых людзей. Пры гэтым узровень засваення зместу музычнага матэрыялу знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроставых асаблівасцей навучэнцаў. У адрозненне ад іншых відаў мастацтва музыка больш універсальная, таму мы можам нават у 1 класе слухаць, напрыклад, фрагменты вялікіх сімфоній Бетховена або Чайкоўскага. Але сапраўдная цікавасць да музыкі як сродку пазнання свету, разуменне яе зместу і сувязі з жыццём развіваюцца ў працэсе сістэмнага вывучэння пад кіраўніцтвам настаўніка. І кожны навучальны год здольны дабавіць якасць да гэтага складанага працэсу.
Такім чынам, менавіта музыка з’яўляецца найбольш даступным і ўніверсальным сродкам павышэння якасці жыцця кожнага сучаснага чалавека. І менавіта школьныя гады даюць магчымасць атрымаць гэты сродак у пастаяннае бязвыплатнае карыстанне.
Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.