Мы — грамадзяне!

- 16:42Навіны
Анатоль Рубінаў уручае пашпарт навучэнцу сярэдняй школы №82 Мінска Антону Баранаву

Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь традыцыйна стартавала Усебеларуская патрыятычная акцыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” пад назвай “Мы — грамадзяне Беларусі!”. У яе рамках адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння нацыянальных пашпартоў мінскім школьнікам. У гэты дзень юных гасцей сустракалі Старшыня Савета Рэспублікі А.М.Рубінаў, яго намеснік А.М.Русецкі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ І.І.Бузоўскі, члены пастаянных камісій Савета Рэспублікі.

Нягледзячы на тое, што свята ўрачыстага ўручэння пашпартоў юным грамадзянам нашай краіны ў сценах Савета Рэспублікі стала ўжо своеасаблівым рытуалам, усё ж сёлета ёсць у ім адна істотная асаблівасць. На гэты раз атрымаць з рук сенатараў самы галоўны дакумент прыйшлі навучэнцы мінскіх школ, якім толькі што споўнілася 14 гадоў. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 197, быў зніжаны ўзроставы парог для абавязковага атрымання пашпарту грамадзянамі, і са жніўня мінулага года гэтая планка з 16 гадоў спусцілася да 14-ці.

Анатоль Рубінаў уручае пашпарт навучэнцу сярэдняй школы №82 Мінска Антону Баранаву— Для тых, хто сёння прыйшоў у цудоўную залу Савета Рэспублікі, гэты дзень павінен стаць самым незабыўным у жыцці, — сказаў на пачатку сустрэчы Анатоль Мікалаевіч Рубінаў. — Атрымліваць свой першы, самы важны дакумент у жыцці ў такой урачыстай атмасферы — вялікі гонар, але ж вы яго заслужылі.
Сапраўды, сярод юных гасцей сенатарскага корпуса — выдатнікі вучобы, актыўныя ўдзельнікі конкурсаў і алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і навуковых канферэнцый, юныя хакеісты, футбалісты, танцоры, спевакі. Вось, напрыклад, Антон Баранаў не толькі выдатна вучыцца ў школе і неаднойчы перамагаў у прадметных алімпіядах, ён яшчэ паспяхова скончыў танцавальную школу і радуе гледачоў сваім майстэрствам на многіх сталічных сцэнах.
Здольнасцямі спявачкі пакарыла слухачоў на шматлікіх конкурсах песні і Дарэна Ігнаценка. Дзяўчынка настолькі валодае песенным майстэрствам, што ёй было даверана выступаць з прэзідэнцкім аркестрам на самых адказных канцэртах. А вось Паўлу Лашуку, які захапляецца гісторыяй Радзімы і ваеннай справай, на Вахце памяці быў давераны пост № 1.
— Як цудоўна пачынаецца ваша біяграфія, — адзначыў Анатоль Мікалаевіч. — Ужо сёння вамі ганарацца школа, Радзіма, і ёсць спадзяванне, што некаторыя з вас дарастуць і да сенатарства і будуць стаяць ля руля кіравання нашай краінай. Такая падзея, як сёння, бывае адзін раз у жыцці, і разам з пашпартам вы атрымліваеце статус грамадзяніна. А гэта не толькі новыя правы, але і абавязкі, і ў першую чаргу адказнасць за сябе і свае ўчынкі. Атрымаўшы свой самы галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, маладыя людзі нясуць адказнасць перад усім грамадствам за будучыню новых пакаленняў нашай краіны, — падкрэсліў А.М.Рубінаў.
— Выдатная вучоба, павага да старэйшых, да сваёй сям’і, добразычлівасць у адносінах з тымі людзьмі, хто побач, беражлівае стаўленне да прыроды, да наваколля, здаровы лад жыцця — гэтыя і яшчэ многія рысы, якія складаюць вобраз патрыёта нашай Радзімы, з’яўляюцца складнікамі росквіту Беларусі, — адзначыў на сустрэчы Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Таму я хачу пажадаць вам праяўляць актыўную грамадзянскую пазіцыю, не быць абыякавым да жыцця нашай краіны, несці патрыятычныя пачуцці ў сваім сэрцы.
Лідар саюза моладзі расказаў, што ўрачыстыя мерапрыемствы “Мы — грамадзяне Беларусі!” будуць праходзіць цэлы тыдзень і ахопяць усе рэгіёны. Нацыянальныя пашпарты юным грамадзянам будуць уручаць прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, а таксама ганаровыя грамадзяне нашай краіны, ветэраны вайны і працы.
Неабходна сказаць, што Усебеларуская патрыятычная акцыя БРСМ “Мы — грамадзяне Беларусі!” лічыцца адным з лепшых рэспубліканскіх праектаў, скіраваных на выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці і грамадзянскасці маладога пакалення. Гэтае мерапрыемства ўжо стала добрай традыцыяй і карыстаецца нязменнай папулярнасцю і падтрымкай з боку органаў дзяржаўнай улады. За амаль дзесяць гадоў існавання гэтага праекта ва ўрачыстай атмасферы тысячы юнакоў і дзяўчат атрымалі пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by

Фота Аляксандра ДЗІДЗЕВІЧА, БелТА.