Мінаюць гады, змяняюцца пакаленні, адыходзяць у нябыт сведкі Вялікай Айчыннай вайны. Нам застаецца толькі памяць. Вучні і настаўнікі нашай школы, як і паўсюль на Беларусі, ушаноўваюць памяць ахвяр вайны. Кожны год напярэдадні Дня Перамогі ў школе праходзяць канцэртныя праграмы, тэатралізаваныя выступленні ў гонар святочнай даты.
Ужо некалькі гадоў запар на традыцыйным мітынгу да Дня Перамогі мы не проста чытаем вершы, прысвечаныя памяці загінуўшых у гады вайны, а паказваем невялікае тэатралізаванае прадстаўленне. У мінулым годзе гэта была інсцэніроўка песні “Незабудка” (музыка А.Лепіна, словы Ф.Лаубе).
Сёлета наша выступленне каля помніка стала працягам выступлення клуба ветэранаў працы, якія выканалі песню “Дзень Перамогі”. А ў выкананні вучняў прагучала літаратурна-тэатралізаваная кампазіцыя “Памятай”. Выступленне пачалося ўрыўкам з “Рэквіема” Р.Раждзественскага і вальсам, які быў перарваны гукамі аўтаматнай чаргі і голасам Ю.Левітана. Карціны мірнага жыцця змяніліся пераможным боем з фашыстамі. Школьнікі прачыталі верш “Чакай мяне” К.Сіманава, верш “Сціраюцца твары, сціраюцца даты” У.Матвеева. Прысутныя змаглі на некалькі хвілін трапіць у далёкія ваенныя гады, адчуць горыч перарванага юнацтва, перажыць доўгае чаканне, адчуць радасць Перамогі. Менавіта духоўнае яднанне старэйшага і малодшага пакаленняў дазваляе праз дзесяцігоддзі захоўваць памяць і мір.
Лідзія ЖЫХ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.