Здаровыя, моцныя і жыццярадасныя дзеці — задача кожнай установы дашкольнай адукацыі. Немагчыма ўявіць сабе жыццё дзіцяці ў дзіцячым садзе без вясёлых забаў, шумных свят і спаборніцтваў. Такім вясёлым стаў і дзень здароўя “Мы расцём здаровымі, моцнымі, вясёлымі”, які быў праведзены ў нас.
З дзецьмі былі праведзены гутаркі, гульні, конкурсы па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, беражлівых адносін да свайго здароўя і здароўя навакольных.
Дзеці сярэдніх груп з задавальненнем пагулялі з казачным героем Бурацінам. Вясёлы Бураціна падрыхтаваў дзецям розныя гульні, конкурсы, спаборніцтвы, дзе дзеці паказалі сваю сілу, спрыт, хуткасць, кемлівасць, сяброўства і ўзаемадапамогу. Яны з задавальненнем выконвалі ўсе заданні, прапанаваныя казачным героем. Вясёлыя гульні прынеслі велізарную радасць і пазітыўны эмацыянальны настрой усім выхаванцам. Скончыўся дзень здароўя спартыўным святам для старэйшых дашкольнікаў “Падарожжа ў краіну Здароўя”. Падарожнічаючы па розных станцыях разам з доктарам Айбалітам, дзеці спрытна пераадольвалі перашкоды, паказваючы хуткасць і спрыт, замацавалі веды асноў здаровага ладу жыцця.
Наша свята атрымалася яркім і вясёлым. А шчаслівыя вочы дзяцей — лепшая ўзнагарода ўсім арганізатарам.
Таццяна ТРАЦЦЯК,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 9 Ваўкавыска.