Мы за бяспеку дзяцей на дарозе

- 14:30Нам пішуць

У адзін з суботніх восеньскіх дзён навучэнцы Вендарожскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” сабраліся для ўдзелу ў цікавым мерапрыемстве па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў. 

У школу быў запрошаны старшы інспектар ДПС АДАІ Магілёўскага РАУС Барыс Аляксандравіч Сяднёў. Ён выступіў перад пачаткам спаборніцтваў і адзначыў, што навучэнцы ўсіх класаў павінны вывучаць і ведаць правілы дарожнага руху. Барыс Аляксандравіч падарыў школе ілюстраваныя наборы па правілах дарожнага руху “Знакі гэтыя запомніце, дзеці”, а таксама закладкі для кніг з выявамі знакаў дарожнага руху і памяткі па ПДР. Таксама ён прывёз прызы пераможцам — спецыяльныя флікеры для веласіпедыстаў.

Кіраўнік атрада “Юны інспектар дарожнага руху” Аляксей Міхайлавіч Новікаў падрыхтаваў і правёў два этапы спаборніцтваў першы этап — конкурс “Лепшы знаўца правілаў дарожнага руху”, другі — “Спаборніцтвы па фігурным ваджэнні веласіпеда”.

Усе хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі добрае веданне правіл дарожнага руху. Затым яны накіраваліся на другі этап. Захапляльнымі былі спаборніцтвы па ваджэнні веласіпеда. Траса складалася са шматлікіх элементаў: “васьмёрка”, “змейка”, “аб’езд перашкод”, “масток”, “калідор” і іншых. Перад пачаткам спаборніцтваў быў праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі, журы праверыла механічныя транспартныя сродкі на прадмет тэхнічнага стану.І вось пачалося! “Асцярожна! Трымайся! Хутчэй! “ — падбадзёрваюць удзельнікаў спаборніцтваў дырэктар школы Сяргей Валер’евіч Ізмер і іншыя балельшчыкі.

Сяргей Валер’евіч, дарэчы, заўсёды падкрэслівае, што веласіпед з’яўляецца для жыхароў сельскай мясцовасці незаменным і вельмі запатрабаваным сродкам перамяшчэння і што вельмі важна не толькі ведаць, але і выконваць правілы на дарогах. Таму ў школе сур’ёзная ўвага ўдзяляецца прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Педагогі школы рэгулярна праводзяць рэйд “Флікер”.

Вельмі шкада, што ў сельскіх школах з-за значнай адлегласці ад горада ў дзяцей няма магчымасці займацца ў спартыўна-тэхнічных гуртках, напрыклад, па веласіпедным спорце. Але педагогі школы імкнуцца зацікавіць малых гэтай справай, запаліць у іх іскрынку ўпэўненасці ў сабе. Сярод удзельнікаў спаборніцтваў былі навучэнцы, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным кантролі і з сацыяльна-небяспечных сем’яў. Гэтыя катэгорыі дзяцей маюць асаблівую патрэбу ў арганізаваных формах вольнага часу.

А ў спаборніцтвах заслужаныя ўзнагароды атрымалі лепшыя: 1 месца — вучань 6 класа Вадзім Мерзлякоў, 2 месца — Аляксандра Бардзюгова , 7 клас, трэцяе — Кірыл Герман. Гэтыя школьнікі паказалі добрае веданне правіл дарожнага руху, хутка і якасна выканалі элементы фігурнага кіравання.

І. АСТАПЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.