На адной хвалі з вучнямі і бацькамі

- 12:23Суразмоўца

Настаўніцу пачатковых класаў гімназіі Смаргоні Таццяну Аляксандраўну Якубоўскую мне ўпершыню пашчасціла пабачыць два гады назад на ІV Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праводзіла Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, дзе настаўніца дзялілася вопытам выкарыстання актыўнага навучання малодшых школьнікаў праз “перавернуты ўрок”. Тады захопленасць і энергія Таццяны Аляксандраўны нікога не пакінулі абыякавымі, у тым ліку і мяне, падштурхнулі многіх педагогаў узяць на ўзбраенне гэты метад. Аб перавагах “перавернутага ўрока”, выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сістэме работы з малодшымі школьнікамі і іх бацькамі наш карэспандэнт гутарыць з Т.А.ЯКУБОЎСКАЙ.

— Таццяна Аляксандраўна, ужо 17 гадоў вы працуеце з малодшымі школьнікамі. Чым прыцягвае прафесія? Ці не расчараваліся ў яе выбары?

— Кожную раніцу (а ўстаю я рана, у 6 гадзін) адчуваю сябе шчаслівай, бо ў мяне ёсць такая цудоўная работа, на якую іду з задавальненнем, а вяртаюся з новымі ідэямі, думкамі, жаданнем дапамагчы дзецям і бацькам стаць яшчэ больш паспяховымі і добрымі. Я атрымліваю задавальненне ад дзіцячых дапытлівых вачэй, іх пытанняў, непадробнай цікавасці, іх поспехаў, зносін са сваімі калегамі, ад мудрых парад майго кіраўніцтва.
Усё ў маёй рабоце мне падабаецца. Муж нават жартуе, што, калі б не плацілі зарплату, я ўсё роўна хадзіла б у школу да дзяцей. Штодзённыя зносіны з пачаткоўцамі даю ць новыя сілы і энергію. Калі б я не стала настаўніцай, нават не ўяўляю, чым бы іншым магла займацца. А тое, што я буду менавіта настаўніцай пачатковых класаў, я ведала з самага дзяцінства. Мая мама Валянціна Уладзіміраўна Якубоўская ўсё сваё жыццё прапрацавала настаўніцай пачатковых класаў, таму аб гэтай прафесіі я ведала не па чутках. Я вельмі любіла збіраць суседскіх дзяцей, рассаджвала іх за стол, раздавала сшыткі, выстаўляла адзнакі. У 1995 годзе пасля заканчэння Залескай (Залессе, альбо Паўночныя Афіны, дзе жыў і працаваў М.К.Агінскі) сярэдняй школы я паступіла на факультэт псіхалогіі і педагогікі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родную школу і адпрацавала там 12 гадоў.

— Работа ў сельскай школе навучыла чаму-небудзь?

— Так, гэта была своесаблівая жыццёвая школа прафесійнага станаўлення. Складана было працаваць у інтэграваным класе, на адным уроку сумяшчаць работу адразу па некалькіх праграмах. У вясковай школе было мала людзей і на мне была вялікая нагрузка: я была старшынёй прафкама, кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў. Работа навучыла цаніць тое, што маеш зараз. Напрыклад, калі камп’ютар і інтэрнэт у горадзе ёсць практычна ў кожнага, то ў вёсцы “перавернутае навучанне”, можа быць, і не пайшло, бо не ва ўсіх дзяцей дома ёсць камп’ютар, не гаворачы ўжо аб інтэрнэце.

— На якія прынцыпы вы абапіраецеся ў сваёй педагагічнай дзейнасці?

— Аналізуючы свае падыходы, бачу, што з цягам часу сама мяняюся. Раней традыцыйна на ўроку настаўнік правяраў дамашняе заданне, запаўняючы тэарэтычныя прабелы ў памяці вучняў, разжоўваў каля дошкі новы матэрыял, гледзячы ў сумныя, а часам і спужаныя новымі тэрмінамі вочы дзяцей. Зараз жа з нашымі дзецьмі так працаваць нельга. Яны іншыя, мысляць па-іншаму. Ім патрэбны жывыя вобразы, карцінкі і штосьці абавязкова звязанае з камп’ютарамі. Зараз разумееш, што без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ім будзе проста нецікава. А таму маё педагагічнае крэда: “Калі мы будзем вучыць сёння так, як вучылі ўчора, мы скрадзём у дзяцей заўтра” (Джон Дзьюі).

А ў рабоце для мяне галоўнае — гэта чалавекалюбства, дабрыня, адкрытасць і давер. Важна спачатку стварыць станоўчы эмацыянальны фон у класе, наладзіць даверлівыя сяброўскія адносіны, а потым паступова выхоўваць у дзяцей лепшыя чалавечыя якасці (няважна, якія вучэбныя дасягненні яны маюць): міласэрнасць, дабрыню, чуласць, спагаду, жаданне прыйсці на дапамогу. Абавязкова ў сваёй дзейнасці педагог павінен выбудаваць пэўную сістэму, бо хаатычнае прымяненне нейкіх педагагічных навінак жаданага выніку не прынясе. Важна таксама на вучэбных занятках не страчваць сувязь з жыццём і фарміраваць тыя кампетэнцыі, якія будуць садзейнічаць поспеху ў жыцці дзіцяці.

— Таццяна Аляксандраўна, як не згубіць інтарэс маленькага школьніка да навучання?

— Малодшыя школьнікі — дзівосны народ. Іх пастаянна трэба здзіўляць, здзяйсняць з імі адкрыцці. У рабоце з дзецьмі важна ўсё: знешні выгляд, усмешка, міміка, жэсты, слова, інтанацыя, асабістая жыццёвая пазіцыя. Малышы адчуваюць няшчырасць, несправядлівасць. Настаўніку пачатковых класаў патрэбен цэлы арсенал метадаў і прыёмаў, каб захапіць, зацікавіць і навучыць вучыцца дзяцей. Для малодшага школьнага ўзросту характэрны яркасць і непасрэднасць успрымання, лёгкасць уваходжання ў вобразы. Дзеці свабодна прыцягваюцца ў любую дзейнасць, асабліва ў гульнявую. Адзін з эфектыўных сродкаў развіцця інтарэсу да таго ці іншага прадмета — дыдактычная гульня. У якасці адной з форм актывізацыі навучэнцаў на ўроках выкарыстоўваю групавую работу. Дзеці вучацца працаваць у групах, у камандах з лідарам, вучацца падпарадкоўвацца і кіраваць. Настаўнік пры выкарыстанні метаду групавой работы рэгулюе ўнутрыкалектыўныя адносіны. Безумоўна, выкарыстоўваю і слоўныя, і наглядныя, і практычныя, і праблемныя, і даследчыя, і інтэрактыўныя метады. Для мяне самымі эфектыўнымі тэхналогіямі з’яўляюцца гульнявая, гуманна-асобасная тэхналогія Ш.А.Аманашвілі, здароўезберагальная, інфармацыйна-камунікацыйная.

— А як вы прыйшлі да прымянення “перавернутага навучання”?

— Як я прыйшла да выкарыстання сцэнарыя “перавернутага ўрока” (такая трактоўка мне падабаецца больш, і, па меркаванні Марыны Курвітс, больш правільная, чым метад ці прыём)? Добрае пытанне. Усё пачыналася вельмі банальна. У 2014/2015 навучальным годзе ў гімназіі праходзіў абласны семінар па інфарматызацыі. Дырэктар гімназіі Ірына Анатольеўна Дурэйка на жнівеньскім педсавеце прапанавала мне правесці ўрок па гэтым сцэнарыі. Я спачатку адмаўлялася, мабыць таму, што не ведала сутнасці “перавернутага ўрока”. Але, пачытаўшы артыкулы і публікацыі ў інтэрнэце, скарыстаўшыся матэрыяламі з міжнароднай канферэнцыі, якія мне прадаставіла Ірына Анатольеў-на, зразумела, што “перавернуты ўрок” — гэта той сцэнарый, які я шукала вельмі даўно, што ён ідэальна падыходзіць менавіта маім дзецям. Мае навучэнцы — цудоўныя дзеці, але не ва ўсіх гарэлі вочы, не было лесу рук, а мне вельмі хацелася гэта назіраць. Першыя ўрокі па гэтым сцэнарыі я правяла па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет”. Я падабрала падыходзячыя па тэме відэа на сайце interneturok.ru, выкарыстоўваючы адрасы электроннай пошты дзяцей, разаслала спасылку на відэа і заданні да ўрока. Вынікі пераўзышлі ўсе мае чаканні. Толькі ад зін навучэнец не быў падрыхтаваны, але, убачыўшы, як працуюць іншыя, на наступных занятках ён быў у поўным узбраенні. Урок у межах семінара прайшоў на ўра. І не толькі гэты ўрок, але і ўсе ўрокі з выкарыстаннем гэтага сцэнарыя. Па водзывах бацькоў, дзецям падабаецца вывучаць прадметы па відэароліках, і ў першую чаргу таму, што гэта работа з камп’ютарам. Яны могуць займацца ў зручны для іх час. Акрамя таго, ёсць магчымасць пераглядзець відэаролік для лепшага засваення матэрыялу. Што тычыцца часу, то, напрыклад, правілы па відэа запамінаюцца хутчэй, чым па падручніку.

У чым жа сутнасць “перавернутага ўрока”? “Перавернуты клас” — гэта заняткі наадварот. Тлумачэнне новага матэрыялу адбываецца дома, а вось “дамашняя работа” — у класе. Дома, сеўшы зручна ў крэсла, вучань слухае, як настаўнік тлумачыць новы матэрыял. Скажам, уключае відэа на планшэце на YouTube, якое настаўнік запісаў для сваіх вучняў.

Усе факты і імёны змяшчаюцца ў кампактнае відэа на некалькі хвілін. Чаму так сцісла ў адрозненне ад тлумачэння ў класе? Па-першае, не затрачваецца час на навядзенне дысцыпліны і арганізацыйныя пытанні, па-другое, не трэба нічога доўга пісаць на дошцы (калі штосьці патрэбна паказаць дзецям у напісаным выглядзе — пішацца альбо друкуецца загадзя). Гэта можа быць не толькі відэазапіс тлумачэння настаўніка. Відэарэпартажы “з месца падзей”, урыўкі з тэлеперадач, інтэрв’ю, слайд-шоу, інтэрактыўны матэрыял — выбар настаўніка разнастайны.

— Якія вынікі вы атрымліваеце пры выкарыстанні “перавернутага навучання”?

— У маіх вучняў загарэліся вочы, дзеці сталі больш упэўненымі ў сабе, больш актыўнымі, асвоілі многія сэрвісы і праграмы, бацькі сталі непасрэднымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Дзве мае вучаніцы сталі пераможцамі раённай алімпіяды па рускай мове, мае дзеці заваявалі шматлікія граматы і дыпломы ў анлайн-алімпіядах на платформах Uchi.ru і videouroki.net. Няхай мае выпускнікі пераходзяць ужо ў 6 клас, але мы засталіся сябрамі.

— А якое месца ў вашай сістэме работы займае ўзаемадзеянне з бацькамі?

— Я імкнуся зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі і памочнікамі. І мне з імі вельмі шанцуе ў наладжванні кантакту, у знаходжанні агульнай мовы. Па маіх назіраннях, яны зараз памяняліся: сталі больш занятымі, прасунутымі, але ў той жа час дапытлівымі, патрабавальнымі. Праўда, не памянялася адно — адносіны да сваіх дзяцей. Мне падаецца правільным, што бацькі ўмешваюцца ў адукацыйны працэс, імкнуцца разабрацца ў шматлікіх яго тонкасцях, каб быць са мной на адной хвалі. Мы практыкуем дні адкрытых дзвярэй, калі запрашаем бацькоў на заняткі. Яны бачаць, як праходзяць урокі, якія мае патрабаванні, і, як вынік, у лепшы бок мяняюцца адносіны і да мяне, і да дзіцяці. Разам з бацькамі мы ходзім у паходы, падарожнічаем. І гэта вельмі збліжае.

Я ўдзельніца інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў шляхам выкарыстання інавацыйных падыходаў і сучасных адукацыйных тэхналогій”. І для наладжвання ўзаемадзеяння з сям’ёй яшчэ адной формай работы з’яўляецца блог, які так і называецца “Блог Таццяны Аляксандраўны Якубоўскай і яе першакласных дзяцей”. Блог — гэта дошка аб’яў, чытаючы якія, бацькі заўсёды знаходзяцца ў курсе ўсіх падзей (калі бацькоўскі сход, якая акцыя зараз праходзіць у школе, у якой дыстанцыйнай алімпіядзе можа паўдзельнічаць дзіця і г.д.), гэта летапіс класнага жыцця, гэта магчымасць падарыць цёплыя словы вучням. Акрамя таго, блог — гэта платформа для навучання не толькі навучэнцаў, але і іх бацькоў. Зазірнуўшы на старонку “Бацькі — мае аднадумцы”, можна ўбачыць спасылкі на карысныя артыкулы і тыя, якія востра абмяркоўваюцца. У раздзеле “Клас Dojo” бацькі могуць узаемадзейнічаць са мной. Яны бачаць поспехі ці няўдачы менавіта свайго дзіцяці. Я магу рассылаць паведамленні бацькам усім ці канкрэтна каму-небудзь аднаму. І калі мы вядзём перапіску, то бачым яе толькі ўдваіх.

— Таццяна Аляксандраўна, а як вы прыйшлі да стварэння блога?

— У 2015/2016 навучальным годзе зразумела, што мне патрэбен блог як платформа для “перавернутага навучання”. І гэты блог з’явіўся. Для сваіх чацвёртакласнікаў я размяшчала спасылкі на відэа, заданні да ўрока, распрацоўвала практыкаванні з дапамогай Google-форм, стварыла флэш-карткі, атрымала зваротную сувязь. А мае дзеці стваралі сумесныя прэзентацыі, здымалі буктрэйлеры, удзельнічалі ў анлайн-алімпіядах.

— А што ў найбліжэйшых планах?

— За летні перыяд хочацца асвоіць некалькі новых камп’ютарных праграм і сэрвісаў, якія неабходны для “перавернутага навучання”, таму ўдзельнічаю ў шматлікіх сеткавых праектах. А яшчэ ў планах — атрымаць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, прачытаць шмат цікавых кніг, закончыць дома рамонт, з’ездзіць на мора.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.