На агеньчык у інтэрнат

- 15:06Навіны рэгіёнаў

У Лідскім раёне на базе Дзітвянскай сярэдняй школы былі адкрыты першыя ў раёне ліцэйскія, гімназічныя і прафесійныя класы для дзяцей. Паколькі ў кожнай сельскай школе складана стварыць адпаведныя ўмовы для развіцця навучэнцаў, у 2002 годзе нарадзілася ідэя аб адкрыцці ў Дзітве інтэрната для кругласутачнага пражывання адораных і высокаматываваных навучэнцаў з сельскай мясцовасці. За гэтыя гады інтэрнат стаў другім домам для многіх навучэнцаў.

Пра тое, як жывуць яго выхаванцы, як фарміруецца іх актыўная жыццёвая пазіцыя пры дапамозе вучнёўскага самакіравання, мы папрасілі расказац­ь дырэктара Дзітвянскай сярэдняй школы Генадзя Анатольевіча Владыку, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ганну Мікалаеўну Кепель, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Алесю Іванаўну Назіну і загадчыка прышкольнага інтэрната Галіну Станіславаўну Зубрыцкую.

Г.А.ВЛАДЫКА:

— Для пражывання дзяцей створаны добрыя ўмовы: 12 спальных пакояў (8 трохмесных, 4 чатырохмесныя), чытальная зала, пакой выхавальнікаў, гульнятэка, сталовая, пакоі для работы гурткоў, камп’ютарны клас, бібліятэка, 2 спартзалы, гульнявыя пляцоўкі, актавая зала, стадыён (футбольнае поле, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі), памяшканні для гігіенічных і аздараўленчых працэдур. Чытальная зала абсталявана сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. З 2003 года на базе інтэрната функцыянуе раённы профільны кругласутачны аздараўленчы лагер “Эрудыт” для пераможцаў рознага ўзроўню алімпіяд і конкурсаў. Але, акрамя наладжанага быту выхаванцаў, неабходна стварыць умовы і для ініцыятыўнай дзейнасці навучэнцаў.

Г.М.КЕПЕЛЬ:

— Дзейнасць органаў вучнёўскага самакіравання не павінна быць часовай справай, а павінна пастаянна развівацца і ўдасканальвацца. У сістэму дзіцячага самакіравання неабходна ўключэнне ўсіх выхаванцаў інтэрната. Для гэтага трэба вельмі добра ведаць дзяцей, улічваць іх жаданні і магчымасці, дапамагаць ім і заахвочваць іх ініцыятыву. Кожнае дзіця мае сваё грамадскае даручэнне, аднак у выпадку неабходнасці і пры яго жаданні яно можа быць зменена, бо часта бывае і такое, калі нараджаецца нейкая ідэя і з’яўляецца вучань, які жадае ажыццявіць яе. Менавіта Галіна Станіславаўна Зубрыцкая з першых дзён існавання інтэрната займалася стварэннем сістэмы вучнёўскага самакіравання.

Г.С.ЗУБРЫЦКАЯ:

— Задача выхавальніка інтэрната заключаецца і ў стварэнні камфортнай псіхалагічнай атмасферы, якая дапамагае навучэнцам адаптавацца да непрывычнай абстаноўкі, і ў развіцці выхаваўчай прасторы, якая дапамагае ім праявіць сябе ў актыўнай дзейнасці, паказаць свае лепшыя бакі.

На першым этапе фарміравання вучнёўскага самакіравання ствараюцца ўмовы для матывацыі падлеткаў на самаразуменне сваіх інтарэсаў, патрэб, уменне выбраць справу па душы. З гэтай мэтай ужо пры засяленні ў інтэрнат дзеці сумесна з бацькамі запаўняюць інфармацыйную карту, куды ўносіцца неабходная інфармацыя пра іх. У картцы ёсць графы “Я хачу”, “Я магу”, “Я ўмею”, “Я люблю”. У першыя дні пражывання пры зносінах з дзецьмі імкнуся даведацца, якія даручэнні яны выконвалі ў ранейшай школе, якія хацелі б мець даручэнні ў нашым інтэрнаце, пытаюся пра арганізацыю самакіравання і што дзеці хацелі б прапанаваць.

Мадэль вучнёўскага самакіравання распрацоўваецца і абмяркоўваецца на першым агульным арганізацыйным сходзе. Дадзеная мадэль не з’яўляецца догмай, мы яе карэкціруем, змяняючы ў адпаведнасці з патрабаваннямі жыцця і па прапанове навучэнцаў штогод.

А.І.НАЗІНА:

— Вышэйшы орган самакіравання — савет, які ўзначальвае мэр. Гэта выбарная пасада. Ён выбіраецца наступным чынам: на першым сходзе аб’яўляем, што праз ты­дзень адбудуцца выбары мэра інтэрната. Знаёмім дзяцей, якімі паўнамоцтвамі валодае мэр, якія ў яго правы і абавязкі. Кожнае дзіця можа вылучыць сваю кандыдатуру на гэтую пасаду. Абіраюцца і члены савета інтэрната, дзейнасць якога ажыццяўляецца праз арганізацыю работы офісаў.

Офіс “Выхаванне культуры быту і вольнага часу” штодня правярае санітарны стан пакояў, вырашае пытанні аб прысуджэнні пераходных вымпелаў “Пакой узорнага парадку і высокай санітарнай культуры” і “Блок узорнага парадку”, у верасні арганізоўвае акцыю “Інтэрнат — твой другі дом, ствары ўтульнасць у ім”, конкурс на лепшае ўпрыгожванне спальняў да Новага года. Адказвае за падрыхтоўку традыцыйных свят.

Офіс “Энергадазор” забяспечвае эканомнае выкарыстанне электраэнергіі, вады, арганізоўвае ўдзел у акцыях “Здай батарэйку — дапамажы прыродзе”, “Здай макулатуру — выратуй дрэва”, “Збяры накрыўкі — выратуй жыццё”. Навучэнцы выконваюць даследчыя работы і штогод паспяхова ўдзель­нічаюць у Рэспубліканскім конкурсе “Энергія і асяроддзе пражы­вання”.

Офіс “Ахова правапарадку” забяспеч­вае арганізацыю дзяжурстваў, выкананне правіл бяспечных паводзін, ажыццяўляе кантроль за захаванасцю мэблі і абсталявання.

Офіс “Лідары спорту” арганізуе правя­дзенне ранішняй зарадкі, спартыўных га­дзін, экскурсій, прагулак, спартыўных спаборніцтваў, дзён здароўя, удзел у акцыях “Спыніць СНІД”, “Свет без наркотыкаў”. Таксама ў іх захоўваецца ўвесь спартыўны і гульнявы інвентар. Яны сочаць за яго спраўнасцю і выдаюць дзецям.

Офіс “Валанцёры” аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы дамашніх заданняў, дапамагае пачаткоўцам адаптавацца да ўмоў інтэрната, арганізоўвае акцыі “Ветэран жыве побач”, “Дапамажы птушцы-сябру”. У гэтым навучальным годзе па ініцыятыве савета інтэрната ў офіс увайшлі навучэнцы, якія плануюць стаць педагогамі.

Г.С.ЗУБРЫЦКАЯ:

— Вядучым прынцыпам працы ў інтэрнаце з’яўляецца стварэнне камфортных умоў для пражывання.

Вячэрні агеньчык — адна з упадабаных форм зносін дзяцей. Агеньчыкі бываюць тэматычныя і рэфлексіўныя па выніках дня ці мерапрыемства. Тэматыка іх розная: “Як будуецца мадэль зносін”, “Ні кроплі халоднага, вострага, злога”, “Рука і сэрца”, “Дом нашага шчасця”, “Рабіць дабро”. Мы збіраемся ў круг, у зале выключаем святло. У цэнтры стала ставім свечку ці ялінку альбо проста свяцільню — у залежнасці ад тэмы агеньчыка і пары года.

Каб агеньчык праходзіў нефармальна, выхавальнік сам павінен пачаць размову, задаць алгарытм гутаркі, плаўна пераво­дзячы яе ў рэчышча аналізу дня, а затым — да падвядзення вынікаў і да песні. Для таго каб матываваць дзяцей на актыўную работу, да кожнага вячэрняга агеньчыка падбіраецца сюрпрыз, цесна звязаны з яго тэмай.

Ужо стала традыцыйным выпраўляць выпускнікоў у самастойнае жыццё, завяршаць год пражывання ў інтэрнаце святам “Развітанне з інтэрнатам”. Да гэтага свята з асаблівай стараннасцю і жаданнем рыхтуюцца ўсе. Пра кожнага выпускніка мы складаем верш, які характарызуе яго як жыхара інтэрната і змяшчае пажаданне, над чым яму працаваць у будучыні. На гэтае свята запрашаем выпускнікоў мінулага года, каб яны падзяліліся вопытам жыцця па-за сценамі роднага інтэрната.

Г.А.ВЛАДЫКА:

— Мы сочым за лёсамі нашых выпускнікоў. З 2004 па 2018 год са сцен інтэрната выйшлі 145 выхаванцаў, 35 з іх яшчэ вучацца ў вышэйшых навучальных установах, 110 ужо працуюць, 86 з іх займаюць кіруючыя пасады, большасць мае сем’і. Сустрэўшыся на дзесяцігоддзі інтэрната, былыя навучэнцы дзякавалі за школу жыцця, за раскрыццё здольнасцей і талентаў, за дапамогу ў станаўленні асобы.

Адзін з выпускнікоў мінулых гадоў Андрэй Гербедзь з’яўляўся пераможцам раённага і абласнога этапаў конкурсу “Лідар-старшакласнік”. Таксама ён быў членам дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на Міжнародным дзіцячым саміце “Міжнацыянальны дыялог” у 2014 годзе. Юля Манцэвіч з’яўляецца намеснікам старшыні мала­дзёжнага парламента Лідскага раёна. Інга Станіславовіч абрана членам мала­дзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

Г.С.ЗУБРЫЦКАЯ:

— Хачу адзначыць важнасць супрацоўніцтва і даверлівых адносін з дзецьмі. Прапановы і ініцыятывы бываюць і такімі, што іх рэалізацыя немагчыма. У гэтым выпадку нельга адразу катэгарычна казаць “не”. Аднойчы ў выхаванцаў узнікла ідэя адмяніць ранішнюю зарадку. Разам мы абмеркавалі плюсы і мінусы адмены зарадкі і прыйшлі да высновы, што плюс у гэтым толькі адзін — можна даўжэй паспаць, а мінусаў шмат. Зарадка праводзіцца якасна пад музычнае суправаджэнне і ў спартыўнай зале — гэта была прапанова дзяцей.

Ёсць ідэя стварыць на базе інтэрната клуб “Разумнікі і разумніцы”, усталявац­ь сяброўскія сувязі з вайсковай часцю і суседнімі сельскімі школамі.

А.І.НАЗІНА:

— У працэсе развіцця вучнёўскага сама­кіравання праявіліся тэндэнцыі: чым больш актыўна школьнік удзельнічае ў самакіраванні, тым больш высокім аказваецца ўзровень яго самастойнасці і адказнасці. Нас вельмі радуе, што работа выхаванцаў у органах вучнёўскага самакіравання дапамагае ім дасягнуць поспехаў у дарослым жыцці.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.