На фінішнай прамой

- 10:11Навіны рэгіёнаў

У мікрараёне Хутар школу чакаюць усе. За ходам яе будаўніцтва назіраюць і жыхары, і высокія госці. Не так даўно важны сацыяльны аб’ект наведала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.

Будаўніцтва ў 96-м мікрараёне Гомеля падыходзіць да завяршэння. Работы на пляцоўцы не спыняюцца нават ноччу і ў выхадныя. Задача — каб 1 верасня для соцень хлопчыкаў і дзяўчынак тут празвінеў званок. Наталля Качанава высока ацаніла рэалізацыю сацыяльнага праекта, тэмпы яго будаўніцтва і ўнікальнасць. Дарэчы, другой такой школы ў Беларусі няма. На тэрыторыі аб’екта — два басейны, над якімі знаходзяцца спартыўныя залы, музычныя і для заняткаў харэаграфіяй, ёсць вялікі стадыён з пляцоўкамі для варкаўта, баскетбола, валейбола, а таксама дзіцячыя пляцоўкі. 

Начальнік галоўнага ўпраў­лення адукацыі Руслан Смірноў штодзень на гэтым важным сацыяльным аб’екце. Да таго ж каля ста супрацоўнікаў устаноў адукацыі Навабеліцкага раёна працуюць на самых розных дапаможных работах. На заключным этапе да іх далучаюцца педагогі з іншых раёнаў Гомеля і тэхнічны персанал школ. Займаюцца галоўным чынам мыццём вокнаў, ачышчэннем падлог і ўборкай смецця. Мужчыны за­дзейнічаны на пераносцы і зборцы мэблі. 

Увогуле на аб’екце задзейнічана каля сямісот чалавек. Свой уклад робіць моладзь. З пачатку лета тут працавалі больш 30 байцоў трох будаўнічых атрадаў. У тым ліку сэрвісны студэнцкі атрад “Імпульс” прыступіў да ўпрыгожвання інтэр’ера. 11 студэнтаў — будучыя архі­тэктары і дызайнеры — працуюць на абласной мала­дзёжнай будоўлі. 

Маладыя лю­дзі атрымліваюць вопыт непасрэдна па профілі сваёй будучай прафесіі, вучацца чы­таць чарцяжы. Пры гэтым ма­юць магчымасць падзарабіць. Маладыя людзі дадаюць іскрынку ў інтэр’ер блока для пачатковай школы — размалёўваюць сцены. З іх лёгкага пэндзля ствараецца ўтульная атмасфера ў школьных калідорах — рознакаляровая геаметрыя, гіганцкія алоўкі.

Асноўная частка атрада — навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага мастацкага кале­джа і Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале­джа народных мастацкіх промыслаў. Камандзір атрада — другакурсніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ангеліна Калацэй гаворыць, што вялікай кампаніяй працаваць доб­ра: 

— Мы паглыбіліся ў працоўны працэс — усё па нашай спецыяльнасці. Распісваем сцены па эскізах, вывучаем праекты. Увасабляем у жыццё задумы дызайнераў. Праца творчая, усім цікава.

Трэцякурсніца Гомельскага дзяржаўнага мастацкага кале­джа Настасся Парфёнава з задавальненнем займаецца з палітрай яркіх фарбаў. Дзяўчына ўжо другі год працуе ў студэнцкім атрадзе. Па меркаванні будучага дызайнера, усё атрымліваецца свежа і ярка:

— Мы ж для маленькіх дзяцей робім — ім павінна спадабацца.

Працоўны дзень пачынаецца ў восем раніцы і доўжыцца да сямнаццаці гадзін з перапынкам на абед. За якасцю работ со­чаць спецыялісты — прадстаўнікі філіяла СУ-47 ААТ “Будаўнічы ­трэст №14”. Цяпер студэнцкі атрад адначасова працуе на двух паверхах. На чарзе — трэці. Таксама прадугледжана размалёўка сцен у сталовай і часткова ў блоку для старшых класаў. 

На аб’екце завершаны мантаж жалезабетонных канструкцый, завяршаюцца апрацоўчыя работы, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыя школьнага двара, зоны для заняткаў спортам і адпачынку. Ужо прыступілі да мантажу абсталявання і ўстаноўкі мэблі. Ніякіх збояў з пастаўкамі матэрыялаў няма. 

— Больш чым на тры чвэрці сфарміраваны штат педагогаў для работы ў новай школе, — адзначае начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Святлана Кухарава. — Што да колькасці дзяцей, то вельмі шмат заяў ад бацькоў. І не толькі з гэтага, 96-га мікрараёна. Праектная магут­насць установы адукацыі разлічана на 845 вучняў, а на сёння ў нас амаль 1300 заяў. Таму школа бу­дзе працаваць у дзве змены.

Плануецца, што ўжо 1 верасня школа прыме першых вучняў. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.