На лыжні — прафтэхі

- 12:02Навіны рэгіёнаў

Зімовыя старты на Міншчыне працягваюць збіраць моладзь на спартыўных дыстанцыях, стадыёнах і пляцоўках. Галоўным мерапрыемствам апошніх дзён стала абласное спартыўна-масавае свята па лыжных гонках “Разам з камандай!”, што прайшло ў Лагойскім раёне.

Удзельнікамі свята сталі прадстаўнікі ўсіх устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Навучэнцы каледжаў і ліцэяў сабраліся разам у Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву, каб падтрымаць спартыўным святам нацыянальную зборную на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне. Падтрымка спартсменаў, што ўдзельнічаюць у спаборніцтвах рознага кшталту, — адна з галоўных мэт абласной акцыі “Разам з камандай”. 

На старт выйшлі 12 зборных каманд устаноў прафесійна-тэхнічнай і 19 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Спаборніцтвы праводзіліся ў асабіста-камандным заліку сярод юнакоў і дзяўчат па дысцыпліне “Лыжныя гонкі”.

На першую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся Ілья Рылко, навучэнец Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя, і Аляксандр Алай, прадстаўнік Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Сярод лідараў у жаночым старце таксама была барысаўчанка: навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Хрысціна Мартыноўская раздзяліла 1-е месца з Палінай Кіончык, якая прадстаўляла Салігорскі дзяржаўны каледж.

Свята падарыла цудоўны зімовы настрой і чарговы раз падэманстравала, што для адпачынку і атрымання станоўчых эмоцый няма нічога лепшага за спорт.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.