На п’едэстале — бактэрыі!

- 12:23Метадычная скарбонка

Ірына Леанідаўна Сярко, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 191 Мінска — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года—2017”. У конкурсе яна выступала як педагог Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна. Аб сустрэчы з Ірынай Леанідаўнай я дамовілася два месяцы назад. Прычына традыцыйная — падрыхтоўка матэрыялу ў рубрыку “Рэпартаж з урока”. Прыемна здзівілі разуменне, адказнасць і самаарганізацыя педагога: яна адразу назвала дату, час і тэму ўрока, які планавала правесці ў 6 класе. За некалькі дзён да прызначанай даты гераіня рэпартажу патэлефанавала, каб канчаткова ўдакладніць усе магчымыя пытанні.

Вучні Ірыны Леанідаўны перад урокам з цікавасцю заглядвалі ў кабінет біялогіі, разважалі, хто ж завітаў да яе. Справа ў тым, што настаўніца загадзя не папярэдзіла дзяцей аб тым, што на ўроку будзе прысутнічаць журналіст. “Для таго каб дзеці не хваляваліся і паводзілі сябе спакойна”, — патлумачыла педагог. 

Да пачатку заняткаў Ірына Леа­нідаўна размеркавала вучняў па трох групах. Пры гэтым кожнаму шасцікласніку належала выкон­ваць пэўную ролю, якую вучань сам для сябе выбраў, — дакладчыка, аналітыка, крытыка, секунданта, стымулятара, сакратара, генератара ідэй — і дзейнічаць у адпаведнасці з акрэсленымі абавязкамі. Адпаведна, парты ў кожным радзе былі расстаўлены ў форме круглага стала. Эпіграфам да ўрока стала выказванне Арыстоцеля “Розум заключаецца не толькі ў ведах, але і ва ўменні прымяняць гэтыя веды на справе”.

“Сёння вы будзеце атрымлі­ваць не проста сухія веды, якія трэба механічна запомніць. Вам неабходна ўважліва слухаць мяне і сваіх аднакласнікаў. Некаторыя пытанні, якія мы будзем абмяркоўваць, звязаны непасрэдна з вашым штодзённым жыццём і з вашай будучыняй. На мінулым уроку мы вывучалі разнастайнасць жывых арганізмаў на нашай планеце, засвоілі іх характарыстыкі”, — нагадала настаўніца і прапанавала вучням успомніць гэтую інфармацыю, што шасцікласнікі з радасцю зрабілі, пералічыўшы царствы жывых арганізмаў: бактэрыі, пратысты, расліны, грыбы і жывёлы.

Для таго каб абагульніць атрыманыя раней веды, Ірына Леанідаўна прапанавала вучням гульню “Памяняемся месцамі”. Яна па­прасіла іх выйсці да дошкі, стаць у круг і раздала дзецям карцінкі з выявамі жывых арганізмаў. Сэнс гульні ў наступным: настаўніца агучыла характарыстыкі жывых арганізмаў, а шасцікласнікі, пачуўшы характарыстыку, якая адпавядае пэўнаму арганізму, адлюстраванаму на карцінцы, рабілі крок наперад і мяняліся месцамі з тымі з вучняў, якія выходзілі з круга.

“Памяняйцеся месцамі тыя, хто…” — “…вельмі старажытны, вельмі проста ўстроены і маленькі”, — прапанавала Ірына Леанідаўна. — А цяпер “…у каго ёсць сцябло, корань і лісце”, “… у каго ёсць органы перамяшчэння”, “…у каго цела складаецца з гіф”, “…хто лі­чыць сябе прыгожым”, “… у каго ёсць капялюшык і ножка”, “…хто дае кісларод планеце Зямля”, “…хто вельмі проста ўстроены, але не бактэрыя”. У выніку дзеці аб’ядналіся ў пяць груп — пяць царстваў жывых арганізмаў. Настаўніца праверыла, ці правільным быў іх выбар, і прапанавала запі­саць тэму ўрока — “Бактэрыі”.

Якія ж пытанні (праблемы) належала разабраць на ўроку? У першую чаргу трэба было вывучыць агульную характарыстыку бактэрый і адказаць на пытанні, дзе жывуць бактэрыі,  якія яны, як устроены, як функцыянуе іх клетка, як размнажаюцца. У канцы ўрока вучні павінны былі назваць істотныя прыкметы працэсаў жыццядзейнасці бактэрый.

“Усё, што я буду расказ­ваць вам, на чым акцэнтаваць увагу, — гэта асаблівая, характэрная толькі для бактэрый прыкмета, іх унікальная, неверагодная і дзіўная суперздольнасць да жыцця на планеце, — працягвала, нібы казачную гісторыю, Ірына Сярко. — Бактэрыі — найстаражытнейшыя з вядомых арганізмаў, іх узрост каля 3,5 млрд гадоў (планеце Зямля — 4,5 млрд гадоў). Мікраарганізмы або мікробы настолькі малыя, што няўзброеным вокам іх убачыць немагчыма, а толькі пры дапамозе электроннага мікраскопа або выкарыстоўваючы лінзы з высокім распазнаваннем. Упершыню гэты мікрасвет убачыў у мікраскоп Антоні ван Левенгук (гэта адбылося ў ХVII стагоддзі) і назваў іх “анімалькулі”. Ён вырашыў, што гэта маленькія звяркі. Сярэдні памер адной бактэрыяльнай клеткі складае 0,25—10 мкм (гэта дзесяць у мінус шостай ступені, або адна мільённая метра). Толькі вірусы бываюць яшчэ меншых памераў, чым бактэрыяльныя клеткі.

У бактэрый бяз­межныя здольнасці да рассялення на планеце. Няма такога месца на Зямлі, дзе б не было бактэрый — яны ёсць нават у лаве, што вывяргаецца, у гарачых гейзерах. Практычна ўсе арганічныя рэчывы мо­гуць быць раскладзены бактэрыямі! Яны самыя ўсёедныя. Бактэрыі могуць жыць у арганізмах усіх жывых істот і, зразумела, чалавека. Ёсць сярод іх мірныя сужыцелі, а ёсць хваробатворныя (патагенныя) бактэрыі. Нармальныя сужыцелі знаходзяцца ў стрававальным тракце (тоўстым кішэчніку) — гэта сімбіятычныя бактэрыі (біфідабактэрыі, лактабактэрыі і інш.)”.

“Дзе вы чулі пра біфідабактэрыі? — запыталася настаўніца, і дзеці адразу ўспомнілі пра рэкламу ёгурту. — У тоўстым кішэчніку карысныя бактэрыі сінтэзуюць вітаміны групы В, дапамагаюць ператраўліваць ежу ў страўніку, спрыяюць перыстальтыцы кішэчніка і ператвараюць смачную шакаладку, якую вы з’елі, у фекаліі. У тонкім кішэчніку бактэрый мала, бо іх падаўляе саляная кіслата страўніка. А вось у ротавай поласці дарослага чалавека каля 40 000 бактэрый. Іх агульная вага ў арганізме чалавека складае два кілаграмы. Чалавек выдзяляе са спаражненнямі звыш 17 трыльёнаў бактэрыяльных клетак у суткі, а па вазе яны складаюць трэцюю частку сухіх спаражненняў”.

Ірына Леанідаўна прыгадала адну распаўсюджаную сітуацыю. Калі ў маленькіх дзяцей на падлогу падае пустышка, некаторыя бацькі паднімаюць яе, аблізваюць і зноў даюць малышу. Ці правільна яны робяць? Вучні прыйшлі да высновы, што так нельга рабіць, бо дарослы можа перадаць свае бактэрыі дзіцяці. Пустышку трэба абліць кіпенем і толькі потым карыстацца ёй. Большасць бактэрый гіне пры тэмпературы + 65—100°С.   

Бактэрыяльныя клеткі не лю­бяць і мінусавых тэмператур. Там, дзе ёсць снег і лёд, практычна няма бактэрый гніення. А вось пакой у кватэры, які не праветрываецца, змяшчае 280 тысяч бактэрый на 1 кубічны сантыметр паветра. Рэкардсменам па колькасці бактэрый з’яўляецца паверхня зямлі ў лесе, дзе іх налічваецца каля 600 тысяч на кубічны сантыметр. Калі ўзяць, напрыклад, кветкавы вазон, то там бактэрый больш, чым лю­дзей у Еўропе. У адным граме глебы больш за мільён бактэрый! Некаторыя бактэрыі гінуць пры высокай канцэнтрацыі кіслароду, іншыя, наадварот, пры яго адсутнасці. Кіслародныя кактэйлі ў санаторыях і прафілакторыях людзі ўжываюць з мэтай антыбактэрыяльнай прафілактыкі. 

“Найважнейшую ролю пры гніенні загінуўшых жывёл і раслін адыгрываюць бактэрыі гніення. У вельмі сухой глебе, напрыклад, у пяску пустынь, добра захоўваюцца трупы жывёл — яны муміфікуюцца. Дайце тлумачэнне гэтай з’яве”, — звярнулася да вучняў настаўніца. Сумесна прыйшлі да высновы, што сухі гарачы пясок пустынь бязводны. Такое асяроддзе мала падыходзіць для развіцця бактэрый гніення, таму трупы жывёл высыхаюць (муміфікуюцца), але ж не разбураюцца. 

“Як вы думаеце, чаму прадметы, што патанулі ў балоце, амаль не падвяргаюцца гніенню?” — разважае Ірына Леанідаўна. Дзеці хутка здагадаліся, што прычына — у адсутнасці кіслароду. У той жа час балотны мох змяшчае вільгаць і валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі.

Далей настаўніца арганізавала работу ў групах па вывучэнні форм бактэрый, іх унутранай будовы і па працэсе размнажэння бактэрый. Аб выніках работы расказаў вучань, што выконваў ролю дакладчыка. Для адказу на пытанне “Якія бываюць бактэрыі?” (агульная характарыстыка бактэрый) навучэнцам прапанавалася прааналіза­ваць тэкст вучэбнага дапаможніка і дадатковы матэрыял “Разнастайнасць форм бактэрый”, а таксама зрабіць апорную схему.

Першая група высветліла, што па сваёй форме бактэрыі дзеляцца на некалькі груп: кокі (маюць акруглую форму); бацылы (маюць палачкападобную форму); спірылы (маюць форму спіралі); вібрыёны (маюць форму коскі). Навучэнцы іншых груп уважліва слухалі аднакласнікаў і замалёўвалі схему ў сшытку. Затым па інструкцыі настаўніцы вучні ўсяго класа выканалі практыкаванні, назвалі формы бактэрый і намалявалі іх у паветры з дапамогай рухаў рук і ног. Атрымалася забаўная фізкультхвілінка.

Для таго каб адказаць на пытанне “Як пабудавана і функцыянуе клетка бактэрыі?”, другая група вучняў прааналізавала тэкст падручніка і малюнак “Будова клеткі бактэрыі”. У ходзе абмеркавання яны замалявалі бактэрыяльную клетку на паперы А3 і падпісалі яе часткі. Пры дэманстрацыі малюнка навучэнцы назвалі часткі клеткі і іх функцыю, патлумачылі, якія працэсы жыццядзейнасці якая частка выконвае.

Былі вылучаны асаблівасці ў будове бактэрый: адсутнасць сфарміраванага ядра; адсутнасць вялікіх вакуоляў з клеткавым сокам; наяўнасць арганоідаў руху (жгуцікаў ці раснічак); наяўнасць слізістай капсулы вакол клетачнай абалонкі.

“Функцыя слізістай капсулы — увільгатненне. Клеткавая сценка адказвае за форму бактэрыі і абараняе яе, — расказаў дакладчык. — Праз цытаплазматычную мембрану бактэрыя харчуецца, дыхае, вы­дзяляе прадукты жыццядзейнасці. У цытаплазме знаходзяцца ўсе арганоіды. Кальцавая малекула ДНК захоўвае спадчынную інфармацыю. Жгуцік забяспечвае рухомасць”. Такім чынам, можна падсумаваць, назваўшы тры асаблівасці, якія вучні да гэтага не ведалі пра бактэрыю: яна мае жгуцік, слізістую капсулу, а ў цытаплазме знаходзіцца кальцавая малекула ДНК (у бактэрый няма аформленага ядра).

Падчас даклада другой групы астатнія навучэнцы падпісвалі часткі бактэрыяльнай клеткі на сваіх малюнках. Трэцяя група вучняў рабіла самае складанае заданне, вывучала спосабы размнажэння бактэрый. Пры гэтым вучні чыталі, аналізавалі дадатковы матэрыял і рашалі задачу: “Колькі клетак пры спрыяльных умовах атрымаецца з адной клеткі праз гадзіну, праз дзве, тры гадзіны?”. З дадатковага матэрыялу вучні зрабілі выснову, што клеткі бактэрый пры спрыяльных умовах размнажаюцца простым дзяленнем на дзве праз кожныя 20 хвілін. У іх самая высокая сярод жывых арганізмаў хут­касць размнажэння. Праз тры га­дзіны з адной бактэрыі ўтворыцца 512 клетак. 

“Адна бактэрыяльная клетка праз 10 дзён можа даць патомства, роўнае па аб’ёме зямному шару. Аднак гэтага не адбываецца. Чаму? З-за неспрыяльных умоў, у якія трапляюць бактэрыі, — гаворыць настаўніца і пытаецца ў вучняў: — Як бактэрыі выжываюць у неспрыяльных умовах асяроддзя?” Вучні знаходзяць звесткі аб тым, што дзякуючы здольнасці ператварацца ў споры, бактэрыі доўга захоўваюцца, перажываюць неспрыяльныя ўмовы і распаўсюджваюцца. Споры патрэбны толькі для перанясення неспрыяльных умоў і для рассялення. Яны ўтвараюцца пры недахопе ежы, вільгаці, рэзкіх зменах тэмпературы і лёгка разносяцца ветрам, вадой і г.д. А ў спрыяльных умовах спора становіцца жыццядзейнай бактэрыяй. Споры вельмі стойкія, вытрымліваюць награванне, кіпячэнне, высушванне і нізкія тэмпературы. І гэта іх суперздольнасці, бо галоўны яе клопат — выратаваць сваю ДНК і дачакацца спрыяльных умоў для жыцця. У чаканні можа прайсці год, два, тры, 25, 100, 1000 гадоў і г.д”.

“Чаму часам узрываюцца шкляныя слоікі з кансерваванымі агуркамі, згатаванымі ў дамашніх умовах, нягледзячы на тое, што гаспадыня стэрылізавала і слоікі, і накрыўкі? — разважае Ірына Леанідаўна. — Магчыма, яна не вытрымала роўна паўгадзіны кіпячэння, таму бактэрыя стала спорай, не загінула, трапіла ў салёны агурочак, пачала яго есці і выдзяляць вуглякіслы газ, таму слоік і ўзарваўся. Ці бачылі вы ў магазінах уздутыя шклянкі ёгурту і бляшанкі кансерваў? Такое бывае з-за няправільнай транспарціроўкі прадуктаў, падчас якой не захоўваліся тэмпературныя паказчыкі, або з-за няправільнай кулінарнай апрацоўкі прадуктаў. Такія прадукты нельга ўжываць, іх адразу трэба выкі­дваць”.

Ірына Леанідаўна намалявала на дошцы п’едэстал. Якія ж суперунікальныя ўласцівасці маюць бактэрыі, у чым яны рэкардсмены? Вучні прапанавалі даць медаль бактэрыям за: а) старажытнасць (з’явіліся 3,5 млрд гадоў назад); б) самыя дробныя памеры; в) шматлікасць (у 1 граме верхняга пласта глебы змяшчаюцца мільёны бактэрый), г) жыццяздольнасць (жывуць там, дзе іншыя не могуць (споры); д) усёеднасць; е) пладавітасць (кожныя 20 хвілін дзеляцца на 2).

“Мы з вамі правялі рэфлексію, назвалі 6 характэрных прыкмет бактэрый. Зробім запіс у сшытках: “Бактэрыі — гэта самыя старажытныя, проста ўстроеныя аднаклетачныя арганізмы, у клетках якіх няма аформленага ядра. З’явіліся яны 3,5 млрд гадоў назад”; “Споры — гэта ДНК у бактэрый са шчыльнай абалонкай. Яны слу­жаць для перанясення неспрыяльных умоў і рассялення”. На партах знаходзіліся тэставыя заданні для самакантролю. Дзеці загарнулі падручнікі і пачалі працаваць у парах, абагульняючы атрыманыя на ўроку веды. Настаўніца выставіла адзнакі найбольш старанным навучэнцам кожнай групы. Затым педагог агучыла дамашняе заданне, у тым ліку з зорачкай: знайсці, ад якіх бактэрыяльных хвароб у Беларусі робяць абавязковыя прышчэпкі.


“На мінулым уроку мы з вучнямі разглядалі ўсю разнастайнасць жывых арганізмаў на нашай планеце, іх агульную характарыстыку. Царства бактэрый яны выву­чаюць першым у курсе біялогіі, — адзначыла Ірына Леанідаўна. — У пачатку ўрока я прапанавала вучням гульню “Памяняемся месцамі” для таго, каб абагульніць і сістэматызаваць іх веды. Некаторым вучням было складана знайсці пару і аб’яднацца ў групы (царствы), бо я называла прыкметы, агульныя для царстваў, якія маюць клетачную будову.  Напрыклад, аднаклетачнымі з’яўляюцца і некаторыя пратысты, і бактэрыяльныя клеткі. Акрамя таго, я крыху схітрыла, вучні атрымалі картку з выявай віруса, а гэта пазаклетачная форма існавання жыцця, да царства жывых клетачных форм арганізмаў яна не належыць. Школьнікі вывучаюць вірусы ў 11 класе.

На працягу ўрока вучні ў асноўным працавалі ў групах. Але гэта былі не проста групы, а каманды, дзе кожны выконваў сваю ролю і работа кожнага была навідавоку. Свой уклад у адказ дакладчыка зрабіў кожны ўдзельнік групы. Калі дакладчык адказваў дрэнна, значыць, уся група не працавала як належыць. Кожны з дзяцей хоча быць лідарам, каб на яго звярнулі ўвагу. Асноўная ідэя работы ў камандзе — развіццё камунікатыўных навыкаў, умення дамаўляцца, вылучаць лідара”.


У 7 класе Ірына Сярко паступіла ў Беларускую малую лясную завочную акадэмію на факультэт лесааховы Рэспубліканскага цэнтра дзяцей і юнацтва, які паспяхова скончыла. Паступіць туды параіла Вера Андросаўна Чамаданава — настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы, у якой Ірына Сярко вучылася. Пад кіраўніцтвам педагога дзяўчына займалася даследчай дзейнасцю. Наступная прыступка, якую яна паспяхова пераадолела, — заканчэнне біялагічнага факультэта БДУ. Малады спецыяліст Ірына Сярко вярнулася ў родную школу, дзе працавала на працягу 10 гадоў (да нядаўняга часу). Рыхтавала вучняў да алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню, на якіх яны паспяхова выступалі. Напрыклад, дыплом І ступені на Міжнародным конкурсе навуковых работ школьнікаў, студэнтаў і педагогаў “Прызма-2017” атрымала яе навучэнка Марыя Навіцкая з работай “Меры па ахове папуляцый земнаводных”. Разам з вучнямі і калегамі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы пры падтрымцы навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Леанідаўна арганізоўвала акцыі, або, як яна іх называла, квакцыі, па выратаванні земнаводных.

“Жыццё не падзяляецца на навукі, таму не трэба канцэнтра­ваць увагу толькі на адным прадмеце, адукаванаму чалавеку трэба ве­даць многае з розных сфер і ўспры­маць любую інфармацыю комплексна, — лічыць настаўніца. — З гэтай мэтай я прапаную вучням рашаць ТРВЗ-заданні, праблемныя сітуацыі, якія часта маюць некалькі рашэнняў і патрабуюць міжпрадметных ведаў, выкарыстоўваю інтэрактыўныя метады навучання, актыўную ацэнку. Падчас Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” я дзялілася вопытам выкарыстання метаду кейсаў, які мае на ўвазе глыбокі аналіз канкрэтных праблемных сітуацый. Кейс-метад, на мой погляд, садзейнічае фарміраванню даследчых уменняў і навыкаў вучняў. У 6 класе дзецям яшчэ складана выконваць такі аналіз, бо ён прадугледжвае наяўнасць у іх добрага падмурка ведаў, таму прымяняю кейс-метад пераважна ў рабоце са старшакласнікамі. Прапаную вучням, якія вывучаюць біялогію на павышаным узроўні, заданні PISА для праверкі прыродазнаўча-матэматычнай дасведчанасці — яны нагадваюць кейс-заданні, бо патрабуюць аналітычнага мыслення, разумення розных з’яў і працэсаў, а не толькі ведаў па асобных прадметах”.

Сёння Ірына Леанідаўна сумя­шчае работу ў сярэдняй школе № 191 Мінска і ў Цэнтры развіццёвых тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Ірына Сярко — актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў клуба “Крыштальны журавель”, падчас якіх запазычвае новыя прыёмы работы ў сваіх калег-канкурсантаў. Дзеліцца і сваімі педагагічнымі сакрэтамі падчас майстар-класаў па арганізацыі даследчай дзейнасці. Ірына Леанідаўна вучыцца ў аспірантуры НІА, дзе пад кіраўніцтвам доктара педагагічных навук В.Ф.Русецкага піша кандыдацкую дысертацыю, у якой аналізуе пытанні фарміравання даследчых кампетэнцый у педагогаў і навучэнцаў. І вельмі хоча сказаць сваё важкае слова ў педагогіцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.