Школе, у якой мне пашчасціла працаваць пасля пераезду ў Жодзіна, 90 гадоў. Здаецца, ніводная новая школа не можа перадаць атмасферу дабра і цяпла, якую захоўваюць сцены ўстановы адукацыі, што горда носіць імя свайго былога вучня Героя Савецкага Саюза Пятра Іванавіча Купрыянава.
Наш горад — адзін з самых маладых і прыгожых у Беларусі. Сучасная архітэктура, шырокія вуліцы, цяністыя алеі і прыгожыя клумбы надаюць яму каларыт і чароўнасць. Горад славіцца вытворчасцю велікагрузных самазвалаў БелАЗ, фабрыкай “Світанак”, заводам цяжкіх штамповак і г.д. Але самы галоўны здабытак — яго жыхары. У школьным музеі баявой славы сабраны багаты матэрыял пра многіх вядомых людзей Жодзіна. І першае ў гэтым спісе імя Пятра Іванавіча Купрыянава.
Хто ж такі Пётр Купрыянаў? Адказ на гэтае пытанне ведае кожны жыхар нашага горада. Гэта Герой Савецкага Саюза, які ў 1944 годзе паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Гэта чалавек, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля жыцця сваіх таварышаў. Наша галоўная задача — захоўваць памяць аб такіх людзях.
Пётр Купрыянаў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Жодзіне ў сям’і Івана і Настассі Купрыянавых. Дакладная дата яго нараджэння да гэтага часу застаецца невядомай, паколькі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны дом, у якім жыла сям’я Купрыянавых, згарэў падчас бамбёжкі разам з усімі дакументамі. Аднак у асабістым лісце Тамары Рыгораўны Дземчанка, якая ведала Н.Ф.Купрыянаву, часта гутарыла з ёй, ёсць наступная інфармацыя: “…Пётр Іванавіч Купрыянаў нарадзіўся ў канцы лістапада 1925 года, а дакументы аб нараджэнні выпісвалі ў раённым цэнтры Смалявічы ў студзені 1926 года”.
7 мая 1977 года ў школе быў адкрыты музей баявой славы. Матэрыялы збіраліся з пачатку 50-х гадоў, і сёння ў фондах налічваецца каля 600 экспанатаў. Цэнтральнае месца займае макет манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі Н.Ф.Купрыянавай і яе сыноў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Макет падарылі школе ў 1975 годзе аўтары праекта.
Дзяцінства Пятра нічым не адрознівалася ад дзяцінства яго аднагодкаў: дапамагаў маці па гаспадарцы, вазіў сена, пасвіў калгасны статак, шмат часу праводзіў на рэчцы, летам бегаў у лес па ягады, а зімой хадзіў з братамі па дровы. У школу Пеця пайшоў вучыцца з 8 гадоў. Усе аднакласнікі адгукаліся аб ім станоўча. Пеця заўсёды заклікаў вучняў змагацца за гонар класа, школы. У запісах Тамары Рыгораўны Дземчанка пра яго школьную пару гаворыцца: “Першымі настаўнікамі Пятра былі Варвара Лявонцьеўна Дымкавец і Аляксандра Сямёнаўна Крывіцкая”.
У школьным музеі захоўваюцца ўспаміны настаўніцы Вольгі Іванаўны Сідзельнікавай, у якіх гаворыцца, што яна прыехала працаваць у Жодзіна ў 1938/1939 навучальным годзе і была прызначана настаўніцай у 4 “А” клас. На першым класным сходзе сваім выступленнем звярнуў на сябе ўвагу вучань Пеця Купрыянаў. Ён заклікаў аднакласнікаў змагацца за гонар класа і школы — і быў абраны старастам. А ў газеце “Ленінскі шлях” за 1957 год у артыкуле “Іменем героя-земляка” прыводзяцца наступныя яе словы: “Пеця быў вельмі добрым таварышам і дысцыплінаваным вучнем, ён заўсёды дапамагаў настаўнікам, паважаў іх. Ён вельмі любіў гісторыю нашай Радзімы, чытаў многа кніг і заўсёды дзяліўся са мной прачытаным”. Да вайны Пеця паспеў скончыць усяго шэсць класаў.
Жодзіна было акупіравана нямецкімі войскамі ў першыя дні вайны. З пачаткам партызанскага руху Пётр са сваім аднагодкам Уладзімірам Атрахімовічам прынялі рашэнне ўступіць у партызанскі атрад, але іх не прынялі, сказаўшы, што дзеці ваяваць не павінны. Гэта не адбіла ў хлопцаў жадання змагацца з ворагам. Неўзабаве ў Жодзіне пад кіраўніцтвам партызанскага атрада “Смерць фашызму” пачала складвацца падпольная арганізацыя. У кастрычніку 1942 года старэйшы брат Пятра Купрыянава Міхаіл стаў сувязным гэтага атрада, а вясной 1943 года ўключыліся ў барацьбу з акупантамі і Валодзя з Пецем. У кастрычніку 1943-га фашысты выкрылі жодзінскае падполле, былі арыштаваны некалькі дзясяткаў чалавек. Нямецкія салдаты арганізавалі засаду і ў доме Купрыянавых, аднак трапіў у пастку толькі самы малодшы Пётр. Старэйшыя браты і Настасся Фамінічна паспелі адысці ў лес да партызан.
Разам з іншымі маладымі людзьмі Пятра адправілі ў Германію на прымусовыя работы, аднак яму ўдалося збегчы прама з вагона на хаду цягніка і пайсці ў партызаны. 13 лістапада 1943 года Пётр быў залічаны байцом атрада “Радзіма” партызанскай брыгады “Разгром”. Спачатку Купрыянаў быў сувязным, а потым кулямётчыкам партызанскага атрада. Акрамя гэтага, ён быў добрым разведчыкам, займаўся падрыўной справай, удзельнічаў у разгроме нямецкіх гарнізо-
наў.
Пасля вызвалення Мінска камандаванне партызанскага атрада “Радзіма” падпісала ўзнагародны ліст, у якім хадайнічала аб прадстаўленні Пятра Купрыянава да ўрадавай узнагароды — медаля “Партызану Айчыннай вайны” II ступені. Пакуль гэтае рашэнне разглядалася, баі працягваліся: немцы, якія трапілі пад Мінскам у акружэнне, імкнуліся прабіць сабе дарогу да адступлення. Партызанам, у тым ліку і Пятру Купрыянаву, даверылі абараняць вызваленую сталіцу. Партызаны выкапалі акопы на подступах да Мінска ў вёсцы Уручча. Яны самааддана абаранялі вызвалены горад ад фашыстаў, якія прарываліся ў Мінск. А ўжо 16 ліпеня Пётр Купрыянаў у вызваленай сталіцы ўдзельнічаў у партызанскім парадзе.
Партызан прызыўнога ўзросту залічылі ў Чырвоную Армію. Пятра накіравалі служыць на 3-і Беларускі фронт. 20 ліпеня ён быў залічаны радавым байцом у 3-і мотастралковы батальён 53-й мотастралковай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады 5-й танкавай арміі генерала Ротмістрава.
Воінская часць, у якой служыў Пётр Купрыянаў, з баямі рухалася наперад да Балтыйскага мора. Тут, у перапынку паміж баямі, Пятра Купрыянава прынялі ў камсамол. 2 лістапада 1944 года на адным з участкаў на вышыні каля пасёлка Нікратцэ ў Латвіі падраздзяленні, што наступалі, натрапілі на сур’ёзнае супраціўленне фашыстаў. Вопытны партызанскі разведчык яфрэйтар Купрыянаў разам з групай іншых салдат атрымаў загад знішчыць агнявыя пункты праціўніка. Імі былі падаўлены два фашысцкія кулямёты, але батальён наступаць па-ранейшаму не мог: кулямёт з дзота, размешчанага на вяршыні пагорка, зноў адкрыў агонь па наступаючых. Пётр Купрыянаў схаваўся ў варонцы ад выбуху недалёка ад дзота. Раптам ён падняўся, падбег да дзота і ўпаў грудзьмі на амбразуру. Кулямёт змоўк. Батальён кінуўся ў атаку. Вышыня была ўзята. Пасля бою таварышы вынеслі цела сябра і пахавалі ля развілкі дарог пад высокім дубам.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм яфрэйтару Купрыянаву Пятру Іванавічу пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем медаля “Залатая Зорка”.
Месца магілы Пятра Купрыянава не было вядома яго землякам. Настаўнік-энтузіяст з сяла Драчкава Смалявіцкага раёна некалькі гадоў шукаў магілу героя. У 1954 годзе яна была знойдзена. Аказалася, што перад боем загінуўшаму была выдадзена новая форма з пагонамі, якая яшчэ не сатлела. Цела было загорнута ў плашч-палатку, на грудзях ляжала каска. Менавіта яна засцерагла ад тлення камсамольскі білет у нагруднай кішэні. Камсамольскі білет, які належаў Пятру Купрыянаву, канчаткова засведчыў асобу загінуўшага.
“Пеця быў добрым таварышам і сябрам. Да таго ж ён быў смелым да адчайнасці… Дом Пятра стаяў недалёка ад рэчкі Плісы. Падчас крыгаходу мужчыны выходзілі з баграмі ахоўваць ад ільдзін мост. І вось аднойчы Пеця выбег напаўраздзеты з дома, падбег да ракі, ускочыў на льдзіну і пачаў адштурхоўваць багром ад апор моста іншыя льдзіны. У той час яму было ўсяго 14 гадоў”.
У нашай школе беражліва захоўваецца памяць аб знакамітым вучню. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 13.11.1957 года сярэдняй школе № 1 пасёлка Жодзіна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава. А 30 жніўня 1958 года на тэрыторыі школы быў устаноўлены бюст герою. На нашых навучэнцаў і настаўнікаў ускладзены вялікі гонар і велізарная адказнасць за захаванне памяці аб подзвігу героя.
7 мая 1977 года ў нашай школе па ініцыятыве дырэктара Яўгена Мікалаевіча Пашукевіча быў адкрыты музей баявой славы імя П.І.Купрыянава. Кіруе музеем настаўніца гісторыі Наталля Міхайлаўна Шапялевіч. Матэрыялы для экспазіцыі збіраліся з пачатку 50-х гадоў, і сёння музей налічвае каля 600 экспанатаў. Цэнтральнае месца ў нашым музеі займае макет манумента ў гонар савецкай маці-патрыёткі Н.Ф.Купрыянавай і яе сыноў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Макет падарылі школе ў 1975 годзе аўтары праекта.
Экспазіцыя ўключае наступныя раздзелы: “Сям’я Курсевічаў-Купрыянавых”, “Жыццёвы і баявы шлях Пятра Купрыянава”, “Партызанская брыгада “Разгром”, “Героі-матросаўцы”, “Сем’і Сцяпанавых і А.Чэрві”, “Гісторыя школы”, “Падарункі музею ад наведвальнікаў”. Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца макет манумента ў гонар маці-патрыёткі, апошні ліст з фронту Пятра Купрыянава і пахавальная на яго імя, а таксама шкатулка з зямлёй з магілы П.І.Купрыянава.
У школе з 1988 года дзейнічае клуб “Юны купрыянавец”, удзельнікі якога дапамагаюць у арганізацыі і правядзенні Вахты Памяці і патрыятычных акцый, выступаюць з ініцыятывамі па правядзенні пошукавай і даследчай работы. Таксама ў школе арганізаваны гурток “Юны экскурсавод”. Дзеці праводзяць экскурсіі для навучэнцаў як сваёй школы, так і іншых устаноў адукацыі, для выпускнікоў, жыхароў і гасцей горада. Акрамя экскурсій, мы праводзім лекцыі, слухаючы якія дзеці знаёмяцца з падзеямі мінулых дзён і ўспамінаюць земляка-героя. Напярэдадні такіх дат, як дзень гібелі П.І.Купрыянава, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у школе арганізоўваюцца выставы, прысвечаныя нашаму земляку.
Імя Пятра Купрыянава чырвонай ніццю праходзіць не толькі праз дзейнасць музея, але і праз многія школьныя мерапрыемствы. У кожнай установе адукацыі новы навучальны год пачынаецца і заканчваецца ўрачыстай лінейкай. У нашай школе ёсць асаблівая традыцыя — ускладанне ў гэтыя дні вянка і жывых кветак да помніка былому вучню Герою Савецкага Саюза П.І.Купрыянаву. І гэта пачатак мерапрыемстваў, што ўвекавечваюць памяць аб нашым земляку. На працягу года ва ўсіх класах праводзяцца ўрокі мужнасці, вусныя часопісы, гадзіны памяці, прысвечаныя Пятру Купрыянаву.
Дзякуючы гэтым мерапрыемствам, мы яшчэ і яшчэ раз задумваемся аб тым, якой цаной аплачана наша сённяшняе мірнае неба, наша магчымасць упэўнена глядзець у будучыню.
Святлана ШАРАЯ,
дырэктар дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.