На рубяжы мужнасці

- 10:41Навіны рэгіёнаў

Курс маладога байца прайшлі школьнікі Крупскага раёна на ваенна-палявых зборах. Ім давялося страляць, маршыраваць, спяваць страявыя песні і здзяйсняць марш-кідок. У такіх умовах гартуюцца характары і мацнеюць патрыятычныя пачуцці, лічаць арганізатары.

Мерапрыемства праходзіла ў аздараўленчым лагеры “Янаўшчына” Крупскага раёна і складалася з ваенна-палявых збораў і спартыўных спаборніцтваў па ваенна-прыкладным мнагаборстве. Удзел у ім прынялі члены ваенна-патрыятычнага клуба “Рубеж” — больш за 90 юнакоў і дзяўчат з 9 устаноў адукацыі раёна.
Ваенна-патрыятычны клуб “Рубеж” быў створаны год назад на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Крупскага раёна. Яго стваральнік і кіраўнік Яўген Мікалаевіч Падаляк — сам у мінулым ваенны і лічыць клуб цудоўным інструментам выхавання дзяцей. У “Рубяжы” створаны ўмовы для патрыятычнага, фізічнага, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця асобы юнага грамадзяніна, умацавання яго лідарскіх якасцей. У рабоце клуба цесна перапляліся розныя кірункі грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі для фарміравання важных маральных якасцей чалавека. На занятках клуба юнакі і дзяўчаты спасцігаюць асновы армейскай навукі і ваенна-прыкладных відаў спорту, праходзяць пачатковую страявую, агнявую, тапаграфічную, тактычную і ваенна-медыцынскую падрыхтоўку. Яны вывучаюць агульнавоінскія статуты, удзельнічаюць у занятках па рукапашным баі, асновах бяспекі, асвойваюць навыкі абароны ад зброі масавага паражэння. Асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню: члены клуба “Рубеж” знаёмяцца з гісторыяй Узброеных Сіл, займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю, праводзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі. Яны актыўныя ўдзельнікі пазнавальных гульняў, ваенна-патрыятычных конкурсаў і амаль усіх адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў раёна і вобласці. За першы год работы клуб “Рубеж” быў адзначаны дыпломам Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за эфектыўную дзейнасць у развіцці сістэмы эколага-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, дыпломам Міністэрства адукацыі за распрацоўку матэрыялу праграмы аб’яднання па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю, клуб стаў лаўрэатам абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.На старце другога года работы клуба да яго далучыліся новыя аматары ваеннай навукі. Для іх гэтыя ваенна-палявыя зборы сталі першымі, а для тых, хто ў “Рубяжы” з самага пачатку, — пятымі. У лагер “Янаўшчына” ўдзельнікі збораў прыехалі на тры дні. Кожную з 9 навучальных устаноў прадстаўляла адно ваенна-патрыятычнае аддзяленне, у склад якога ўваходзілі дзесяць — 5 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. 9 аддзяленняў раздзяліліся на тры ўзводы і пачалі спаборніцтвы.
У першы ж дзень пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця юныя патрыёты змагаліся ў кулявой стральбе, кіданні гранаты, падцягваннях на перакладзіне і чаўночным бегу. Таксама яны пабывалі на вучэбных занятках па зборы-разборы аўтамата Калашнікава і паказалі свае ўменні па страявой падрыхтоўцы ў конкурсе “Агляд строю і песні”. Песні спявалі не толькі маршыруючы па плошчы, але і ля кастра (конкурс патрыятычнай песні таксама стаў часткай спаборніцтваў). А завяршыўся першы дзень за размовай з ветэранамі вайны ў Афганістане.
Ранні пад’ём, хуткія зборы і агульнае пастраенне — так пачаўся другі дзень мерапрыемства. Галоўным сюрпрызам гэтага дня сталі паказальныя выступленні курсантаў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. З захапленнем школьнікі глядзелі на натрэніраваных, умелых курсантаў, якія дэманстравалі прыёмы рукапашнага бою. Верагодна, іх выступленне натхніла і надало мужнасці хлопцам і дзяўчатам на наступным складаным этапе. Ім давялося здзейсніць марш-кідок — пераадолець камбінаваную паласу перашкод. На шляху да фінішу ўдзельнікі сустрэлі гаць, купіны, павуцінне, мышалоўку, ім давялося кідаць гранаты ў мішэнь, пераносіць боепрыпасы і параненага таварыша. Паласа была складанай і стала выпрабаваннем на вынослівасць і мужнасць, з якім школьнікі справіліся. Пасля такой фізічнай нагрузкі давялося папрацаваць інтэлектуальна ў конкурсах на веданне правіл дарожнага руху і воінскіх званняў Узброеных Сіл нашай краіны. Заключны, трэці, дзень спаборніцтваў прынёс школьнікам новыя заданні і задачы. Іх зноў чакала паласа перашкод, але на гэты раз пераадольваць яе давялося на веласіпедах. Завяршыла спаборніцтвы краязнаўчая віктарына. Надышоў час падводзіць вынікі. Суддзі, ацаніўшы ваенную, спартыўную і конкурсную праграмы, прызналі пераможцамі прадстаўнікоў ваенна-патрыятычнага аддзялення сярэдняй школы пасёлка Крупскага імя У.А.Крыштапенкі, на другім месцы — удзельнікі з Ухвальскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.С.Лукашэвіча, на трэцім — вучні сярэдняй школы № 3 Крупак.
“На гэтых зборах мы змаглі бліжэй пазнаёміцца з навабранцамі, якія толькі далучыліся да “Рубяжа”, а яны ў сваю чаргу на свае вочы ўбачылі і асабіста адчулі, чым займаюцца ў клубе, — падводзіць вынікі збораў Яўген Мікалаевіч Падаляк, кіраўнік клуба “Рубеж”. — Такія мерапрыемствы, як і работа клуба наогул, праводзяцца для папулярызацыі ваенай справы і атрымання адпаведнай адукацыі. Зразумела, не ўсе ўдзельнікі клуба выберуць менавіта такую кар’еру, але яны стануць больш спартыўнымі, дасведчанымі, адказнымі і дысцыплінаванымі. Акрамя таго, падобныя мерапрыемствы дапамагаюць нам выцягнуць дзіця з дома, з-за камп’ютара. У сваіх віртульных гульнях яны героі, здольныя ўзняцца на любую вяршыню, атрымаць мноства перамог, а зборы і спаборніцтвы — гэта спроба вярнуць іх у рэальнасць і магчымасць для саміх школьнікаў здзяйсняць подзвігі ўжо на самай справе”.Зборы сталі актыўным стартам для другога года работы клуба “Рубеж”. Калі клуб ствараўся, дзяцей для ўдзелу запрашалі, шукалі, тлумачылі ім, навошта ім гэта патрэбна. І ўсяго за год работы клуб набыў такую рэпутацыю і аўтарытэт, што дзеці прыходзяць самі, матулі тэлефануюць і просяць узяць іх сыноў і дачок на зборы. Амаль ніводнае ўрачыстае мерапрыемства ў горадзе не абышлося ў мінулым навучальным годзе без клуба “Рубеж”. І бацькі, убачыўшы, якія дружныя, выхаваныя, дысцыплінаваныя і ўважлівыя дзеці займаюцца ў “Рубяжы”, зразумелі, што менавіта такімі хочуць бачыць і сваіх дзяцей.

Дар’я РЭВА.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.