На шляху да Алімпа

- 15:46Нам пішуць

У аздараўленчым лагеры “Сонейка” Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна прайшоў дзень Алімпа.

Установа адукацыі ператварылася ў сапраўдны алімпійскі гарадок. На агульнашкольнай лінейцы быў вынесены алімпійскі сцяг. Вучні паказвалі спартыўныя эмблемы, агучвалі дэвізы, спаборнічалі ў бегу на розныя дыстанцыі, кіданні мяча і вучэбнай гранаты, скачках у даўжыню і вышыню. Нягледзячы на дух саперніцтва, на стадыёне панавала атмасфера сяброўства.

Юныя спартсмены ўдзельнічалі ў віктарыне “У свеце беларускага спорту” і конкурсе малюнкаў на асфальце на алімпійскую тэматыку, паглядзелі відэаролік “Беларусы на Алімпійскіх гульнях”.

Пераможцаў было шмат. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі граматы на выніковай лінейцы. Але галоўным падарункам сталі станоўчыя эмоцыі.

Уладзімір БАНЦЭВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.