На шляху да прафесійнага майстэрства

- 9:10Навіны рэгіёнаў

Высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцы, педагогі і выпускнікі Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа пацвярджаюць вынікамі ўдзелу ў прэстыжных рэспубліканскіх конкурсах.

У кастрычніку другакурснік Віталь Сяўругін заваяваў “серабро” 16-га конкурсу зваршчыкаў Беларусі ў рамках Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму — 2020. У свой час малады прафесіянал прайшоў у каледжы падрыхтоўку па спецыяльнасці на ўзроўні ПТА, год працаваў на прадпрыемстве “Нафтазаводмантаж”, затым вырашыў працягнуць вучобу і цяпер рыхтуецца атрымаць дыплом тэхніка-тэхнолага зварачнай вытворчасці. Сярод лепшых маладых зваршчыкаў краіны ў конкурснай намінацыі “В” — Ручная дугавая зварка” сапернікамі Віталя разам з навучэнцамі профільных устаноў прафесійнай адукацыі былі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў. Практычнае заданне палачанін выконваў на інвертарным зварачным апараце для ручной электрадугавой зваркі адзінкавым электродамі (MMA); аналагічным абсталяваннем аснашчаны вучэбна-вытворчыя майстэрні каледжа.

— Конкурс складаўся з тэарэтычнага і практычнага этапаў, — расказаў загадчык будаўніча-тэхналагічнага аддзялення каледжа Мікалай Нікіцін. — З-за хвалявання нашаму навучэнцу не хапіла аднаго бала да лідарства ў тэорыі. Але на другім этапе ён змог сканцэнтравацца на пастаўленых задачах і ва ўпартай барацьбе прадэманстраваў найлепшы вынік. Атрыманыя падчас вучобы і практык, на прафесійных спаборніцтвах (хлопец дастойна ўдзельнічаў у WorldSkills Belarus) веды і вопыт — гарантыя запатрабаванасці будучага маладога спецыяліста, а яго ганаровым “трафеем” з конкурсу сталі дыплом, сярэбраны медаль, кубак і падарунак — ахоўны шчыток зваршчыка. Па запрашэнні адмі­ністрацыі прадпрыемства Віталь праходзіць практыку на “Нафтазаводмантажы”.

Як падкрэсліла кіраўнік установы адукацыі Ганна Бурэнь, перамога ў конкурсе — паказчык работы ўсяго творчага калектыву каледжа, будаўніча-тэхналагічнага аддзялення, асабіста майстра вытворчага навучання Леаніда Свірко і выкладчыка спецдысцыплін Алены Крэмень. Фарміраванне маладога спецыяліста ўключае не толькі прафесійную падрыхтоўку, асваенне вытворчых заданняў, але і выхаваўчы, ідэалагічны складнік, гарманічнае развіццё асобы, станаўленне светапогляду і сістэмы каштоўнасцей, у тым ліку ўдасканаленне камунікатыўных навыкаў, умення працаваць як індывідуальна, так і ў камандзе, калектыве — тое неабходнае, што дазваляе яму ў далейшым дасягаць новых вышынь ва ўсіх сферах жыцця, быць канкурэнтаздольным і мабільным. Дарэчы, мінулагодні сярэбраны прызёр і сёлетні пераможца конкурсу ў намінацыі “Б” — Аргонадугавая зварка” Ілья Шульга (ААТ СРБУ-3 Наваполацка) — выпускнік Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, які пасля рэарганізацыі ўвайшоў у склад каледжа.

Удала выступіла полацкая каманда і на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, што адбыўся 10—13 лістапада ў рамках 26-й спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прад­Экспа”. Каледж прадставілі майстар вытворчага навучання Вера Дубнель у намінацыі “Мастацкая работа з халодных харчовых прадуктаў” і выкладчык Марына Лышко ў намінацыі “Святочны торт на любую тэму”. Вера Віктараўна прэзентавала работу з каляровага жэле “Свет кветак”, Марына Мікалаеўна — святочны торт “Сіла пачуццяў”. Абедзве ўдзельніцы ў сваіх намінацыях узнагароджаны сярэбранымі медалямі і дыпломамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжам.