На стартавай пляцоўцы ў жыццё

- 9:00Людзі адукацыі

Наталля Віктараўна Мотава працуе ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска. Перад выкладчыцай стаіць нялёгкая задача: натхняць і на ўласным прыкладзе паказваць дзецям, наколькі ўнікальным можа стаць выраб, калі ў гісторыі яго стварэння згадваецца моднае слова handmade. Наталля Віктараўна нярэдка чуе ад бацькоў сваіх вучняў: “Вы такі шчаслівы чалавек”. І сапраўды, выкладчыца прызнаецца: яна робіць тое, што любіць, і любіць тое, што робіць.

Шлях у прафесію пачаўся для будучага педагога пасля 8 класа. У дзяўчынкі была мара паступіць у педвучылішча, але першым крокам на шляху да мары стаў Мінскі дзяржаўны тэхналагічны тэхнікум і спецыяльнасць “Швейная вытворчасць”. А пасля дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”. Дзве спецыяльнасці зліліся разам, і Наталля Віктараўна трапіла ў сталічны “Светач”.

Узорная студыя традыцыйнай творчасці “Жыцень” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска, у якой працуе выкладчыцай наша гераіня, прызначана для дзяцей школьнага ўзросту. Наталля Віктараўна адзначае, што студыя для дзяцей — гэта стартавая пляцоўка ў выбары прафесіі: кравец, дызайнер, мастак, афарміцель, дэкаратар і сумежныя. Першы год навучання дзеці працуюць з гафрыраванай паперай і развіваюцца ў такім кірунку рукадзельнага мастацтва, як скрапбукінг.

На другім годзе навучання дзеці займаюцца вырабам народных лялек і вывучаюць беларускія народныя традыцыі праз прызму рукадзелля. Мэта выкладчыцы заключаецца ў тым, каб пазнаёміць выхаванцаў з лялькай як з першай цацкай, з якой сустракаецца дзіця. На прыкладзе гэтай лялькі дзіця вучыцца мець зносіны, з яе дапамогай спазнае свет. Наталля Віктараўна расказвае, з якім трапятаннем маленькія дзеці ствараюць сваю першую ляльку, як потым паўсюль носяць яе з сабой. Спачатку дзеці вучацца рабіць абрадавыя і абярэгавыя лялькі, а потым і больш сучасныя — тыльды і гарбузагалоўкі. На аснове гэтага будуецца работа педагога па патрыятычнай і ідэалагічнай лініі: народны касцюм, вышыўка, арнамент. Па вышыўцы на вопратцы можна сказаць, з якога рэгіёна жанчына, замужам яна ці не, колькі ў яе дзяцей.

Трэці год у студыі самы цікавы: ён прысвечаны канструяванню і дызайну адзення. Паказальна, што ў студыі займаюцца не толькі дзяўчынкі. Напрыклад, вучань Наталлі Віктараўны з задавальненнем шые спадніцы сваёй матулі і плануе звязаць сваю прафесійную дзейнасць з дызайнам адзення.

За заслугі ў выкладчыцкай дзейнасці Наталля Віктараўна нядаўна была адзначана Ганаровай граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Галоўную мэту сваёй работы выкладчыца бачыць у знаходжанні індывідуальнага падыходу да кожнага вучня і развіцці творчага патэнцыялу выхаванцаў. 

Педагог вялікую ўвагу ўдзяляе калектыўнаму віду дзейнасці. На кожны конкурс набіраецца па 2—3 удзельнікі, але Наталля Віктараўна стараецца задзейнічаць як мага больш дзяцей. Адзін выхаванец будзе шыць, другі —  дапамагаць, трэці — карэкціраваць работу. У гэтым выпадку выкарыстоўваецца яшчэ адна методыка навучання — “роўны навучае роўнага”. Субота — студыйны дзень, калі на заняткі прыходзяць дзеці з розных груп і розных узростаў. Старэйшыя могуць прынесці свае работы, і тады ў малодшых загараюцца вочы і ўзнікае азарт стварыць уласны выраб. Малодшыя групы бачаць, што хто-небудзь са старэйшых дзяцей пашыў, напрыклад джынсы, і ў іх з’яўляецца стымул працаваць.

Праблем з фантазіяй і творчай індывідуальнасцю ў сучасных дзяцей не ўзнікае. Наталля Віктараўна прыводзіць прыклад: “Мы ў нашай студыі рабілі цацкі — тэкстыльных слімакоў. Выкрайка ва ўсіх была адна і тая ж, але слімакі атрымаліся абсалютна рознымі. У адной цацкі — адметныя вочы, у другой — усмешка, а хтосьці з дзяцей зрабіў сумнага слімака”.

Наталля Віктараўна лічыць, што ў яе прафесіі трэба пастаянна захапляць. Выкладчыца імкнецца рэгулярна паказваць дзецям штосьці  новае са сваіх вырабаў. У яе рабоце няма такіх момантаў, калі дзеці атрымліваюць заданні, а выкладчык проста сочыць за іх выкананнем.

“Я заўсёды кажу: чым больш складаная справа, тым цікавейшай павінна быць праца, — дзеліцца Наталля Віктараўна. — Калі мэта складаная, то дасягаць яе трэба больш упарта, лёгкіх шляхоў мы не шукаем. Пры падрыхтоўцы да конкурсаў прытрымліваемся плана дзеянняў, дзе № 1 — гэта стварэнне ідэі. Мы занялі 1-е месца на гарадской выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Легенды старых светаў”. Перад тым як прыдумаць ідэю, у нас быў мазгавы штурм па тэме. Мы чыталі легенды, прыносілі ў студыю кнігі з бібліятэкі”.

Наталля Віктараўна заўважае, што з кожным годам зацікавіць выхаванцаў дэкаратыўна-прыкладной творчасцю становіцца ўсё складаней: “Я бачу ў дзяцей няўменне працаваць рукамі. Яны хочуць адразу атрымаць гатовы вынік, але для таго, каб гэтага дасягнуць, трэба прыкласці пэўныя намаганні. Параўноўваючы сваю работу 5 гадоў назад і цяпер, разумею, што дзеці не хочуць займацца ручной працай. Яны прывыклі купляць усё гатовае, спяваць і танцаваць, а ручная праца не шануецца. Хацелася б, каб у кожнага дзіцяці былі свая мара і жаданне яе ажыццявіць. Каб мары не заставаліся марамі, трэба нешта рабіць, а для гэтага трэба працаваць”.

Юлія СПІЧАКОВА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.