На сцэне — усёй сям’ёй

- 15:14Культура

Пошук новых форм і падыходаў у рабоце з бацькамі заўсёды з’яўляецца актуальным і найбольш цяжкім у вырашэнні выхаваўчых задач любой установы адукацыі. Педагагічны калектыў гімназіі № 1 Горак стараецца ісці ў нагу з часам, і таму некалькі гадоў назад укараніў у практыку такую форму ўзаемадзеяння, як фестываль сямейнай творчасці, які мае важнае значэнне для гімназіі не толькі ў культурна-эстэтычным, але і ў сацыяльным сэнсе.

Вясной 2018 года гімназія трэці раз сустракала ўдзельнікаў фестывалю сямейнай творчасці “Талент пакаленняў”. Мерапрыемства стала добрай традыцыяй і праводзіцца адзін раз у два гады. Згодна з палажэннем, удзельнікамі фестывалю могуць быць прадстаўнікі розных пакаленняў адной сям’і: дзядулі і бабулі, мамы і таты, дзеці.

Кіраўніцтва гімназіі, арганізатары фестывалю зрабілі ўсё, каб гэтае мерапрыемства стала незабыўным для ўдзельнікаў і гледачоў. Святочна ўпрыгожаныя зала і сцэна з эмблемай фестывалю, лёгкае і нязмушанае кантактаванне вядучых з удзельнікамі стваралі ўрачыстую і разам з тым сяброўскую атмасферу. Непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі 44 сям’і. Зала была цалкам запоўненая гледачамі, фотакамеры шчоўкалі аб’ектывамі…

Усе віды мастацтва былі прадстаўлены на высокім эстэтычным узроўні. Перад актавай залай аматары дэкаратыўна-прыкладной творчасці зладзілі мастацкую выставу, на якой былі прадстаўлены творы членаў пятнаццаці сямей. Рукатворныя вырабы дзівілі сваёй разнастайнасцю: карціны, вырабы з паперы, макароны і пацерак, скуры і саломкі; лялькі, вышыўка і дэкупаж… Быў выстаўлены нават куток хатняга інтэр’ера “Утульны дом” з люстэркам і камінам.

Інструментальны жанр прадстаўлялі тры сям’і. Выдатнае трыа Малочка ў складзе дзядулі, унука і мамы выканала кампазіцыю “Вясёлы музыкант”. Навучэнец 3 класа пераможца шматлікіх вакальных конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню Іван Ларчанка выступіў разам з мамай Аленай Аляксееўнай. А сямейнае трыа Падлужных выйшла на сцэну разам з настаўніцай музыкі Інай Уладзіміраўнай Балдоўскай. Дарэчы, мама ў гэтым трыа, Алена Віктараўна, з пачатку навучальнага года спецыяльна вучылася іграць на баяне, гледзячы на сваіх сыноў.

У тэатральным жанры выступалі чатыры сям’і. Настаўніцкая сям’я Гурковых разам з сынам Кірылам ужо другі раз была ў якасці вядучых фестывалю. Дзякуючы гэтай дружнай і таленавітай сям’і, усе ўдзельнікі маглі адчуваць сябе камфортна на сцэне. Сем’і Лавейкіных і Волкавых раскрылі ў сваіх выступленнях тэму выхавання дзяцей, іх узаемаадносін з бацькамі. У Год малой радзімы асабліва каштоўнай была ўвага выступоўцаў да народных традыцый і звычаяў. Літаратурна-музычная кампазіцыя сямейнага дуэта Камоцкіх, выкананая на беларускай мове, прадэманстравала іх любоў да роднага краю.

У вакальным жанры выступалі васямнаццаць сем’яў. Хтосьці ўдзельнічаў упершыню, хтосьці другі раз, а вось сям’я Рабцавых ужо трэці раз парадавала гледачоў сваім цудоўным выступленнем. Адкрыццём фестывалю сталі прысвечаныя праваслаўным святам харавыя спевы — у складзе аб’яднанага хору было больш за трыццаць -удзельнікаў з васьмі шматдзетных сем’яў. Усе вакальныя нумары вылучаліся разнастайнасцю рэпертуару, прымушалі публіку суперажываць, радавацца і захапляцца.

Завяршальным акордам святочнай праграмы стала кранальная харэаграфічная пастаноўка “Мама і дачка” з удзелам чатырох сямей.

Дырэктар гімназіі № 1 Горак Ірына Мікалаеўна Халюкова ад імя адміністрацыі і педагагічнага калектыву ўстановы выказала словы падзякі ўдзельнікам фестывалю, настаўнікам эстэтычных дысцыплін і класным кіраўнікам за дапамогу сем’ям у падрыхтоўцы выступленняў, гледачам — за падтрымку і суперажыванне. Усім удзельнікам былі ўручаны памятныя медалі з лагатыпам фестывалю, імянныя сертыфікаты і фотарамкі для сямейных фота. Але, безумоўна, самым вялікім падарункам для ўсіх стала само сямейнае свята, незабыўныя станоўчыя эмоцыі. Пасля таго, як са сцэны прагучалі заключныя словы, удзельнікі і гледачы яшчэ доўга працягвалі дзяліцца адно з адным атрыманымі ўражаннямі. Сем’і, удзельнікі фестывалю, неаднойчы ўспомняць хвіліны агульнага хвалявання і радасці, якія яны перажылі падчас сваіх выступленняў. І гэта сапраўды здорава, калі сям’я захоплена сумеснай творчасцю, калі дзеці ганарацца сваімі бацькамі, а педагогі і бацькі вераць у сваіх дзяцей.

Ларыса ЧЭРНІКАВА,
настаўніца музыкі і вакалу гімназіі № 1 Горак,
арганізатар фестывалю сямейнай творчасці “Талент пакаленняў”.