На суботнік — усёй школай

- 10:07Нам пішуць

Аб тым, што з 17 па 22 красавіка праходзіць акцыя па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, усе работнікі і навучэнцы даведаліся па гучнай сувязі ў пачатку тыдня. У суботніку прынялі ўдзел 244 чалавекі: усе супрацоўнікі школы і навучэнцы з 1 па 11 клас.

Для правядзення суботніка па ачышчэнні тэрыторыі быў складзены план мерапрыемстваў, кожнаму класу быў вызначаны фронт работ, праведзены інструктажы па тэхніцы бяспекі з работнікамі і гутаркі па правілах бяспечных паводзін з навучэнцамі падчас суботніка.

Навучэнцы пачатковай школы наводзілі парадак у сваіх кабінетах: мылі сталы, выціралі пыл, даглядалі кветкі, прыбіралі ў шафах. Навучэнцы 5—11 класаў і педагогі, узброіўшыся неабходным інвентаром, прыводзілі ў парадак школьную тэрыторыю: збіралі смецце, падмяталі свае ўчасткі, надавалі эстэтычны выгляд кветнікам. Педагогі-мужчыны займаліся распілоўкай старых дрэў, а таксама будаўніцтвам новай кветкавай клумбы. Агульнымі намаганнямі за тыдзень школьная тэрыторыя змянілася: усюды чыста і прыгожа.

Хлопцы прывялі ў парадак не толькі тэрыторыю школьнага двара. Чысціня была наведзена ў бярозавай лесапаласе аграгарадка Квасоўка, а таксама на тэрыторыі каля помнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Гарны і Дарашэвічы.

Суботнік у нашай школе — гэта не толькі мерапрыемства па добраўпарадкаванні тэрыторыі, гэта яшчэ і выдатная магчымасць зрабіць калектыў вучняў і настаўнікаў яшчэ больш згуртаваным. Падчас уборкі ў школьнікаў фарміруецца адказнае стаўленне да навакольнага асяроддзя і калектыўнай працы. Парадак павінен быць як у чалавека, так і вакол яго, таму суботнікі проста неабходны.

Аляксей ЗУБАНЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай работе
Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.