На трох кітах поспеху

- 11:30Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Праз два дні калідоры навучальных устаноў запоўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі, зноў пачнецца вірлівае, яркае, насычанае незабыўнымі падзеямі школьнае жыццё. З нецярпеннем чакаюць сустрэчы са сваімі пасталеўшымі вучнямі настаўнікі. А для педагогаў гімназіі № 1 Салігорска гэтае чаканне сёлета асветлена прыемнамі навінамі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гімназія занесена на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненне ў 2013 годзе найлепшых паказчыкаў сярод устаноў адукацыі. Акрамя таго, па выніках работы за 2013/2014 навучальны год гімназія вызначана ў вобласці пераможцай у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі новага тыпу ў арганізацыі вучэбнага працэсу”. Аб тым, што прывяло гімназію да поспеху і дазволіла дасягнуць такіх высокіх вынікаў, мы гутарым з яе дырэктарам Ганнай Казіміраўнай ЕРМАЛІНСКАЙ.

— Ганна Казіміраўна, віншуем педагагічны калектыў гімназіі з занясеннем на Дошку гонару. За якія заслугі ўстанову вызначылі ў якасці пераможцы?
— Вялікі дзякуй за віншаванне! На працягу дзесяці апошніх гадоў гімназія з’яўляецца адной з лепшых навучальных устаноў раёна. Лічу, тое, што нас заўважылі і на вобласці, і на рэспубліцы, невыпадкова. У аснове нашых дасягненняў ляжыць сістэмная доўгатэрміновая работа, у якой спалучыўся і прафесіяналізм нашых выкладчыкаў, і матываванасць дзяцей, і зацікаўленасць бацькоў. Думаю, у любой дзейнасці можна дасягнуць поспеху, калі ёсць педагогі, якія ўмеюць працаваць, калі ёсць дзеці, якія хочуць узяць усё тое лепшае, што дае ім настаўнік, і калі ёсць зацікаўленыя ў поспехах сваіх дзяцей бацькі. У аснове работы гімназіі — супрацоўніцтва і сутворчасць гэтых трох складнікаў. Па выніках мінулага навучальнага года 8 выпускнікоў гімназіі завяршылі навучальны год з залатым і 1 — з сярэбраным медалямі, 13 выпускнікоў 9-х класаў атрымалі пасведчанне асаблівага ўзору. Штогод нашы навучэнцы паказваюць высокі адукацыйны ўзровень. Напрыклад, па выніках мінулага года сярэдні бал вучэбных дасягненняў гімназістаў — 8,3, амаль 72% навучэнцаў завяршылі навучальны год на 6—10 балаў. 103 гімназісты, а гэта больш за 17%, закончылі яго на “дзявяткі” і “дзясяткі”. Традыцыйна выніковы ўдзел навучэнцаў гімназіі ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: летась заваявана 17 дыпломаў на трэцім этапе і 5 дыпломаў на заключным (дыпломы атрымалі Сяргей Іваноў, Кацярына Вашкевіч, Аляксандр аль-Салех, Аліна Карабко, Арцём Глотаў). Свае бліскучыя веды гімназісты прадэманстравалі па матэматыцы, фізіцы, грамадазнаўстве, англійскай і французскай мовах. Пераможцаў алімпіяды падрыхтавалі настаўніца фізікі Яўгенія Валянцінаўна Невар, настаўніца матэматыкі Наталля Міхайлаўна Лапановіч, настаўніца грамадазнаўства Валянціна Сцяпанаўна Якубовіч, настаўніца французскай мовы Таццяна Васільеўна Мялешка і настаўніца англійскай мовы Вікторыя Дзмітрыеўна Любушчанка.
Яшчэ адзін складнік вучэбных дасягненняў навучэнцаў — вынікі паступлення і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Штогод больш за 96% выпускнікоў гімназіі становяцца студэнтамі вядучых УВА краіны. Сярэдні бал ЦТ у 2013 годзе склаў 66,3, што дазволіла гімназіі заняць шостае месца па гэтым паказчыку сярод устаноў адукацыі рэспублікі. А настаўнікі беларускай мовы, французскай мовы ўвогуле былі абсалютнымі пераможцамі. Сёлета мы таксама ўвайшлі ў топ-100 лепшых устаноў адукацыі краіны і паказалі лепшыя вынікі па рускай і беларускай мовах, фізіцы. За 5 апошніх гадоў 7 навучэнцаў гімназіі дэманстравалі стабальныя вынікі на ЦТ.
Гэта выхаванцы Вольгі Аркадзьеўны Герасімовіч (руская мова), Таццяны Міхайлаўны Пратасені (беларуская мова), Валянціны Аляксандраўны Бяліцкай і Тамары Сямёнаўны Яфімчык (матэматыка), Таццяны Васільеўны Мялешка (французская мова). У 2014 годзе Лізавета Мусалева і Лізавета Цябус атрымалі 100 балаў на ЦТ па рускай і французскай мовах.
Зразумела, пры занясенні на Дошку гонару браліся пад увагу не толькі вынікі вучэбнага працэсу, але і арганізацыя пазаўрочнай дзейнасці, выхаваўчая работа. Ва ўстанове працуе 18 гурткоў розных кірункаў, 4 спартыўныя секцыі, інтэлектуальны клуб, тэатры. Гонарам гімназіі па праву з’яўляецца аматарскі франкафонны тэатр, добра вядомы ў Рэспубліцы Беларусь. Кіраўнікі гэтага тэатра — настаўнікі французскай мовы Ірына Барысаўна Вадалазская і Таццяна Васільеўна Мялешка, педагог дадатковай адукацыі Ірына Георгіеўна Сярчэня — штогод разам з дзецьмі ладзяць новыя арыгінальныя пастаноўкі. І гэта дазваляе дасягаць поспехаў на шматлікіх конкурсах франкафонных тэатраў. 25 дыпломаў рэспубліканскай значнасці — вынік нялёгкай, але цікавай працы.
Візітоўка нашай навучальнай установы — клуб “Што? Дзе? Калі?”. Ім кіруе настаўніца геаграфіі Людміла Леанідаўна Сцешыц.
Сёлета нашы вучні сталі прызёрамі ў Еўрапейскім чэмпіянаце інтэлектуальных гульняў. Вельмі радуе, што члены каманд клуба пасля заканчэння гімназіі працягваюць дэманстраваць свае веды і здольнасці ў студэнцкіх камандах.
З дня заснавання гімназія цесна супрацоўнічае з дзіцячай музычнай школай. У кожнай паралелі ёсць клас, навучэнцы якога займаюцца на харавым аддзяленні музычнай школы.
Мы актыўна супрацоўнічаем з многімі ўстановамі дадатковай адукацыі. Дзякуючы рознабаковай занятасці вучняў, у гімназіі ўжо многія гады няма правапарушэнняў — гэта адзін з галоўных паказчыкаў арганізацыі і ажыццяўлення адукацыйнага працэсу.

— У Салігорску працуюць тры гімназіі. Як удаецца вытрымліваць канкурэнцыю? Чым прыцягвае навучэнцаў і іх бацькоў навучальная ўстанова?
— Сёлета мы залічылі 71 першакласніка і 74 пяцікласніка — адкрыты тры першыя і тры пятыя класы. І недахопу ў навучэнцах мы не адчуваем. Чым прыцягвае бацькоў і дзяцей наша навучальная ўстанова? Сістэмай работы, якая на працягу многіх гадоў склалася ў гімназіі. Бацькі разумеюць, што ўстанова дае трывалыя веды. Тут наладжаны пэўны парадак, дысцыпліна, і ў той жа час дзеці адчуваюць сябе свабодна, камфортна. Спалучэнне, з аднаго боку, патрабавальнасці, а з другога — дэмакратызму ў зносінах, уменне знайсці падыход да кожнага дзіцяці стварае своеасаблівы дух, імідж, які і прыцягвае сюды будучых выхаванцаў. Акрамя таго, мы штогод праводзім падрыхтоўку дашкольнікаў у першы клас у Цэнтры развіцця, які працуе на базе гімназіі. Рэгулярна ладзяцца дні адкрытых дзвярэй.
Наша гімназія вылучаецца сярод іншых навучальных устаноў горада тым, што была адкрыта на базе школы з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. Французская мова — асноўная замежная мова ў гімназіі. Каб зацікавіць дзяцей французскай мовай, з 2011 года на базе гімназіі працуе двухмоўнае франкафоннае аддзяленне. Заключана дамоўленасць з Пасольствам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. Характэрнай рысай франкафонных аддзяленняў з’яўляецца вывучэнне як мінімум адной дысцыпліны на французскай мове і ў адпаведнасці з французскай праграмай. Дадаткова выдзяляецца гадзіна французскай мовы. Вучні працуюць па арыгінальных французскіх падручніках, методыках, настаўнікі праходзяць стажыроўку ў Францыі. З 7 па 11 клас вучні штогод здаюць экзамен. А сёлета дзеці ўпершыню будуць здаваць выпускныя экзамены DELF, DALF і разам з атэстатам атрымаюць сертыфікат, які дазволіць ім без экзаменаў паступаць ва ўсе франкамоўныя УВА Еўропы.
Першае, што адрознівае навучэнцаў гімназіі ад іншых, — гэта матывацыя. Прыемна працаваць у класе, дзе дзеці хочуць вучыцца. Па-другое, тыя ўмовы, якія ствараюцца ў гімназіі для развіцця асобы дзіцяці за межамі ўрока (і клуб “Што? Дзе? Калі?”, і супрацоўніцтва з дзіцячай музычнай школай, і тэатры). Па-трэцяе, на ІІІ ступені навучання мы даём магчымасць навучэнцам рэалізаваць свой індывідуальны адукацыйны маршрут. У 2005 годзе наша ўстанова была ў ліку першых устаноў, якія апрабавалі мультыпрофіль. І зараз мы працуем у гэтым напрамку. На ІІІ ступені ў нас адкрыты тры напрамкі: хіміка-біялагічны, філалагічны і фізіка-матэматычны. Традыцыйна на працягу многіх гадоў навучэнцам, якія выбралі філалагічны напрамак, мы прапануем па жаданні факультатыўныя заняткі па матэматыцы.
Сістэма арганізацыі факультатыўных заняткаў дазваляе навучэнцам выбраць напрамак будучай прафесіі ўжо ў гімназіі. Летась вучням было прапанавана 65 факультатываў рознай накіраванасці. Прычым навучэнцы на ІІ ступені адукацыі маюць магчымасць мяняць факультатыўны курс раз у паўгода, і такім чынам да моманту пераходу на ІІІ ступень яны ў большасці выпадкаў вызначаюцца з будучай прафесіяй і, што выдатна, паступаюць таксама па выбраным напрамку.

— Ганна Казіміраўна, новы імпульс рабоце калектыву надае інавацыйная дзейнасць. Яна не дае спыняцца педагогам у сваім развіцці і прымушае рухацца наперад. Наколькі інавацыйная дзейнасць развіта ў гімназіі?
— Наша гімназія пастаянна працуе ў інавацыйным рэжыме. Летась на базе гімназіі рэалізоўвалася пяць педагагічных праектаў раённага ўзроўню і адзін інавацыйны рэспубліканскі праект “Укараненне мадэлі прадукцыйнага навучання на аснове асобаснага самавызначэння навучэнцаў”, сутнасць якога заключаецца ў тым, што навучэнцы падчас урокаў і ў пазакласнай дзейнасці не проста вывучаюць тэарэтычны матэрыял, але і атрымліваюць пэўны канчатковы прадукт — эсэ на ўроку літаратуры, міні-даследаванне па біялогіі і г.д., які дазволіць ім больш глыбока замацаваць свае веды.
Рэспубліканскі праект арганічна дапаўняюць раённыя. Калектыў настаўнікаў-прадметнікаў у межах праекта “Інфарматызацыя адукацыйнай прасторы як эфектыўны сродак забеспячэння працэсаў індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання” выкарыстоўваў у сваёй рабоце ІКТ — інтэрактыўную дошку, мультымедыйныя сродкі навучання. Настаўнікі французскай мовы некалькі апошніх гадоў працавалі над падрыхтоўкай аўтэнтычных тэкстаў для здачы экзаменаў па французскай мове. Вынікам работы сталі спецыяльныя зборнікі, якія дазволілі паспяхова выкарыстоўваць іх не толькі пры падрыхтоўцы да экзамену, але і ў алімпіядным руху. Настаўнікі пачатковых класаў працавалі над стварэннем электроннага вучэбна-метадычнага комплексу па пазакласным чытанні ў пачатковых класах.

— З такім калектывам, які ахвотна адгукаецца на ўсё новае, перадавое, мабыць, лёгка працаваць?
— І лёгка, і адказна. Наш педагагічны калектыў — гэта сплаў маладосці і вопыту. У нас працуюць 90 педагогаў, з іх амаль 96% маюць вышэйшую адукацыю, 80% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 21% педагогаў — гэта наш залаты фонд, настаўнікі, якія маюць багаты вопыт работы, працуюць з дня заснавання ўстановы і запатрабаваны да сённяшняга часу. Сярод такіх педагогаў — настаўніцы матэматыкі Алена Васільеўна Жук і Тамара Сямёнаўна Яфімчык, настаўнікі французскай мовы Анатоль Паўлавіч Давідовіч і Лілія Раманаўна Арлоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Іосіфаўна Галоўчыц, настаўніца геаграфіі Ніна Ільінічна Ефанкова і іншыя. З гонарам адзначу, што ў гімназіі працуе 13 яе выпускнікоў.
Наш калектыў прафесійны, матываваны і зацікаўлены ў выніках сваёй дзейнасці. Спектр методык і тэхналогій, якія выкарыстоўваюць нашы настаўнікі, дастаткова шырокі: ад традыцыйных да наватарскіх і інавацыйных. Сістэма метадычнай работы ў гімназіі арганізавана такім чынам, што кожны педагог мае магчымасць развівацца ў тым напрамку, які найбольш адпавядае яго прафесійным перавагам і здольнасцям.
Мы імкнёмся зрабіць так, каб маладыя педагогі, якія прыходзяць да нас у гімназію, выкарыстоўвалі магчымасць вучыцца ў больш вопытных — гэта сістэма ўзаеманаведвання ўрокаў, правядзенне адкрытых мерапрыемстваў, дэкад прафесійнага майстэрства і інш.
Прыток у гімназію маладых спецыялістаў невялікі: звычайна 2—3 педагогі ў год. Сёлета мы ўкамплектаваны кадрамі і заяўку на новы навучальны год не рабілі. За маладымі спецыялістамі, якія прыходзяць да нас у гімназію, адразу замацоўваецца вопытны педагог-настаўнік. Яны ўключаюцца ў сістэму работы “Школы маладога настаўніка”, і гэта дае ім магчымасць паступова адаптавацца, павышаць сваё прафесійнае майстэрства. Вопытныя педагогі дапамагаюць навічкам і ў вядзенні школьнай дакументацыі, і ва ўменні граматна напісаць план-канспект, і ў падборы эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання. Імкнёмся актыўна прыцягваць моладзь да грамадскага жыцця гімназіі, ствараць умовы для таго, каб ім было цікава працаваць. І хаця патрабаванні, якія прад’яўляем да маладых педагогаў, высокія, ёсць магчымасць прафесійнага росту. У выніку з гімназіі маладыя спецыялісты, як правіла, не сыходзяць.

— Як падрыхтавалася гімназія да новага навучальнага года?
— Асаблівасць падрыхтоўкі да новага навучальнага года — правядзенне рамонтных работ гаспадарчым спосабам. На гэта было выдаткавана 255 мільёнаў бюджэтных сродкаў. Завяршаюцца работы па абсталяванні шасці вучэбных кабінетаў для індывідуальных заняткаў навучэнцаў і для заняткаў замежнай мовай, а таксама рамонт актавай залы. За летнія месяцы праведзены касметычны рамонт усіх вучэбных кабінетаў, спартыўнай залы, сталовай, харчаблока, рэкрэацый. Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года мы штогод выкарыстоўваем пазабюджэтныя сродкі. За 8 месяцаў бягучага года іх выкарыстана каля 600 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, набыццё мастацкай, вучэбна-метадычнай, даведачнай і пазнавальнай літаратуры. Усе вучні, акрамя першакласнікаў і пяцікласнікаў, атрымалі вучэбную літаратуру яшчэ напрыканцы мая. Адным словам, да новага навучальнага года гімназія падрыхтавалася і чакае сваіх навучэнцаў.

— Ганна Казіміраўна, якой бачыцца навучальная ўстанова ў самай бліжэйшай будучыні? Якія пытанні хацелася б вырашыць у новым навучальным годзе?
— Будынку, у якім размяшчаецца гімназія, 40 гадоў. Безумоўна, мы праводзім рамонтныя работы, імкнёмся падтрымліваць установу ў належным стане. Але калі б нам зрабілі невялікую прыбудову, то яна дазволіла б пашырыць сетку вучэбных кабінетаў і працаваць у адну змену.
І яшчэ некалькі пажаданняў. Па-першае, лічу сёння неабходнасцю вяртанне англійскай мовы як другой абавязковай замежнай у праграму выкладання гімназіі. Гэтую ідэю актыўна падтрымліваюць навучэнцы гімназіі і іх бацькі.
Па-другое, мы вельмі рады, што ў школу вярнуўся мультыпрофіль. Мы былі б нават не супраць уключыцца ў рэспубліканскі інавацыйны праект па мультыпрофільным навучанні. Ёсць вопыт, ёсць жаданне працаваць і ёсць вынікі.
Па-трэцяе, думаю, неабходна вярнуць ва ўстановы вызваленых класных кіраўнікоў. Летась некалькі навучальных устаноў сталіцы апрабавалі праект па прыцягненні вызваленых класных кіраўнікоў у адукацыйны працэс. Мы гэта ўжо прайшлі. Калі наша гімназія толькі адкрылася, у яе штатным раскладзе былі класныя дамы. Тое, колькі рабілася імі ў плане выхаваўчай работы, фізічна немагчыма зрабіць сіламі класнага кіраўніка, які павінен працаваць як настаўнік-прадметнік, рыхтаваць вучняў да алімпіяд, займацца даследчай работай.
Наша гімназія — камерная навучальная ўстанова, вельмі ўтульная, у ёй па-дамашняму адчуваюць сябе і дзеці, і бацькі, і педагогі. Дарэчы, пры праходжанні акрэдытацыі ўстановы першае, што адзначыла камісія, адкрытасць і шчырасць дзяцей, якія з лёгкасцю ідуць на кантакт і свабодна ўзаемадзейнічаюць. У нашым школьным доме сплаў павагі і любові педагогаў да дзяцей, да сваёй прафесіі, згуртаванасць калектыву ў складаныя хвіліны, апора на бацькоў.
Я жадаю сваёй гімназіі росквіту. І веру, што ў яе ёсць будучыня, бо ёсць матываваныя дзеці, таленавітыя педагогі, адданыя бацькі. Упэўнена, усе разам мы дасягнём яшчэ большых вышынь!

— Дзякуй за размову. Цудоўнага настрою, натхнення і творчасці ў новым навучальным годзе!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.