На заняткі па здароўе і сілу

- 11:12Людзі адукацыі

Аляксей Уладзіміравіч Шавалда — кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 8 Віцебска. Прафесію малады чалавек выбраў па парадзе свайго настаўніка фізкультуры Старалядненскай сярэдняй школы Лепельскага раёна Аляксандра Мікалаевіча Зайцава. Юнак скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Фізічная культура” ў 2018 годзе. Яшчэ на 4 курсе Аляксей Уладзіміравіч прыйшоў працаваць у дзіцячы сад. Дарэчы, яго сястра Тамара Дубінец таксама працуе выхавальнікам, толькі  ў яслях-садзе № 4 Лепеля. Акрамя абавязковых фізкультурных заняткаў з малышамі, А.У.Шавалда дадаткова вядзе ў іх фітнес, а таксама трэніруе педагогаў дашкольнай установы.

“У школе маім любімым прадметам была фізкультура, — гаво­рыць Аляксей. — Я часта выступаў за школу на спартыўных спаборніцтвах. Асабліва мне падабаўся настольны тэніс і лёгкая атлетыка. Сярэдні бал атэстата пасля заканчэння школы ў мяне быў вышэйшы за 8, што дазволіла без праблем паступіць ва ўніверсітэт на бюджэтнае аддзяленне, дзе я таксама быў актыўным удзельнікам спартыўных спаборніцтваў па настольным тэнісе, займаў прызавыя месцы. Ва ўніверсітэце канчаткова вызначыўся і са сваім кірункам у спорце — лёгкая атлетыка.

На 3 курсе мяне адправілі на практыку ў школу, дзе я зразумеў, што гэта не зусім тое, чым бы мне хацелася займацца. Вучні, якія прыходзілі да мяне на ўрокі, не праяўлялі асаблівага энтузіязму да заняткаў фізкультурай, адносіліся да яе як да другаснага прадмета. Мне ж хацелася бачыць аддачу ад сваёй працы. Зусім іншая справа — дашкольнікі! З першых дзён работы ў дзіцячым садзе я заўважыў, што ўсім малым падабаецца займацца фізічнай культурай. Яны з нецярпеннем чакалі ранішнюю гімнастыку, спартыўныя мерапрыемствы. Я задумаўся над тым, як жа правільна арганізаваць сваю работу з малышамі, каб і ў далейшым фізічныя практыкаванні, рухальная актыўнасць займалі ў іх жыцці адно з вядучых месцаў. Як педагог я паставіў перад сабой мэту: не проста вучыць дзяцей выконваць фізічныя практыкаванні, а ўсебакова развіваць кожнага выхаванца, удасканальваць іх індывідуальныя, фізічныя, маральныя і валявыя якасці. Кожнае дзіця таленавітае і непаўторнае, трэба толькі дапамагчы яму раскрыцца. І калі яно з дзяцінства здаровае душой і целам, то абавязкова вырасце добрым чалавекам, а фізкультура і спорт дапамогуць яму ў гэтым”.

У калектыве Аляксей Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе як кампетэнтны спецыя­ліст, які валодае методыкай правядзення сучасных заняткаў, накіраваных на паўнавартаснае фізічнае развіццё дзяцей. Ён праводзіць прадметныя, вучэбна-трэніровачныя, сюжэт­ныя, гульнявыя, аздараўленчыя і тэматычныя заняткі. Спартыўныя святы, дні здароўя і забавы таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай прафесійнага жыцця Аляксея Ула­дзіміравіча. У дашкольным узросце вядучай дзейнасцю з’яўляецца гульня. Гульні-падарожжы, гульні-эстафеты — такія формы работы выкарыстоўвае педагог. Фізкультурныя заняткі, ранішнюю гімнастыку ён арганізоўвае пад музычнае суправаджэнне, час ад часу яму акампаніруе на фартэпіяна музычны кіраўнік сада Алеся Яўгенаўна Рашотка. Для агульнаразвіццёвых практыкаванняў А.У.Шавалда падбірае дзіцячыя, вясёлыя, энергічныя песенькі і распрацоўвае спецыяльныя комплексы практыкаванняў. Дыхальную гімнастыку, самамасаж, рэфлексію супра­ваджае дзіцячымі вершамі.

Дзеці заўсёды ўважліва слухаюць яго і дакладна выконваюць каманды, пры гэтым педагог ніколі не павышае на іх голас. Адначасова з навучаннем і ўдасканаленнем рухальных уменняў і навыкаў у дзяцей ён вырашае задачы па выхаванні ў іх свядомых адносін да свайго здароўя, прывівае асновы здаровага ладу жыцця. Дзеці з радасцю ідуць у спартыўную залу да Аляксея Ула­дзіміравіча, каб расці здаровымі і моцнымі.

Бацькі выхаванцаў спачатку былі крыху здзіўлены з’яўленню юнака ў дзіцячым са­дзе, але неўзабаве ён заваяваў іх давер і павагу. Яны актыўна пачалі прыводзіць дзяцей на заняткі гуртка “Дзіцячы фітнес”, якія дадаткова праводзіць Аляксей Уладзіміравіч. Зімой ён вучыць дзяцей катацца на лыжах. Для гэтага на тэрыторыі дашкольнай установы пракладваецца лыжня. У 2018 годзе выхаванцы Аляксея Уладзіміравіча занялі 3-е месца ў лыжных гонках Першамайскага раёна “Лучаская лыжня” на дыстанцыі 0,3 км. Малады чалавек таксама ўдзельнічаў у лыжных спаборніцтвах і ўвайшоў у дзясятку лепшых. Дарэчы, у першынстве прымала ўдзел і загадчыца ясляў-сада № 8 Віцебска Ілона Францаўна Марчанка.

На тэрыторыі ўстановы размешчаны стадыён, дзе выхаванцы праводзяць шмат часу за гульнямі. Пад наглядам педагогаў малыя з задавальненнем катаюцца на дзіцячым электраматацыкле, які падарыла ўстанове сям’я аднаго з выхаванцаў, а таксама на веласіпедах, якія таксама ёсць ва ўстанове.

Аляксей Уладзіміравіч за любую справу бярэцца з энтузіязмам і зараджае іншых сваёй энергіяй. А выхавальнікі дашкольнай установы падтрымліваюць яго пачынанні і дапамагаюць у арганізацыі і правядзенні розных мерапрыемстваў, дзе ён часта выконвае галоўную ролю. Аляксей Уладзіміравіч дапамагае калегам пры падрыхтоўцы да свят, афармляе музычную залу, выконвае некаторыя рамонтныя работы, адказвае за работу сайта ўстановы. Малады чалавек браў удзел у складанні электроннай прэзентацыі “Кніга памяці” да Дня Перамогі. У яе ўвайшлі матэрыялы педагогаў і выхаванцаў дашкольнай установы пра сваякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, А.У.Шавалда праводзіць заняткі па фітнесе для сваіх калег, дзе прапануе камбінаваныя трэніроўкі, комплексы практыкаванняў, у якія абавязкова ўваходзіць кардыянагрузка, практыкаванні на расцяжку з улікам узросту і фізічных магчымасцей кожнага. У планах маладога чалавека арганізаваць заняткі фітнесам для бацькоў выхаванцаў, а таксама пачаць ву­чыць малышоў гульні ў настольны тэніс. 

Для прафесійнага развіцця Аляксей Уладзі­міравіч наведвае метадычныя аб’яднанні кіраўнікоў фізічнага выхавання Першамайскага раёна Віцебска, ён стаў пераможцам першага тура фестывалю “Педагагічны дэбют” Першамайскага раёна Віцебска (выйшаў у фінал, дзе пазмагаецца за 1-е месца). У вольны час падтрымлівае сваю спартыўную форму, трэніруецца, бегае. Плануе звязаць свой далейшы лёс са спортам, паспрабаваць сябе ў трэнерскай дзейнасці, якую хацеў бы сумяшчаць з работай у дашкольнай установе. Ён шмат чытае пра арганізацыю фізкультурнай работы з дашкольнікамі, чэрпае з літаратуры новыя ідэі для сваіх заняткаў і абавязкова рэалізоўвае іх.

Надзея ЦЕРАХАВА.