Набліжаючы будучыню

- 11:50Навука і інавацыі

Каманда вучоных БДУ — у глабальным еўрапейскім праекце

У кастрычніку 2013 года Еўрапейская камісія запусціла глабальны праект “Графен”, на рэалізацыю якога выдаткаваны 1 мільярд еўра і 9 гадоў інтэнсіўнай працы. Праект аб’яднаў амаль паўтары сотні навуковых і прамысловых арганізацый Еўрапейскага саюза. Вынікам павінны стаць новыя прарыўныя тэхналогіі, заснаваныя на ўнікальных уласцівасцях графену. Адметна, што ўдзел у праекце прымае адна арганізацыя з Усходняй Еўропы — НДІ ядзерных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Каманда з БДУ далучылася да праекта ў 2014 годзе, што стала магчымым дзякуючы значным напрацоўкам у даследаванні графену. Мінскія навукоўцы не проста вывучылі пэўныя ўласцівасці гэтага даволі новага і загадкавага матэрыялу, але і прапанавалі на яго аснове метад эфектыўнай абароны ад мікрахвалевага выпраменьвання.

Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі нанаэлектрамагнетызму НДІ ядзерных праблем Канстанцін Батракоў тлумачыць, што графен валодае ўнікальнымі фізічнымі, хімічнымі і электрычнымі ўласцівасцямі. Задача праекта — выявіць іх і знайсці ім практычнае прымяненне.

— Грыфель алоўка — гэта графіт, які складаецца з мноства плоскасцей. Калі адлушчыць адну такую плоскасць, то гэта і будзе графен, — Канстанцін Германавіч перакладае на простую мову тое, за што ў 2010 годзе навукоўцы К.Навасёлаў і А.Гейм атрымалі Нобелеўскую прэмію. — Раней лічылася, што танюсенькія, у адзін атам, пласцінкі графену не могуць існаваць, а тым больш выкарыстоўвацца на практыцы па прычыне сваёй няўстойлівасці (маўляў, матэрыялы могуць быць толькі трохмернымі). Але ў 2004 годзе графен усё ж такі ўдалося атрымаць. Ён аказаўся даволі стабільным, і вучоныя адкрываюць у ім усё новыя і новыя ўласцівасці.

На сёння гэта самае трывалае, лёгкае і электраправоднае вугляроднае злучэнне (электраправоднасць графену ў сто разоў большая, чым крэмнію). Ёсць падставы меркаваць, што графен у хуткім часе заменіць крэмній, а гэта значыць, з’явяцца на парадак больш магутныя і хуткадзейныя камп’ютары, больш эфектыўныя сонечныя батарэі, гнуткія святлодыёды і маніторы на аснове графену і г.д. Дзякуючы гэтаму незвычайнаму матэрыялу, істотна зменшацца ў памерах і электронныя мікрасхемы, і самі прыборы.

— Графен — гэта найтанчэйшы матэрыял, які толькі можна ўявіць, бо яго таўшчыня ўсяго адзін атам, — гаворыць Канстанцін Батракоў. — І многае з таго, што раней лічылася фантастыкай, дзякуючы графену будзе ўвасабляцца ў жыццё. Напрыклад, мініяцюрныя лінзы для вачэй, дзе могуць праецыравацца розныя выявы, або графенавае пакрыццё на акно, якое прапускае дзённае святло, але пры пэўных умовах можа ператварацца ў тэлевізійны экран, і г.д. Акрамя таго, графен можа вытрымліваць вельмі высокае напружанне (у 20 разоў большае, чым сталь), што дае магчымасць для разнастайнага механічнага прымянення гэтага матэрыялу.

Навукоўцы разлічваюць, што графен знойдзе шырокае прымяненне і ў медыцыне. Ужо сёння вядомы супрацьпухлінныя ўласцівасці гэтага матэрыялу.

Еўрапейскі праект “Графен” закліканы аб’яднаць намаганні вучоных розных краін і паскорыць працэс укаранення тэарэтычных напрацовак, назапашаных у навуковых калектывах, у прамысловасць. Як паведаміў дырэктар НДІ ядзерных праблем БДУ прафесар Сяргей Максіменка, па праекце “Графен” мінскія вучоныя актыўна ўзаемадзейнічаюць з камандамі з Бельгіі, Грэцыі, Італіі, Фінляндыі, Літвы, Францыі і іншых краін.
— Мы супрацоўнічаем з вельмі моцнымі міжнароднымі камандамі і прызнанымі навукоўцамі, — адзначыў Сяргей Афанасьевіч. — Дзякуючы праекту, мы не толькі атрымліваем дадатковыя сродкі на даследванні, але і маем магчымасць ездзіць да нашых еўрапейскіх калег для сумеснай працы і ўдзельнічаць у канферэнцыях у іншых краінах. Еўрапейцы таксама прыязджаюць у Мінск. Вельмі важна, што мы маем доступ да перадавога навуковага абсталявання. Удзел у такіх праектах, як “Графен” (дарэчы, на яго рэалізацыю мы атрымалі ад Еўракамісіі 150 тысяч еўра), асабліва карысны для нашай моладзі. Нездарма сярэдні ўзрост супрацоўнікаў лабараторыі нанаэлектрамагнетызму, якая рэалізоўвае праект з беларускага боку, — каля 30 гадоў. Маладыя людзі праводзяць цікавыя даследаванні, бачаць перспектыву і ўмацоўваюцца ў сваім жаданні займацца навукай.

Дарэчы, спецыялісты НДІ ядзерных праблем БДУ не толькі даследуюць графен, але і навучыліся самі здабываць яго для навуковых мэт. Разам з калегамі з Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі яны стварылі абсталяванне для атрымання графену метадам хімічнага асаджэння і адпаведнае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіла ў значнай ступені аўтаматызаваць працэс. Справа ў тым, што графен далёка не танны матэрыял. Сёння 1 кв.см графену высокай якасці на меднай падложцы каштуе звыш 100 еўра. Таму мінскія вучоныя актыўна адпрацоўваюць методыку атрымання графену вялікай плошчы паверхні і добрай якасці. Іх задача — стварыць паўнавартасны цыкл, каб пераносіць яго на любую падложку — медзь, кварц, крэмній і г.д.

Графен — новы матэрыял, які сёння шырока даследуюць ва ўсім свеце. Еўрапейскі саюз хоча захаваць сусветнае лідарства ў гэтым напрамку, — гаворыць Сяргей Афанасьевіч. — Тое, што каманда НДІ ядзерных праблем БДУ ўдзельнічае ў гэтым праекце, гаворыць пра вельмі высокі ўзровень нашых даследаванняў. Мы экспартуем не руду, нафту ці метал, мы экспартуем самы дарагі тавар, што існуе на рынку, — нашы веды. Моц праекта “Графен” у тым, што ўсе яго ўдзельнікі маюць доступ да сумесных вынікаў. Усе веды, якія мы атрымаем, пойдуць не толькі на карысць нашага калектыву, але і будуць запатрабаваны ў еўрапейскім маштабе. У той жа час веды, атрыманыя ў іншых краінах Еўрапейскага саюза, пойдуць у скарбонку Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Дарэчы, сёння ў нашай краіне пры падтрымцы Еўрапейскага саюза рэалізоўваецца каля паўсотні праектаў у галіне адукацыі, навукі, культуры, зялёнай эканомікі, рэгіянальнага развіцця і інш. Конкурсы на ўдзел у розных праектах абвяшчаюцца пастаянна, і актыўным беларусам, якімі, без сумнення, з’яўляюцца настаўнікі, варта прапаноўваць свае ідэі. Вопыт мінскіх навукоўцаў — прыклад таго, што магчыма ўсё. Зайдзіце на сайт http://euprojects.by. І нават калі ў вас пакуль няма канкрэтнай прапановы, магчыма, чыйсці вопыт натхніць вас на цікавыя справы.