Набытак нашай краіны

- 16:22Апошнія запісы, Культура, Рознае

Надоечы завяршыўся мінскі этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-вакацыі”, арганізаванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. На працягу некалькіх тыдняў студэнты сталічных універсітэтаў і інстытутаў дэманстравалі свае вакальныя, хараэаграфічныя і акцёрскія таленты, прымушаючы здзіўляцца і захапляцца ўдзячных гледачоў, у тым ліку сяброў кампетэнтнага журы. Апошняе, безумоўна, яшчэ скажа сваё ўзважанае слова, не толькі размеркаваўшы дыпломы пераможцаў, але і адабраўшы лепшыя з лепшых нумароў для заключнага гала-канцэрта.

А завяршылі мінскую эстафету сёлетніх “АРТ-вакацый”, адпаведна 2 і 3 мая, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Лінгвісты і пагранічнікі! Вартавыя моўнай стыхіі і абаронцы дзяржаўнай мяжы! Тысячы кіламетраў душэўных хваль, мільёны гігабайтаў ментальнага кантэнту, здавалася б, аддаляюць іх адно ад аднаго. Але атрымалася так, што менавіта яны, лінгвісты і пагранічнікі, паставілі самую яркую кропку ў творчым марафоне пад назвай “АРТ-вакацыі — 2014” і на ўсе сто працэнтаў апраўдалі іх сёлетні лозунг “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці!”.
Куратары праграмы МДЛУ — а гэта найперш начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы ўніверсітэта Яўгенія Іосіфаўна Вінакур — здзівілі ўжо нават тым, як выбудавалі прэзентацыю сваіх творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Гледачам было прапанавана дзейства з двух аддзяленняў: паўнацэннага (амаль на гадзіну!) канцэрта студэнцкага хору Cantus Juventae ў фае ўніверсітэта перад актавай залай і асобнай вакальна-харэаграфічнай праграмы з умоўнай назвай “Радыё In-Yazz” непасрэдна ў самой актавай зале.

Тут варта заўважыць, што наогул мастацкае жыццё і, так бы мовіць, вольны час Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта як адной з найбуйнейшых альма-матар краіны характарызуе ў першую чаргу не колькасць творчых калектываў, а іх прафесійная якасць. Можна сказаць проста: дрэннае, нізкапрафесійнае тут проста не любяць і не робяць, не прадуцыруюць і не прадзюсіруюць. А стаўку зрабілі літаральна на некалькіх брэндах, якія штогод пацвярджаюць свой узровень на самых розных конкурсах і фестывалях, у тым ліку на “АРТ-вакацыях”. Вось яны, гэтыя яркія творчыя брэнды МДЛУ: студэнцкі хор Cantus Juventae (кіраўнік Павел Мікалаевіч Шэпелеў), вакальная студыя “Фольк-мадэрн” (кіраўнікі Ганна Сяргееўна Кавалёва, Таццяна Вячаславаўна Міхалькевіч), тэатр танца “Рэнесанс данс” (кіраўнікі Яніна Канстанцінаўна Ермачэнкава, Алена Аляксандраўна Кучаравая). Яны і ёсць аблічча лінгвістычнага ўніверсітэта ў песенным, танцавальным і іншых жанрах, на іх і трымалася цудоўная праграма, паказаная 2 мая на “АРТ-вакацыях” (сцэнарыст і рэжысёр Максім Сяргеевіч Дзямідаў).

Студэнцкі хор Cantus Juventae прадставіў сваю творчасць у самых розных харавых жанрах, пачынаючы ад вядомых беларускіх і рускіх народных песень і заканчваючы негрыцянскімі спірычуэлсамі. Аўтара гэтых радкоў асабліва ўразіла выкананне хорам адной эстонскай народнай песні. Нязвыклая для беларускага вуха мова, скандынаўская ледзяная страсць у мелодыцы, светлыя адухоўленыя твары дзяўчат і юнакоў — усё гэта праймала да глыбіні душы. Пазней я даведаўся, што гэтую песню кіраўнік хору Павел Мікалаевіч Шэпелеў пазычыў у свайго эстонскага калегі падчас фестывалю ў Каўнасе — беларусаў тады, як, напэўна, цяпер і мяне, скарыла яна ў выкананні эстонскіх студэнтаў. Кіраўнікі харавых калектываў абмяняліся партытурамі (нашы ў сваю чаргу падарылі эстонцам беларускую народную песню) — вось, уласна кажучы, і ўвесь цуд…

А музычна-харэаграфічная праграма “ін’язаўцаў” з першых жа хвілін захапіла сваім арыгінальным рэжысёрскім рашэннем. Ужо сама па сабе выйгрышная ў студэнцкім асяроддзі тэма FМ-радыё набыла нечаканы паварот, калі дырэктар радыё In-Yazz Дзмітрый Дзмітрыевіч даведваецца, што нейкія канкурэнты з іншай радыёстанцыі запусцілі дваццаць мінут назад такі ж самы музычны марафон, які думалі наладзіць “ін’язаўцы”. Што рабіць? Безумоўна, уключаць мазгі, шукаць новыя ідэі, каб не ўпусціць слухача! А “новае” — гэта ўсё добрае і, як наша планета, вечнае: цудоўная беларуская прырода, мілыя беларускія дзяўчаты, самабытная беларуская культура, мілагучная беларуская мова… А яшчэ тое, што не паддаецца сумненню ўсімі нармальнымі людзьмі і тым больш грамадзянамі нашай краіны, — святая памяць пра перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, даніна павагі ветэранам, гонар за іх подзвіг. Усе гэтыя тэмы і ахапілі ў сваёй насычанай праграме студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта, падарыўшы гледачам і слухачам такія дыхтоўныя кампазіцыі, як “Васільковае неба”, “Каралева прыгажосці”, “Вечная любоў”, “Беларусь”, “Што за месяц”, “Каліна ды маліна”, “Папуры ваенных песень”, “Ветэранам мінулай вайны” і інш. Адмысловай кульмінацыяй праграмы “ін’язаўцаў” стаў надзвычай дынамічны спартыўна-мастацкі нумар “Беларусь спартыўная” з выхадам на сцэну юных хакеістаў з дзіцячай школы алімпійскага рэзерву па хакеі і з такой прэамбулай вядучага (перад гэтым у рэдактара і карэспандэнтаў радыё In-Yazz завязалася спрэчка адносна таго, якую тэму выбраць для музычнага марафону: прыроду, дзяўчат, спорт, вайну ці культуру): “Спыніцеся, не спрачайцеся! Я ведаю, што нас усіх аб’яднае. Беларусь — гэта незвычайна прыгожая краіна, у якой жывуць самыя прывабныя дзяўчаты, якімі захапляецца ўвесь свет. А таксама мы вельмі любім нашу культуру і родную мову. Мы ніколі не забудзем вялікі подзвіг нашага народа і будзем ганарыцца сучасным пакаленнем, якое не губляе часу і рухаецца наперад, праслаўляючы нашу краіну, як бацькі і дзяды. І ўсё гэта можна назваць адным ёмістым словам — набытак. Набытак нашай краіны”.
Пасля канцэрта да мяне падышла нязменны арганізатар “АРТ-вакацый” загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ Алена Сяргееўна Лаўрыновіч і, узрушаная, сказала: “Мікалай Мікалаевіч! А вам не трэба будзе нават выдумляць загаловак для артыкула! Вось жа ён: “Набытак нашай краіны”.

А я тым часам меў гутарку з рэктарам МДЛУ Наталляй Пятроўнай Баранавай, якая сказала, здаецца, пра вельмі важныя для яе рэчы: “У многіх адносінах сённяшні канцэрт быў для мяне нечаканым. Таму што студэнты вырашылі зрабіць нам сюрпрыз, быццам сказалі: “Мы вам пакажам на канцэрце ўсё новае, усё тое, што вы яшчэ не бачылі!” І сапраўды, усё, што мы бачылі сёння на сцэне (за выключэннем хіба толькі нацыянальнага беларускага танца з рэпертуару ансамбля “Харошкі”), было паказана ўпершыню. І гэты сюрпрыз мяне вельмі парадаваў, бо сама ідэя канцэрта, яго пабудова, мастацка-творчае рашэнне і тэматычнае напаўненне — усё гэта было народжана самімі студэнтамі. Яны паспрабавалі сабраць у гэтай ідэі ўсё галоўнае для іх сёння. І паглядзіце, як яны ўсё гэта хораша зрабілі. Беларусь — гэта цудоўная прырода, унікальная культура, прыгожыя дзяўчаты, наогул нераўнадушная моладзь… А галоўнае, Беларусь — гэта тое, што нас усіх яднае! Безумоўна, прыемна і тое, што студэнты не забылі і пра галоўную спартыўную падзею года — чэмпіянат свету па хакеі, у якім, дарэчы, задзейнічана больш за тысячу студэнтаў нашага ўніверсітэта! Яны прымаюць гэтую падзею з адкрытай душой і адкрытым сэрцам! А яшчэ мяне, канечне, парадавалі кіраўнікі нашых мастацкіх калектываў. У нас па пятніцах на працягу ўсяго навучальнага года адбываюцца адмысловыя творчыя сустрэчы, калі кожны факультэт па чарзе паказвае як бы свой аўтапартрэт — з мастацкімі нумарамі і агучваннем тых ці іншых праблем. І сёння я нават крыху перажывала, што на канцэрце не прагучалі тыя бліскучыя нумары, якія мы ўжо бачылі па пятніцах. Затое кіраўнікі калектываў зрабілі нешта зусім новае. Я потым гэта зразумела. Яны проста вырашылі нас здзівіць: “А вось глядзіце, мы зрабілі яшчэ гэта!” І, разумееце, сёння для нашых студэнтаў было галоўным нават не стаць пераможцамі ў “АРТ-вакацыях”, а ста ць пераможцамі… як бы гэта сказаць… стаць пераможцамі саміх сябе! Ім падабаецца тварыць на сцэне! І яны твораць! Самазабыўна, аддана, шчыра. І наш удзел у аглядзе-конкурсе “АРТ-вакацыі” — гэта не проста ўдзел у мерапрыемстве, не проста справаздачны канцэрт нашых калектываў. Гэта яшчэ адна прыступка ў самавыяўленні нашых студэнтаў. Яны выяўляюць свае пачуцці да ўніверсітэта, да акаляючых людзей, да сваёй краіны праз уласную творчасць. І нас гэта вельмі радуе, таму што самае галоўнае, што змяняе чалавека знутры, — гэта эмоцыі. І яны нам дораць гэтыя цудоўныя шчырыя эмоцыі маладосці! І тое, як яны бачаць сённяшні дзень Беларусі, — проста цудоўна”.

А яшчэ мне падаўся дастаткова цікавым наступны паварот думкі Наталлі Пятроўны: “Як вы, напэўна, заўважылі, у выкананні і хору Cantus Juventae, і іншых нашых калектываў прагучала нямала менавіта нацыянальных беларускіх нумароў. Для нас гэта вельмі важна! Ведаеце, я наогул думаю, галоўнае, што мы падарылі нашай моладзі за гады незалежнай Беларусі, — гэта тое, што мы вярнулі ёй глыбокую павагу да ўласнай культуры і мовы. У гэтым сэнсе нашы маладыя людзі не былі такімі, як зараз, у пачатку 90-х. Тады яны саромеліся гаварыць па-беларуску, лічылася, што ў такім разе ты чалавек не самага высокага гатунку. А цяпер яны, з аднаго боку, сціплыя, нічога не выпукляюць, але, з другога боку, яны (я гавару пра студэнтаў нашага ўніверсітэта) цудоўна валодаюць роднай мовай, вельмі паважаюць яе, пры гэтым паважаючы і культуру той жа Расіі, Польшчы, Украіны… Я сёння на канцэрце ўбачыла, як балюча яны ўспрымаюць тое, што адбываецца ва Украіне. Убачыла ў адной фразе, пачутай са сцэны: “Абы не было вайны…” Тут увесь іх боль — і за Украіну, і за Расію, і за Беларусь. За ўсе славянскія народы”.

— Наталля Пятроўна, мушу вам прызнацца, што выступленні вашага ўніверсітэта на “АРТ-вакацыях” мяне ўражвалі заўсёды — не толькі сёння, але і два, і чатыры, і шэсць гадоў назад. Можа быць, у “ін’язаўцаў” ёсць нейкая асаблівая формула поспеху на сцэне?
— На самай справе ўсё вельмі проста. Мова, галоўная іх стыхія, — гэта таксама мастацтва. І валоданне мовай — гэта мастацтва, не раўнуючы як тое, што мы бачым на сцэне. Мы з году ў год не перастаём здзіўляцца ад таго, што ўсе нашы абітурыенты чамусьці схільны да мастацтва, творчага самавыяўлення. Такіх дзяўчат і юнакоў лінгвістычны ўніверсітэт прыцягвае як магніт. І праз мастацкую творчасць яны становяцца толькі больш упэўненымі, больш падрыхтаванымі да работы з людзьмі, якая чакае іх у дарослым жыцці.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.