Наперад да вяршынь

- 9:20Людзі адукацыі

Паспяховае выступленне на рэспубліканскай алімпіядзе патрабуе ад навучэнцаў інтэлектуальнай сталасці, камунікабельнасці, развітой вуснай і пісьмовай мовы, умення хутка ацэньваць новую інфармацыю, канцэнтравацца для выканання пастаўленай задачы. Менавіта такіх навучэнцаў рыхтуе настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Воранаўскай сярэдняй школы Таццяна Антонаўна Пушнянкова.

На Воранаўшчыне Таццяну Антонаўну ведаюць як таленавітага педагога, імя якога штогод гу­чыць на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды. Настаўніца падбірае якасны матэрыял, дае яго на перспектыву, вучыць школьнікаў бачыць ключавыя элементы пры вывучэнні пэўных тэм. На занятках Таццяна Антонаўна не проста настаўніца, кіраўнік вучэбнага працэсу. Яна, хутчэй, сябар для будучага алімпіядніка, які дапамагае яму выбраць правільны шлях, накіроўвае да ведаў, выконвае ролю правадыра ў свеце інфармацыі.

Першае выніковае выступленне на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды адбылося ў 2013/2014 навучальным годзе. І з таго часу вучні нашай гераіні сістэматычна становяцца прызёрамі на ўсіх этапах алімпіяды. Выніковасць работы з адоранымі дзецьмі пацвярджаецца наступнымі дасягненнямі: на абласным этапе алімпіяды — 5 дыпломаў І ступені, 4 дыпломы ІІ ступені, 2 дыпломы ІІІ ступені; на заключным этапе — 1 дыплом І ступені, 2 дыпломы ІІ ступені, 2 дыпломы ІІІ ступені.

Таццяна Антонаўна лі­чыць, што самае галоўнае — лю­біць свой прадмет, пастаянна абнаў­ляць уласныя веды, ісці ў нагу з часам. Педагог памятае ўсіх сваіх вучняў: усе яны розныя, у кожнага свой інтарэс — камусьці цікава ўдзельнічаць у алімпіядах, хтосьці імкнецца да сертыфіката ў 100 балаў па прадмеце. Кожнаму настаўнік аддае часцінку сябе. Педагог лічыць, што пры падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды прафесійную дапамогу павінен аказваць і педагог-псіхолаг з мэтай кантролю за саматычным і псіхічным станам навучэнцаў, пры неабходнасці забяспечыць сацыяльна-спрыяльную атмасферу.

Выніковым для навучэнцаў Таццяны Антонаўны стаў і 2020/2021 навучальны год — дыпломы І і ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па грамадазнаўстве, дыплом ІІ ступені на заключ­ным этапе. Алімпіядны рух дае настаўніцы магчымасць разам з навучэнцамі падымацца вышэй і вышэй па прыступках навукі.

За плённую працу, творчы падыход да педагагічнай дзейнасці, выніковую работу з адоранымі дзецьмі настаўніца адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку ганаровымі граматамі Воранаўскага райвыканкама, дыпломамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, граматай і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзякай Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усяго ў скарбонцы педагога 14 узнагарод.

Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст Воранаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.