Нарвегія: навукоўцы заявілі аб зніжэнні ўзроўню інтэлекту чалавецтва

- 14:29Паралелі

Спецыялісты Цэнтра эканамічных даследаванняў Ragnar Frisch (Нарвегія) прааналізавалі вынікі 730 тысяч IQ-тэстаў людзей, якія паступалі на вайсковую службу ў 1970—2009 гадах, і зафіксавалі паступовае зніжэнне ўзроўню інтэлекту людзей.

Навукоўцы патлумачылі, што ў пачатку мінулага стагоддзя, паводле папярэдніх даследаванняў, узровень IQ насельніцтва вырас. Верагодна, гэта было звязана з паляпшэннем харчавання, а таксама павышэннем узроўню адукацыі і аховы здароўя.

Аднак пасля “эфект Фліна” змяніўся на супрацьлеглы — інтэлектуальныя здольнасці людзей пачалі зніжацца. Так, за пакаленне іх узровень апускаўся ў сярэднім на 7 пунктаў.

Такую з’яву спецыялісты звязваюць са зменай ладу жыцця, з’яўленнем інтэрнэту, а таксама фактарамі навакольнага асяроддзя, перадае MedicalXpress.

“Эфект Фліна” — статыстычны феномен, які выяўляецца ў паступовым павышэнні паказчыкаў каэфіцыента інтэлекту (IQ) з цягам часу, як у асобных краінах, так і ў цэлым па свеце. Эфект названы ў гонар новазеландскага філосафа Джэймса Фліна, які ў 1984 годзе апублікаваў артыкул “The mean IQ of Americans: Massive gains 1932 to 1978” у часопісе Psychological Bulletin.

“Эфект Фліна” заключаецца ў наступным: з цягам часу медыяннае значэнне ўзрастае, становячыся вышэй за 100. Новыя ўдзельнікі тэсціравання паказваюць на старых тэстах усё больш высокія вынікі. Гэта азначае, што сярэдні IQ навейшага часу, вызначаны па новых тэстах, адпавядае больш высокаму IQ мінулых гадоў. Такім чынам, сярэдні IQ людзей бесперапынна павышаецца, а складанасць тэстаў няспынна ўзрастае.