Наш год — наш выбар!

- 11:30Спартыўныя падзеі

Грэчаская Алімпія — гэта месца, куды ў старажытнасці з’язджаліся для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях самыя хуткія і моцныя атлеты. Беларуская “Алімпія” збірае смелых і моцных духам людзей. Удзельнікі рэспубліканскага спартыўнага фестывалю працоўнай моладзі “Алімпія” — юнакі і дзяўчаты, якія прысвяцілі сябе рабоце ў органах дзяржаўнага кіравання. Па традыцыі летам яны сабраліся разам на беразе ракі Іслачы, каля пасёлка Ракава, што на Валожыншчыне, каб пазнаёміцца, паспаборнічаць, павучыцца.

Фестываль “Алімпія”, які праводзіцца БРСМ пры падтрымцы адразу некалькіх міністэрстваў і ведамстваў, у гэтым годзе аб’яднаў 19 каманд — каля паўтысячы чалавек. Ужо 11 гадоў запар арганізатары здзіўляюць цікавымі мерапрыемствамі і новымі ідэямі. За гэты час “Алімпія” выйшла за рамкі проста спартыўнага спаборніцтва, набыла пэўны статус і стала важнай пляцоўкай для зносін моладзі. Сёлета, у Год моладзі і год выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, арганізатары заявілі аб “перазагрузцы”, і “Алімпія” ператварылася са спартыўна-забаўляльнага фестывалю ў спартыўна-адукацыйны форум, галоўная мэта якога — аб’яднанне і навучанне юнакоў і дзяўчат праз трэнінгавыя і лідарскія праграмы, правядзенне майстар-класаў, прэзентацый, цікавых сустрэч. Насычанаму падзеямі мерапрыемству дала старт прыгожая, дынамічная цырымонія адкрыцця. Удзельнікі запалілі агонь “Алімпіі” і пусцілі ў падарожжа па Іслачы вянкі. У адкрыцці і некаторых мерапрыемствах форуму прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, міністр працы і сацыяльнай абароны старшыня Беларускага саюза жанчын Мар’яна Шчоткіна, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Крывашэеў, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык і яшчэ шэраг ганаровых гасцей. Цікавасць такой колькасці высокіх гасцей невыпадковая: удзельнікі “Алімпіі” — гэта залаты запас кадраў, маладзёжныя лідары, патэнцыяльныя кіраўнікі, а работа з імі стратэгічна важная.
“Па слаўнай традыцыі форум збірае маладых ініцыятыўных людзей, якія сваю працоўную дзейнасць прысвяцілі службе ў органах дзяржаўнай улады. Сёння дзяржава не толькі робіць стаўку на моладзь, але і давярае ёй вырашэнне важных і адказных задач. Разам мы робім усё, для таго каб квітнела наша родная Беларусь”, — вітала прысутных намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.
Падтрымку мерапрыемству аказала і Міністэрства адукацыі. Дарэчы, упершыню каманда міністэрства прыехала на фестываль у якасці ўдзельнікаў. “Гэтае мерапрыемства для асобнай катэгорыі моладзі — будучых дзяржслужачых. Яны зрабілі ў сваім жыцці правільны, смелы выбар, але гэта нялёгкая ноша. І цудоўна, што ёсць комплекс мер для іх падтрымкі, у тым ліку гэты фестываль, — расказвае намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. — “Алімпія” — традыцыйнае мерапрыемства. Думаю, што традыцыяй стане і ўдзел каманды Міністэрства адукацыі ў ім”.На працягу трох дзён работа ладзілася на пяці інтэрактыўных пляцоўках. У дзень адкрыцця фестывалю ўдзельнікі пазнаёміліся з усімі пляцоўкамі, але ў цэнтры найбольшай увагі апынулася пляцоўка “Выбірай.by!”. Тут адбыліся адкрытыя дэбаты “Наш год — наш выбар”. Дзве каманды, высокія госці ў ролі экспертаў і каля чатырохсот гледачоў удзельнічалі ў дыскусіі на тэму “Развіццё кадравай палітыкі, работа з перспектыўным маладзёжным кадравым рэзервам у Рэспубліцы Беларусь”. Мадэратарам дэбатаў стаў Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка”, палітолаг, тэлежурналіст. Прадставіўшыся, каманды задавалі адна адной вострыя пытанні па тэме. Так, цікавіліся меркаваннем апанентаў пра інстытут размеркавання, як часта павінна адбывацца ратацыя кадраў у дзяржустановах, ці магчымы сімбіёз старых вопытных кадраў і найноўшых тэхналогій, а таксама ці трэба праводзіць дзень наадварот, калі начальнікі і падначаленыя мяняюцца месцамі. Потым настаў час для пытанняў ад экспертаў. Іх цікавіла, што ўдзельнікі каманд зрабілі б для павышэння прэстыжу дзяржслужбы, на якіх пасадах яны бачаць сябе ў будучыні, якая, на іх погляд, галоўная рыса характару добрага кіраўніка і ці згодны маладыя людзі, што не бывае дрэнных салдат, а толькі дрэнныя камандзіры. Удзельнікі каманд адказвалі хутка, змястоўна і з гумарам, чым выклікалі пахвалу і адабрэнне экспертаў. Так, Наталля Іванаўна Качанава адзначыла, што маладыя людзі дакладна разумеюць задачу дзяржслужачага і што многія выказванні ўдзельнікаў дэбатаў ёй імпануюць. Барыс Уладзіміравіч Святлоў назваў дэбаты ўзорам добрага дзелавога абмеркавання, а Леанід Васільевіч Анфімаў шчыра заявіў, што некаторыя агучаныя заўвагі будзе ўлічваць у сваёй далейшай рабоце.
Актыўнай была работа пляцоўкі “Выбірай.by!” і ў наступныя дні. Удзельнікі фестывалю былі запрошаны на адукацыйныя семінары “Беларусь у сучаснай геапалітычнай сітуацыі” і “Сучасная інфармацыйная вайна”. А ў апошні дзень работы форуму капітаны каманд разам з арганізатарамі абмеркавалі на пляцоўцы, якім быць фестывалю “Алімпія” ў наступным годзе. Пляцоўка “Я — лідар, я — прафесіянал” стала месцам цікавых і карысных сустрэч. Тут праводзілі майстар-класы медыйныя персоны і вядомыя бізнесмены, яны расказалі свае гісторыі поспеху і раскрылі сакрэты прафесійнага майстэрства. Таксама інтэрактыўная пляцоўка прапанавала лідарскія трэнінгі “Псіхалагічны партрэт лідара”, “Кірмаш абмену” і інш.
Месцам, дзе ажывае гісторыя, стала пляцоўка “Я — патрыёт”. Тут размясцілася невялічкая выстава вагона-музея маладзёжнага агітцягніка “Кветкі Вялікай Перамогі”, і кожны жадаючы мог у вольны час наведаць міні-музей. На гэтай жа пляцоўцы можна было ўбачыць рэканструкцыі эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх ажыццяўлялі члены ваенна-гістарычнага клуба “Гарнізон”, які дзейнічае пры Брэсцкай абласной арганізацыі БРСМ. Таксама на гэтай жа пляцоўцы прайшоў семінар-трэнінг “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, дзе моладзь удзельнічала ў сур’ёзных ролевых гульнях. Падчас першай — “Сімвалы маёй дзяржавы” — удзельнікі абмяркоўвалі важнасць і значэнне дзяржаўных сімвалаў. Другая ж ролевая гульня — “Наш кандыдат лепшы!” — навучыла юнакоў і дзяўчат перадвыбарным тэхналогіям і дапамагла выпрацаваць практычныя навыкі паводзін падчас выбараў.
На пляцоўцы “Беларусь спартыўная” ўвесь час было горача. Каманды спрачаліся за званне лепшых у футболе, валейболе, перацягванні каната, дартсе, настольным тэнісе. Натхненне і настрой на перамогу “алімпійцам” дарылі майстры варкаўта на сваім майстар-класе.
Галоўная сцэна ператварылася ў пляцоўку “Беларусь творчая”. Тут удзельнікі фестывалю не толькі выступалі з творчымі візітоўкамі і атрымлівалі асалоду ад выступленняў артыстаў, але і вучыліся новаму. Пляцоўка прапанавала ўсім жадаючым паспрабаваць сябе ў сучасных танцах, бодзі-арце, майстэрстве ігры на гітары і скрыпцы.Неафіцыйна шостай пляцоўкай стаў палатачны лагер, дзе да позняй ночы абмяркоўвалі насычаныя падзеямі дні, святкавалі перамогі і журыліся з-за няўдач. І гэтая пляцоўка таксама стала месцам спаборніцтваў. Тут прайшлі конкурсы афармлення лагераў каманд, прыгатавання страў і песень ля кастра. Да стварэння прыгажосці і камфорту ў сваім часовым жытле каманды падышлі адказна і з крэатывам. У палатачным гарадку можна было знайсці паэтычны сад, вясковы падворак, ваенны гарнізон і яшчэ многа цікавага.
Сёлета “Алімпія” дала маладым лідарам мноства новых ведаў, падарыла магчымасць павысіць ідэалагічную, прававую і дзелавую культуру, паглыбіць веды ў галіне сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, псіхалогіі кіравання, арганізацыйных форм работы. І калі веды і ўменні атрымалі ўсе жадаючыя, то перамогу ў спаборніцтвах — толькі лепшыя. Так, самай творчай была каманда актыву БРСМ Міністэрства ўнутраных спраў. Яна, па меркаванні журы, прадставіла лепшую візітоўку. Самымі гаспадарлівымі былі ўдзельнікі зборнай Мінскай абласной арганізацыі БРСМ, якія перамаглі ў конкурсе на лепшае афармленне лагера. У перацягванні каната першае месца заняла каманда Камітэта дзяржаўнага кантролю, у футболе — Міністэрства па падатках і зборах, у валейболе — Міністэрства адукацыі. Пераможцай па выніках усіх конкурсаў стала каманда Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ.
“Наш год — наш выбар!” — заяўляюць прадстаўнікі самай масавай і актыўнай маладзёжнай арганізацыі нашай краіны. Пад гэтым лозунгам прайшоў фестываль “Алімпія” і яшчэ мноства яскравых, пазітыўных мерапрыемстваў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.