Настаўнік літаратуры павінен быць добрым псіхолагам

- 12:22Суразмоўца

Настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна Васіль Уладзіміравіч МАЛІНОЎСКІ, нягледзячы на свой невялікі па агульных мерках педагагічны ўзрост, за плячыма мае многае: за 8 гадоў прафесійнага стажу ён вырас да намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, стаў лаўрэатам шматлікіх беларускіх і міжнародных прэстыжных педагагічных конкурсаў і, галоўнае, улюбіў у літаратуру не адзін дзясятак вучняў. Сёння на старонках “Настаўніцкай газеты” педагог разважае пра тое, якой якасці адукацыі патрабуюць сучасныя дзеці, чаму паспяховы настаўнік — гэта заўсёды добры псіхолаг і акцёр і адкуль бярэцца прэстыж прафесіі.

— Васіль Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў педагогіку. І чаму абралі менавіта філалогію?

— Звычайна ў педагогіку ідуць працягваць сямейную дынастыю. У мяне ўсё не настолькі відавочна — бацькі з педагогікай не звязаныя. Але ў нашым доме заўсёды было мноства кніг. У савецкія часы былі розныя суполкі кнігааматараў, таму вырас я сярод кніг. З 1 класа жадаў быць настаўнікам. Спачатку настаўнічаць марыў у пачатковай школе, пасля, у старшых класах, з’явіўся кумір — настаўніца рускай мовы і літаратуры Вярэйкаўскай сярэдняй школы (Ваўкавыскі раён) Таццяна Іванаўна Чэхаўская. На жаль, яе ўжо няма з намі, хаця для мяне яна і зараз прыклад педагога. У маім класе яна не выкладала, але я быў удзельнікам драматычнага гуртка, які яна ўзначальвала. Дасканала ведала французскую мову, гісторыю — для сельскай школы гэта быў бліскучы настаўнік! Тым больш у гурток яна сама мяне запрасіла, напэўна, убачыла ўва мне патэнцыял. І ад гэтага крэдыту даверу адразу крылы выраслі за спінай. Бацькі, як людзі больш прагматычныя, адгаворвалі мяне ад педагогікі. Але паколькі ўсё жыццё вучылі сына самастойна прымаць рашэнні, нарэшце пакарыліся, і я трапіў на факультэт рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

— Ведаю, што вы ўдзельнік і пераможца педагагічнага конкурсу “Юрмальская восень”. У якіх яшчэ конкурсных мерапрыемствах прымалі ўдзел?

— Сапраўды, акрамя 1-га месца з “Юрмальскай восені” прывёз вельмі дарагую ўзнагароду — прыз вучнёўскіх сімпатый. Некалькі гадоў назад удзельнічаў у Рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”, стаў лаўрэатам абласнога этапу. Акрамя гэтага, стаў лаўрэатам XV Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, па яго выніках мяне запрасілі да ўдзелу ў Міжнародным педагагічным форуме ў Суздалі. Сёлета зноў прымаю ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”.

— Без сучасных педагагічных тэхналогій паспяховы ўрок уявіць немагчыма. Якім ён павінен быць на вашу думку?

— Перш за ўсё адзначу, што ў наш час аўтарытарнасці на ўроку быць не можа — сучасныя вучні ўжо не савецкія, для якіх настаўнік стаяў на адной прыступцы са святымі. Зараз падлетак зусім іншы, і падыход да яго больш складана знайсці. На маіх уроках заўсёды шмат інтэрактыўных тэхналогій. Люблю размаўляць з дзецьмі, слухаць іх, дыскутаваць. Стараюся, каб падлетак адчуваў, што я на адным з ім узроўні. Конкурсныя ўрокі таксама стараюся пабудаваць на інтэрактыве.

Прымяняю праектныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы, каб быць цікавым для вучняў і неяк кіраваць іх вандроўкамі па “сусветнай павуціне”. “УКантакце” ў нас створана група, дзе я выкладваю інфармацыю, заданні для сваіх навучэнцаў. У бліжэйшых планах зрабіць інтэрнэт-стасункі больш займальнымі і глабальнымі — стварыць сайт, дзе б дзеці пакрокава, па гіперспасылках, знаходзілі цікавыя заданні ад настаўніка. Яшчэ распрацоўваю вэб-квесты. Частка майго вопыту па тэхналогіі стварэння і прымянення ў педагагічнай працы тэхнікі вэб-квестаў прадстаўлена ў зборніку, які хутка будзе выдадзены Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.


— Шмат размоў у педагагічным асяроддзі вядзецца пра тое, што сучасны школьнік развучыўся чытаць. Як вы вырашаеце гэтую праблему на ўроках літаратуры?

— Па вялікім рахунку, згодны, нашы дзеці развучыліся чытаць. МАІРА ўжо не першы год распрацоўвае інавацыйны праект па фарміраванні чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў. З гэтага года наша школа таксама ўдзельнічае ў ім. Я перакананы, што прымусіць чытаць немагчыма, сучаснаму педагогу лепш рухацца ў іншым напрамку — зацікавіць, здзівіць, стаць бліжэй да вучня. Адзін з маіх любімых педагагічных прыёмаў — музей любімых персанажаў. Напрыканцы навучальнага года я праводжу некалькі ўрокаў, на якіх кожны вучань прадстаўляе перад астатнімі свайго любімага персанажа, змяшчае яго ў музей.

— Васіль Уладзіміравіч, якой літаратурай цікавяцца вашы вучні?

— Назіраю за гэтым вельмі ўважліва і ўжо зрабіў свае высновы. Традыцыйна лідзіруючыя пазіцыі займае фантастыка і фэнтэзі. Напэўна, нашым дзецям не хапае нейкай казкі. Прычым фантастыку чытаюць дзеці з аналітычным складам характару, у якіх добра развіта логіка, матэматычныя здольнасці. Дзеці-філолагі больш схільныя да фэнтэзі. Калі я аднойчы абмовіўся сваім выхаванцам, што кнігі пра Гары Потэра — адны з самых любімых мной, убачыў столькі павагі ў іх вачах! Школьнікам падабаецца, калі ты на “адной хвалі з імі”. У іх пачынаюць гарэць вочы, і тую ж класіку мы пасля чытаем з такім жа запалам, як і Гары Потэра. Настаўнік літаратуры павінен быць добрым псіхолагам. Калі назіраць за тым, што і як чытаюць дзеці, што яны разумеюць з прачытанага, можна зрабіць высновы і наконт таго, чым “дыхае” яго сям’я, якія там традыцыі.

— Вы патрабавальны педагог?

— Магчыма часам і занадта. Прытрымліваюся меркавання, што без бізуна і перніка ў сучаснай педагогіцы рабіць няма чаго. Праграмныя творы ў мяне чытаюць усе. Я заўсёды кажу сваім выхаванцам: немагчыма цікава пабудаваць нашу размову, калі твор не будзе прачытаны. Але ў той жа час што датычыцца дысцыпліны ў класе — ідэальнай на маіх уроках амаль ніколі няма. Я свядома пазбягаю гэтага. У савецкія часы прыкметай паспяховасці настаўніка была максімальная цішыня на ўроку, роўная пасадка вучняў; паварот улева, паварот управа — страшнае парушэнне. У мяне ўсё наадварот — у класе стаіць ажыўленае абмеркаванне, рабочы шум. А як іначай, калі вучні працуюць?..


— Як вы ставіцеся да таго, што сучасны вучань на ўсё мае сваё меркаванне і не баіцца яго выказваць? Ці так адбываецца ў вас на ўроку?

— Калі я прыходжу на першыя ўрокі літаратуры да пяцікласнікаў, стараюся давесці дзецям, што любое іх меркаванне першапачаткова не можа быць памылковым. З савецкай адукацыі прыйшоў любімы выраз настаўнікаў літаратуры: “Што хацеў сказаць аўтар?” А хто дакладна ведае, што, насамрэч, аўтар хацеў сказаць акрамя самога аўтара? Для мяне вельмі важным з’яўляецца асабістае ўспрыманне школьнікам аўтарскага твора. Зразумела, калі мы разбіраем жанравую стылістыку, то тут існуюць свае каноны, з якімі трэба лічыцца. Але ў праблемных пытаннях — заўсёды варыятыўнасць, плюралізм меркаванняў. Сваю ацэнку літаратурных твораў стараюся не агучваць, каб не паўплываць на меркаванні вучняў.

— Ці баіцеся вы на ўроку аказацца ў сітуацыі, калі нечага не ведаеце?

— Мой метад выкладання прадвызначае тое, што вучні задаюць шмат пытанняў, шукаюць адказ на праблему самі і разам з настаўнікам. Я не саромеюся, што не змагу нешта “гэтакае” ім патлумачыць. Мяне наадварот прыемна ўражваюць сучасныя шасцікласнікі: на ўроках рускай мовы яны звяртаюць увагу на моманты, якія замыленае вока настаўніка бачыць як традыцыйныя, што не патрабуюць адказу. І калі чуеш пытанне: “А чаму тут так?”, пачынаеш шукаць адказ на ўроку, дома, у бібліятэцы.

— Падзяліцеся меркаваннем, калі ласка, як падняць прэстыж прафесіі настаўніка?

— З лёгкасцю адкажу на ваша пытанне. Калі я чую меркаванні калег наконт непрэстыжнасці прафесіі, адразу звяртаю ўвагу на настаўніка, які гэта гаворыць. Калі ты можаш дазволіць сабе прыйсці на ўрок непадрыхтаваным, мець знешні выгляд, які не адпавядае тваёй прафесіі, быць нецікавым для дзіцяці, то пра якую павагу, прэстыж і запатрабаванас ць можна казаць?.. Настаўнік — як акцёр, які жадае не жадае, але фарміруе свядомасць падрастаючага пакалення, таму нам трэба падаваць прыклад у сваіх поглядах, добрым гусце, светаўспрыманні, паводзінах у сацыяльных сетках. Зараз усе ківаюць на Фінляндыю, дзе прафесія настаўніка самая высокааплатная. Але паглядзіце, у якім рэжыме яны там працуюць, як яны пастаянна развіваюцца… На жаль, славянскі псіхатып іншы — нас заўсёды трэба падштурхоўваць да новых вышынь.

— Адкуль вы чэрпаеце натхненне для сваёй працы, удзелу ў шматлікіх конкурсах? Што вас падштурхоўвае?

— У любога чалавека натхненне — гэта сям’я. Калі цябе дома падтрымліваюць у тваёй прафесіі, хочацца быць лепшым. Мне ў гэтым плане пашанцавала як нікому — мая жонка таксама настаўніца ў гэтай гімназіі, таму паразуменне і падтрымка не толькі сямейная, але і прафесійная. Яшчэ адзін момант — памяць аб любімай настаўніцы. Разумею, што да яе ўзроўню яшчэ не дарос, таму хочацца рухацца наперад. Да ўсяго гэтага дадаецца вучнёўская зацікаўленасць: калі ў тройцы любімых прадметаў вучань называе і твой прадмет — гэта дарагога каштуе.

— Вялікі дзякуй за прыемную гутарку. Педагагічных вам поспехаў!

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва В.У.МАЛІНОЎСКАГА.