Настаўнік з чулай душой

- 10:07Людзі адукацыі

Настаўнік… Адно толькі слова, а як многа яно ўвабрала ў сябе. Здаецца, цэлы свет. Гэта незвычайная прафесія, якая звязана з дзяцінствам і патрабуе… Ды чаго толькі не патрабуе прафесія настаўніка! Быць адначасова выхавальнікам, псіхолагам, мастаком, артыстам, сябрам, дарадцам. Ды мала яшчэ кім даводзіцца быць настаўніку! Яго работу нельга ўціснуць у рамкі працоўнага дня. Ён, здаецца, працуе на працягу сутак. І ўсё гэта для таго, каб не толькі навучыць дзяцей неабходнаму, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае — чалавечнасць.

У нашым калектыве працуе чалавек, пра якога гавораць, што гэта настаўнік ад Бога: Інга Рычардаўна Гушча з гімназіі № 1 Іўя.

Яна, сапраўды, таленавіты чалавек, майстар сваёй справы. І гэтаму не вучаць ні ў школах, ні ва ўніверсітэтах. Гэта прызванне, заклік душы і сэрца. Інга Рычардаўна жыве работай, любіць дзяцей, таму сваю прафесію, якой прысвяціла ўжо амаль 20 гадоў, і сёння лічыць самай лепшай і найгалоўнейшай. Вышэйшую адукацыю І.Р.Гушча атрымала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Усе гады пасля ўніверсітэта яна вучыць і вучыцца, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых метадычных распрацовак вядзення ўрокаў. Задача Інгі Рычардаўны — не капіраваць тое, што ўжо створана іншымі, а самой выпрацоўваць стыль, тэхналогію падачы і засваення вучэбнага матэрыялу. І гэта дае вынікі — І.Р.Гушча мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і прэтэндуе на ганаровае званне выдатніка адукацыі.

Яе ўрокі — прыклад і для іншых настаўнікаў, вышыня, да якой неабходна імкнуцца. Яна — прафесіянал, глыбока ведае свой прадмет, дэманструе творчы падыход да справы, пастаяннае імкненне да самаўдасканалення. Кабінет біялогіі, якім загадвае Інга Рычардаўна, уяўляе сабой своеасаблівую творчую майстэрню, дзе сабраны і сістэматызаваны багаты дыдактычны і метадычны матэрыял.

Але найвышэйшыя дасягненні педагога І.Р.Гушчы звязаны з поспехамі яе вучняў. Гэта шматлікія перамогі ў алімпіядным руху па біялогіі. Інга Рычардаўна падрыхтавала 14 пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, 5 — заключнага этапу. Яе вучні з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, абласной прэміі імя А.І.Дубко асабліва адораным навучэнцам.

Як адзначае Інга Рычардаўна, яшчэ ў 6 класе яна вызначае патэнцыял дзіцяці, яго задаткі.

— Адораныя дзеці, канечне, адрозніваюцца ад іншых. Заўважаеш, што яны па-іншаму ходзяць, усміхаюцца, паводзяць сябе на ўроках. Але бываюць і памылкі: здаецца, што дзіця можа быць на высокім узроўні, працуеш з ім, а ў яго знікае зацікаўленасць па той простай прычыне, што, напрыклад, становіцца вельмі цяжка трымацца на гэтым узроўні, і дзіця проста “сыходзіць з дыстанцыі”. Гэта нармальна, таму што ўдзел у алімпіядзе — лёс нямногіх, і тут са 100-працэнтнай упэўненасцю нельга сказаць ні па вучню, ні па рабоце настаўніка, атрымаецца што-небудзь ці не. Да поспеху прыводзіць сумесная дзейнасць, — дзеліцца Інга Рычардаўна.

Не менш важнай лічыць наша калега ролю настаўніка ў тым, каб дапамагчы вучню паверыць у свае сілы, што ў яго нешта атрымаецца. Не апошнюю ролю адыгрывае падтрымка і ўзаемапаразуменне ў сям’і. Інга Рычардаўна падкрэслівае, што яна заўсёды адчувае адказнасць перад сваімі вучнямі і іх бацькамі.

Прафесіяналізм настаўніка забяспячвае высокі ўзровень вывучэння прадмета, аб чым сведчаць вынікі выпускных экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі. Вучні пад кіраўніцтвам таленавітага педагога займаюцца даследчай дзейнасцю, вынікова ўдзельнічаюць у экалагічных турнірах.

І.Р.Гушча ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі: вопыт работы настаўніцы неаднаразова агучваўся на раённых, абласных, рэспубліканскіх семінарах, курсах павышэння кваліфікацыі ў Гродзенскім інстытуце развіцця адукацыі, на старонках “Настаўніцкай газеты”.

За плённую працу Інга Рычардаўна ўзнагароджана шматлікімі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама, Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Тройчы заахвочана спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўнёсак у развіццё здольнасцей адораных вучняў. У 2014 годзе настаўніцу ўнеслі на раённую Дошку гонару, у 2016 годзе ёй была аб’яўлена Падзяка Прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь.

Увесь калектыў гімназіі № 1 Іўя лічыць, што Інга Рычардаўна — чалавек з чулай душой, вялікім талентам. Усе яе ідэі, мары, урокі, задумкі не дарэмныя. Яна змагла знайсці дарогу да кожнага вучня.

Ірына КЯЎРА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Іўя.