Насычаны тыдзень

- 16:35Культура

Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў вучняў неабходна пачынаць з выхавання любові да малой радзімы, тых мясцін, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, з развіцця цікавасці да мінулага і сучаснасці роднага краю. У Год малой радзімы ў гэтай справе актуальнай з’яўляецца арганізацыя тэматычных тыдняў. Як цікава і насычана правесці гэтыя дні? Прапануем увазе чытачоў вопыт гімназіі Глуска, дзе тэматычны тыдзень прайшоў пад назвай “Маленькі астравок маёй радзімы”.

Урачыстае адкрыццё тыдня адбылося ў актавай зале. Усе прысутныя з задавальненнем слухалі кранальныя словы вучаніцы 6 “А” класа Лізаветы Медзвядок пра родную Глушчыну і яшчэ раз акунуліся ў гісторыю малой радзімы дзякуючы дырэктару гімназіі Сяргею Яўгенавічу Сяргееву. Ён прадставіў новую кнігу пра Глускі замак, у напісанні якой прымаў актыўны ўдзел. Дырэктар пажадаў вучням і настаўнікам любіць, шанаваць і ганарыцца малой радзімай, сваёй Глушчынай, як гэта рабіў наш славуты зямляк і пісьменнік Сяргей Іванавіч Грахоўскі.

Да тэматычнага тыдня далучыліся ўсе настаўнікі і вучні. Нават на ўроку-віктарыне англійскай мовы на тэму Мy fairland (“Мая малая радзіма”) гімназісты размаўлялі пра родны край. Усе, хто прысутнічаў на ўроку Ганны Аляксандраўны Лазоўскай, пераканаліся, што нават на замежнай мове вучні могуць расказаць пра свой дом, пра сваю родную зямлю. У гэты дзень у кожным класе прайшлі інфармацыйныя гадзіны на тэмы “Мая малая радзіма” (для вучняў 1—4 класаў), “У родным пасёлку я ведаю” (для вучняў 5—8 класаў), “Нашу Глушчыну праславілі…” (для вучняў 9—11 класаў). Вучні даведаліся шмат цікавага пра глускую зямлю, яе сiмвалы, гicторыю i прыроду, зразумелі, што трэба берагчы і любіць Бацькаўшчыну, ганарыцца сваім краем i народам. Каб бліжэй пазнаёміць вучняў пачатковых класаў з гісторыяй Глушчыны, яе славутымі жыхарамі, была арганізавана экскурсія па бульвары імя С.І.Грахоўскага, да мемарыяла Воінскай Славы, а таксама алеі Славы.

Другi дзень прайшоў пад назвай “З гісторыі Глушчыны”. Вучні 4-х класаў прынялі актыўны ўдзел у аднайменнай пазнавальнай віктарыне, падрыхтаванай бібліятэкарам Таццянай Сяргееўнай Дрэйгал. А вось пяцікласнікам пашанцавала ўдзельнічаць у экскурсіі “З гісторыі аднаго завода” і наведаць глускі ўчастак па вырабе хлеба. Самай яркай падзеяй экскурсіі стала дэгустацыя хлеба і тартоў. Не застаўся ў баку ад тыдня і валанцёрскі атрад “Міласэрнасць”, удзельнікі якога правялі акцыю “Моладзь — за чысціню Глушчыны”.

Трэці дзень быў прысвечаны краявідам роднага краю. Была арганізавана выстава дзіцячых малюнкаў “Па мясцінах Глушчыны”. Таксама працавала выстава творчых работ нашага земляка, мастака, настаўніка малявання Ігната Ігнатавіча Вароніна “Беларускія краявіды”. Незвычайнай і цікавай была віртуальная экскурсія “Па мясцінах Глушчыны”. Настаўнік інфарматыкі Пётр Міхайлавіч Тылец паказаў вучням выявы куточкаў Глуска з вышыні птушынага палёту.

“Нашу Глушчыну праславілі…” — так гучала назва чацвёртага дня. Яна невыпадковая, бо вучні не толькі падарожнічалі па старонках глускай гісторыі, але і ўспаміналі славутых землякоў. Насычаным і цікавым атрымалася мерапрыемства Наталлі Пятроўны Краўчанка “Глушчына — такая маленькая радзіма”. Вучні 4 класа пад кіраўніцтвам Таццяны Мікалаеўны Івашкевіч паказалі свае веды пра Глуск дзякуючы вуснаму часопісу “Тут Радзіма мая, тут я жыву”, які складаўся з 6 старонак (“Лінгвістычная”, “Гістарычная”, “Дзяржаўныя сімвалы”, “Наш раён славіцца лю­дзьмі”, “Флора і фаўна Глускага раёна”, “Нашчадкі зямлі глускай”). Змястоўнай і пазнавальнай была прэзентацыя даследчых праектаў “Мая малая радзіма”, якую падрыхтавалі вучні 7—10 класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Сяргееўны Меснік.

У пяты дзень адбылося ўрачыстае закрыццё Тыдня малой ра­дзімы. Да нас завіталі намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Радзіма” Таццяна Лукашэвіч, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме Юлія Фралова, дырэктар Цэнтра творчасці Ніна Чачуха, журналіст і пісьменнік Навум Сандамірскі. Для іх старшакласніцы паказалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Сем цудаў Глускага краю”. Госці падзяліліся сваімі думкамі пра тое, што значыць для іх Глускі край, малая радзіма. Як падкрэсліў Навум Барысавіч Сандамірскі, малая радзіма — гэта не словы, а справы, тое, што мы робім або не робім для таго, каб родны край жыў і развіваўся. Зададзены гасцямі настрой быў удала падтрыманы і яшчэ больш узняты падчас выступленняў навучэнцаў, якія расказвалі пра сем цудаў Глускага краю: раку Пціч, Глускае замчышча, Свята-Богаяўленскі храм, помнік ахвярам халакосту, мемарыяльны комплекс “Воінская Слава”, алею Славы ў цэнтральным парку, памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам.

Падчас Тыдня малой радзімы вучні ўпэўніліся, што трэба вывучаць гісторыю роднага краю, паважаць землякоў за іх працоўныя і баявыя подзвігі, за іх невычарпальны талент, радавацца пазітыўным зменам у лёсе свайго гарадскога пасёлка.

Марыя ПАСТУШОНАК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Глуска.
Фота аўтара.