Навагодняя феерыя

- 15:08Нам пішуць

Дзеці чакаюць ад Новага года не толькі падарункаў, але і чараўніцтва. Гэта чаканне цуду — ні з чым не параўнальная казка. Вось у такую чароўную казку трапілі нашы дзеці. Выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра кіраўніцтвам аднаго з турыстычных агенцтваў былі запрошаны ў Лядовы палац Маладзечна на пастаноўку “Спячая прыгажуня”.

Яшчэ ў фае палаца перад дзецьмі разгарнуўся паказ. На размаляваных санках з’явіўся Дзед Мароз са Снягуркай у суправаджэнні сваёй світы. Дзеці іх радасна віталі. Дзед Мароз запрасіў усіх падняцца ў залу, але дзверы замкнула Баба Яга. Яна доўга не хацела ўсіх пускаць, але потым яны з Дзедам Марозам прыйшлі да міравога пагаднення, і ўсе прайшлі ў раскошную залу. Там дзяцей і дарослых сустрэла Матухна Мяцеліца і прапанавала пачастунак з Цуда-печкі з гарачай гарбатай. Пасля чаявання дзеці наведалі атракцыёны казачнай краіны, дзе кожны выбіраў сабе гульні па душы, а за ўдзел давалі прызы.

Пасля адбыўся паказ “Спячая прыгажуня”. Дзеці акунуліся ў свет чароўнай музыкі, пазнаёміліся з танцамі, якія раней былі моднымі на балях, убачылі вопратку, якую насілі ў тыя далёкія часы. Затым адбылася навагодняя дыскатэка з Дзедам Марозам, Снягуркай і іншымі казачнымі персанажамі. Відаць было, што ўсім усё вельмі спадабалася, але, калі ў канцы дыскатэкі з’явіліся роставыя лялькі, дзеці ўзрадаваліся яшчэ больш.

Усе нашы дзеці былі вельмі задаволены. Па дарозе дадому выхаванцы змаглі палюбавацца на начны город Маладзечна, які быў упрыгожаны да навагодніх свят.

Вольга РАДЗЬКО,
выхавальніца Смаргонскага СПЦ.