Нават у спаборніцтвах перамагае студэнцкае братэрства

- 12:38Навіны рэгіёнаў

Чацвёрты раз у сценах Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі сабрала Міжнародная алімпіяда па асновах педагогікі і псіхалогіі “Асоба ў гульні”. 

Гульня як навука

Псіхолагі кажуць, што гульня — гэта від дзейнасці, які суправаджае чалавека ўсё жыццё: у розных сітуацыях кожны з нас выкарыстоўвае нейкія прыёмы, прымае на сябе пэўную ролю, а гэта і ёсць гульня. Гэтае паняцце выкарыстоўваецца і ў адукацыйным працэсе як актыўны практыка-арыентаваны метад навучання. А таму студэнты, прымаючы ўдзел у алімпіядзе, не проста спаборнічалі за званне лепшых, але і вучыліся.
У гэтым годзе заяву на ўдзел у алімпіядзе падала 21 каманда, сярод якіх дзве са Смаленскага дзяржуніверсітэта, а таксама каманды БДУ, БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка, Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А.А.Куляшова, Полацкага і Баранавіцкага дзяржуніверсітэтаў і, зразумела, каманды ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомельшчыны. У цэлым на псіхалагічнае спаборніцтва сабралася амаль дзвесце юнакоў і дзяўчат. Як і патрабуе любая алімпіяда, да ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе па асновах педагогікі і псіхалогіі былі дапушчаны студэнты, якія паспяхова займаюцца па псіхолага-педагагічных дысцыплінах і цікавяцца навукова-даследчай дзейнасцю.
Усе ўдзельнікі алімпіяды былі падзелены па профілях у залежнасці ад спецыяльнасцей, па якіх яны праходзяць навучанне: псіхалагічны, педагагічны (прадметнікі), педагагічны (педагогі дашкольных, пачатковых, спецыяльных, сацыяльных устаноў), непсіхолага-педагагічны профіль (інжынеры, юрысты, эканамісты). Паспрабаваць сябе ў веданні псіхалогіі выказалі жаданне нават “тэхнары”. Далей у адпаведнасці з профілем каманд удзельнікам неабходна было выканаць 100 заданняў. Усяго патрэбна было прайсці чатыры туры алімпіяды: тэарэтычны, крэатыўны, практычны і творчы. Навінкай сёлетняга тэста сталі педагагічныя задачы і відэапытанні. Для многіх складанымі аказаліся пытанні, дзе па партрэтах трэба было пазнаць вядомых псіхолагаў і педагогаў.

Ад тэорыі да крэатыву

Тэарэтычны тур алімпіяды праводзіўся ў завочнай форме ў рэжыме анлайн. Студэнты прадэманстравалі не толькі выдатнае веданне тэорыі, але і камунікатыўныя навыкі, уменне працаваць у камандзе. Гэты этап алімпіяды прадугледжваў вызначэнне пераможцаў як у камандным, так і ў асабістым заліку. Сярод каманд псіхалагічнага профілю першынство падзялілі “Fromm Адлер” (БДУ) і “Круп’е тваёй душы” (ГДУ імя Францыска Скарыны), у педагагічным профілі — “Дывергенты” (БНТУ), “Трохвугольнік лёсу” (МДПУ імя І.П.Шамякіна), “Асоба” (Баранавіцкі дзяржуніверсітэт). У непсіхолага-педагагічным профілі лепшай стала каманда “Як па Маслоу” (эканамічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны). Лепшымі тэарэтыкамі ў індывідуальных спаборніцтвах былі названы 19 студэнтаў.
Даволі цікавым аказаўся крэатыўны этап. Неабходна было падрыхтаваць фотаздымкі каманд, якія былі ацэнены як членамі журы, так і гледачамі на аснове галасавання. Каманды-ўдзельніцы змянялі адна адну ў барацьбе за лідарства. Напрыканцы галасавання ўжо было зразумела, што ў пераможцы можа выйсці адна з дзвюх каманд: “Гульня розуму” факультэта замежных моў Смаленскага дзяржуніверсітэта або “Філін” філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. І амаль у апошнія секунды перад закрыццём галасавання госці вырвалі перамогу ў гомельскіх філолагаў. Па выніках камбінаванай ацэнкі конкурсных работ журы і гледачамі лепшымі былі прызнаны работы каманд “Fromm Адлер”, “Гульня розуму”, “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” (сацыяльныя педагогі ГДУ імя Францыска Скарыны), “БЭМС: баявыя, энергічныя, маладыя, сімпатычныя” (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту).
На трэцім, практычным, этапе камандам неабходна было прадставіць псіхолага-педагагічную гульню ў некалькі крокаў. Па-першае, правесці гульню з аўдыторыяй, пэўнай камандай, напрыклад, з гледачамі ў зале, з камандай сапернікаў, членамі журы і г.д. Па-другое, прадставіць абарону гульні (мэта, задачы, метады, сфера прымянення, мэтавая аўдыторыя, неабходны інструментарый). Калі называлі пераможцаў гэтага тура, зноў у першых радах апынулася каманда БДУ “Fromm Адлер”. І яшчэ тры каманды занялі лідзіруючыя пазіцыі: “7Я” (БДПУ імя Максіма Танка), “Асоба” (Баранавіцкі дзяржуніверсітэт), “7 асоб Білі Мілігана” (Смаленскі дзяржуніверсітэт).
— Кожны год арганізатары алімпіяды прыкладаюць намаганні, каб у нас была магчымасць паказаць сябе, паспрачацца, пагутарыць і проста павучыцца, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Юльяна Чарнушэвіч. — Вельмі спадабаліся новаўвядзенні гэтага года: крэатыўнае фота і педагагічная гульня. Шкада, што не хапае часу дабавіць да іх яшчэ і педагагічныя задачы. Аднак колькасць каманд-удзельніц і іх інтарэс да заданняў пацвярджае, наколькі вырас узровень і прэстыж алімпіяды.
Творчы этап быў апошнім і праходзіў у выглядзе самапрэзентацыі каманд “Асоба ў гульні”, дзе каманды маглі прадстаўляць відэаролікі, прэзентацыі, перформансы, інсцэніроўкі. Уразіла разнастайнасць форм, ідэй, вобразаў, якія прадэманстравалі ўдзельнікі. Лепшымі тут былі прызнаны “SportiVki” ( ГДУ імя Францыска Скарыны), “7Я” (БДПУ імя Максіма Танка), дзве каманды ГДУ імя Францыска Скарыны — “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” і “Юрысты-гумарысты”.
Журы належала яшчэ разгледзець каманды комплексна, з улікам выканання заданняў ва ўсіх чатырох турах алімпіяды. У выніку дыпломы пераможцаў атрымалі каманды БДУ “Fromm Адлер”, БДПУ імя Максіма Танка “7Я”, ГДУ імя Францыска Скарыны “КДБ: Каманда Гомельскай Багемы” і госці — будучыя журналісты са Смаленскага дзяржуніверсітэта — каманда “7 асоб Білі Мілігана”.
— З кожным годам узровень прадстаўленых заданняў становіцца ўсё вышэйшым, але ўдзельнікі нязменна дэманструюць не толькі выдатную тэарэтычную падрыхтоўку, але і творчыя таленты, выдатны эстэтычны густ, стыль, — аналізуе адзін з арганізатараў алімпіяды загадчык кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Т.Г.Шацюк. — Заўсёды здзіўляе, як каманды дапамагаюць, падтрымліваюць, суперажываюць адна адной! І мы бачым не столькі саперніцтва, колькі студэнцкае братэрства.

У пошуках будучых студэнтаў

Паспрабаваць сябе ў веданні асноў псіхалогіі і педагогікі могуць і навучэнцы старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каледжаў. Для іх факультэт псіхалогіі таксама праводзіць алімпіяду. Як правіла, удзельнікі — юнакі і дзяўчаты, якія маюць намер паступаць на псіхолага-педагагічныя спецыяльнасці.
З улікам таго, што падлеткі пакуль што толькі мараць звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй, заданні для іх крыху прасцейшыя, чым для студэнтаў, аднак лёгкімі іх не назавеш.
Сёлета ў алімпіядзе па асновах псіхалогіі і педагогікі сярод навучэнцаў прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з розных рэгіёнаў Гомельскай вобласці.
Спаборніцтва складалася з двух этапаў — тэарэтычнага і творчага. Навучэнцы, як і студэнты, праходзілі тэст на валоданне тэарэтычным матэрыялам на сайце сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання ГДУ імя Францыска Скарыны “Віртуальны ўніверсітэт”. На творчым этапе ўдзельнікі алімпіяды прадстаўлялі конкурсныя работы па тэме “Калі б я быў псіхолагам (сацыяльным педагогам), то…”.
Многія прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. 15 навучэнцаў заваявалі дыпломы І ступені, 21 навучэнец — дыпломы ІІ ступені, 64 навучэнцы атрымалі дыпломы ІІІ ступені. Абсалютнай пераможцай сярод адзінаццацікласнікаў стала навучэнка гімназіі № 71 Гомеля Паліна Кізіла, сярод дзесяцікласнікаў — Наталіна Мачуленка з гімназіі № 10 Гомеля. Сярод самых малодшых удзельнікаў — вучняў 9 класаў — лепшай названа Эвеліна Барэцкая з гімназіі № 36 імя І.П.Мележа Гомеля. У спаборніцтве паміж навучэнцамі каледжаў усіх абышла будучая настаўніца Вераніка Бабовіч з Рэчыцкага педагагічнага каледжа.
— Я ўпершыню прымаў удзел у такой алімпіядзе, — расказвае вучань 9 класа Дзвіжкоўскай базавай школы Ельскага раёна Уладзімір Казак. — Прызнаюся, вельмі хваляваўся, але мае намаганні не прайшлі дарма — я атрымаў дыплом І ступені. Гэтая перамога ўзмацніла маё жаданне паступаць на спецыяльнасць “Псіхалогія”.
— Я не навічок, але таксама вельмі хвалявалася, — прызнаецца адзінаццацікласніца Паліна Кізіла. — У мінулым годзе была пастаўлена высокая планка, і я разумела, што сёлета прыйдзецца таксама добра папрацаваць. Вялікі дзякуй арганізатарам за цікавыя заданні па тэорыі і магчымасць раскрыць уласную індывідуальнасць у творчым туры, прапанаваўшы ідэю псіхалагічнага праекта.
Добрых водзываў ад вучняў гучала шмат і ў дзень алімпіяды, і ў дзень уручэння ўзнагарод, калі адкрывалася алімпіяда для студэнтаў. Згадзіцеся, цікавая і вельмі правільная задума, якая, безумоўна, служыць важным звяном у прафарыентацыйнай рабоце.
Выбар будучай прафесіі — справа сур’ёзная, і памыляцца тут непажадана. Але ж тыя, хто прайшоў праз такую алімпіяду, калі прымуць рашэнне звязаць сваё жыццё з псіхалогіяй, дык яно будзе абдуманым. Наколькі гэта важна, бачна па тым, як уключаюцца ў работу розныя ведамствы і арганізацыі. Алімпіяда была праведзена пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Гомельскага абласнога аддзялення і Цэнтральнай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, гарадскога камітэта БРСМ.

Наталля ЛУТЧАНКА.