Навігатар паступлення

- 11:26Якасць адукацыі

Пра сёлетні прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашым чытачам расказвае кансультант галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Т.А.КАРАТКЕВІЧ.

— Таццяна Аляксандраўна, мы традыцыйна сустракаемся з вамі ў пачатку прыёмнай кампаніі на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Чым адметны сёлетні прыём?

— Прыём будзе ажыццяўляцца на тых жа ўмовах, што і ў 2017 годзе, у адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года № 80 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 го­да № 4).

— Колькі ўстаноў адукацыі прымае ўдзел у сёлетняй прыёмнай кампаніі?

— Ажыццяўляюць прыём 111 каледжаў, у тым ліку 10 устаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці, а таксама 86 устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Які план прыёму гэтага года?

— Плануецца прыняць 39,3 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 24,5 тысячы чалавек.

— Ці існуюць змены ў пераліку спецыяльнасцей?

— У параўнанні з 2017 годам скарочаны прыём на спецыяльнасці профілю адукацыі “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, павялічаны — на спецыяльнасці профіляў адукацыі “Ахова здароўя” і “Тэхніка і тэхналогія”.

Прыём на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2018 годзе бу­дзе ажыццяўляцца па 151 спецыяльнасці. Новымі для гэтага ўзроўню адукацыі з’яўляюцца спецыяльнасці “Захоўванне і перапрацоўка збожжа” (філіял Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж”), “Візуальны мерчандайзінг” (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі). Адновіцца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” (у Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы) і “Сацыяльная работа” (цяпер ужо ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання).

— Якія выпрабаванні праду­гледжаны пры паступленні?

— Абітурыенты, якія пасту­паюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыі, на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці спорту), прымаюцца па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаюць два абавязковыя ўступныя іспыты па вучэбных прадметах у форме ЦТ. Пры паступленнi на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту неабходна здаць уступныя экзамены па мове (беларускай або рускай) у форме ЦТ і ўступныя экзамены па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў ЦТ), а на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і выніку ўступнага іспыту па спецыяльнасці.

Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй у скарочаны тэрмін, здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Звяртаем увагу абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй: калі залічэнне право­дзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, то ў дакуменце аб адукацыі адзнака па вучэбным прадмеце агульнаадукацыйнага цыкла, што адпавядае профільнаму іспыту, павінна быць не ніжэйшай за 4 балы.

Адзначу, што пералік груп спецыяльнасцей (напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў устаноўлены пастановай Міністэрства адукацыі ад 29 чэрвеня 2015 года № 71.

— Ці ёсць нюансы паступлення для асоб з асаблівасцю развіцця?

— Абітурыенты з парушэннямі зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату, якія плануюць паступленне на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ў выпадку прадстаўлення імі ў прыёмную камісію ўстаноў адукацыі заключэння Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі або даведкі аб асваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці, могуць здаваць уступныя іспыты ва ўстанове адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў ЦТ). Форма правя­дзення ўступных іспытаў вызначаецца прыёмнай камісіяй установы адукацыі з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця абітурыента.

— Якія тэрміны правядзення сёлетняй прыёмнай кампаніі?

— Тэрміны правядзення прыёмнай кампаніі 2018 года на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгламентуюцца пастановай Міністэрства адукацыі ад 11 красавiка 2014 года № 41. Уступная кампанія пройдзе з 20 ліпеня па 17 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі будзе ажыццяўляцца:

  • за кошт сродкаў бюджэту — з 20 ліпеня па 3 жніўня;
  • на платнай аснове — з 20 ліпеня па 14 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці — па 3 жніўня).

Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) будзе ажыццяўляцца:

  • за кошт сродкаў бюджэту — з 20 ліпеня па 9 жніўня;
  • на платнай аснове — з 20 ліпеня па 16 жніўня (ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці — па 9 жніўня).

Уступныя іспыты пройдуць з 10 па 12 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 14 жніўня, на платнай аснове — па 17 жніўня.

Прыём дакументаў ад жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада.

Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня, залічэнне — па 10 снежня.

— Які рэгламент паступлення для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства?

— Прыём дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі:

  • за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь — па 3 жніўня;
  • на платнай аснове па выніках выніковай атэстацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь — па 3 жніўня;
  • на платнай аснове па выніках субяседавання ва ўстанове адукацыі, якое ўстанаўлівае ўзровень валодання імі мовай, на якой вя­дзецца адукацыйны працэс, у аб’ёме, дастатковым для засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — па 15 кастрычніка.

— Як будуць працаваць прыёмныя камісіі?

— Першы дзень работы прыёмных камісій устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 20 ліпеня.

Зацверджаны адзіны рэжым іх работы: з 9.00 да 18.00, уключаючы суботы (21, 28 ліпеня, 4, 11 жніўня), а таксама нядзелі 5, 12 жніўня для прыёмных камісій устаноў, у якіх у гэты дзень праводзяцца ўступныя выпрабаванні.

Аб ходзе прыёму дакументаў прыём­ная камісія інфармуе абітурыентаў на інтэрнэт-рэсурсе, папяровым носьбіце, а пры магчымасці і на электронным тэрмінале.

Інфармацыя абнаўляецца кожны дзень не радзей за адзін раз на 3 (тры) гадзіны работы прыёмнай камісіі (12.00, 15.00, 18.00). У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00.

Падрабязную інфармацыю па прыёме на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна атры­маць са Зборніка для тых, хто паступае ва ўстановы адукацыі, што рэалізоў­ваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у 2018 годзе. Ён размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. Таксама на сайце ёсць нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі edu.gov.by (Галоўная старонка ” Абітурыенту ” Тым, хто паступае ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі ” Прыём 2018). Каб дапамагчы абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме, у Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон — 8 (017) 222 43 12).

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.