Навучанне: якасна і займальна

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Своеасаблівы вучэбна-даследчы і адукацыйна-культурны цэнтр у сістэме ўстаноў адукацыі Магілёўшчыны. Так можна ахарактарызаваць першы абласны ліцэй. Вучэбны працэс тут арганізаваны якасна, эфектыўна і адначасова займальна, нестандартна.

— Наша філасофія адукацыі заснавана на асобасным падыходзе да ўсіх навучэнцаў. Мы мэтанакіравана працуем над фарміраваннем гарманічнай, рознабаковай, высокамаральнай асобы кожнага вучня, дзеля чаго пастаянна займаемся паляпшэннем адукацыйна-выхаваўчага асяроддзя ліцэя, — расказаў дырэктар Пётр Шылаў.

Па яго словах, якаснаму павышэнню адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў спрыяе шмат фактараў. Адзін з іх — развіццё пазнавальнай актыўнасці ліцэістаў. Цікавасць дзяцей да вучобы педагогі ўстановы павышаюць разнастайнымі спосабамі, на занятках актыўна выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі і методыкі навучання.

У ліцэі бесперапынна задаюцца пытаннем: як зрабіць так, каб вучань хацеў вучыцца? Педагогі перакананы: павысіць цікавасць да навучання можа захопленасць прадметам. Сённяшнюю моладзь вельмі цікавяць гаджэты. Таму настаўнікі часта выкарыстоўваюць у навучальным працэсе электронныя адукацыйныя рэсурсы.

— Сучасны вучэбны працэс адбываецца ва ўмовах інфарматызацыі ўсіх сфер грамадскага жыцця і патрабуе істотнага пашырэння набору сродкаў навучання. У маёй практыцы забеспячэннем вучэбнай паспяховасці навучэнцаў стала выкарыстанне сэрвісу Learningapps.org. На гэтым сайце мы стварылі віртуальны клас, кожны вучань атрымаў індывідуальны лагін і пароль. На дадзены момант выкарыстанне рэсурсу на занятках стала сістэмным, — расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Анатольеўна Сенакосава.

Педагог стварыла 130 інтэрактыўных практыкаванняў, якія можна выконваць на розных этапах вывучэння любой тэмы: для замацавання ведаў, уменняў і навыкаў, для паўтарэння, праверкі. Важна, што зрабіць гэта ліцэісты могуць не толькі на ўроку, але і дома.

— Мэтанакіраванае выкарыстанне вэб-сэрвісу ў спалучэнні з традыцыйнымі метадамі правядзення ўрокаў дазволіла значна павысіць эфектыўнасць і даступнасць навучання. У навучэнцаў узрасла матывацыя да вывучэння рускай мовы, адпаведна палепшылася і іх паспяховасць па прадмеце, — падкрэсліла Галіна Анатольеўна.

Настаўнікі-філолагі першага ліцэя знайшлі дзейсны спосаб вырашэння праблемы далучэння дзяцей да чытання і кнігі. Вучыць дзяцей разважаць над творамі літаратуры педагогі, і ў прыватнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Аляксандраўна Сяцько, вырашыла праз дапаможны матэрыял. Аптымальным варыянтам прыцягнення ўвагі вучняў на ўроку рускай літаратуры настаўніца абрала кіно. Выкарыстанне на занятках элементаў кінафільмаў дазволіла ёй гарманічна аб’яднаць адукацыю і выхаванне.

— Сёння ў педагогіцы хапае метадычных распрацовак па выкарыстанні кінаўрокаў і іх элементаў у працэсе навучання. Аднак да кожнага новага пакалення навучэнцаў, якое развіваецца ў кантэксце свайго часу, патрабуецца скарэкціраваны “кінападыход”. Сучасныя старшакласнікі мысляць ужо не ў кліпавым фармаце, як раней. Зараз мысленне маладзёжнай аўдыторыі — гэта свайго роду фармат gif. Схема прэзентацыі кінаматэрыялу нярэдка патрабуе карэкцыі з улікам псіхалогіі ўспрымання вучняў, — расказала Вольга Аляксандраўна.

Каб дапамагчы вучням бачыць свет у шырокім фармаце, настаўніцай была створана праграма кінаклуба, якая ўвабрала ў сябе як асобныя эпізоды на літаратурныя тэмы, так і самастойныя кінапаказы. Праект Вольгі Аляксандраўны атрымаў назву “Фарміраванне ў вучняў этыка-эстэтычнага ўспрымання твораў мастацкай літаратуры з дапамогай кіно”.

Шырокі дыяпазон метадаў і прыёмаў выкладання кінаматэрыялу зрабіў працэс навучання займальным, яскравым, эмацыянальным, пашырыў магчымасці творчага самавыяўлення навучэнцаў. Акрамя таго, праект вельмі спрыяе фармаванню медыякультуры ліцэйскай моладзі.

Дарэчы, фарміраванне медыяпісьменнасці — адзін з ключавых кірункаў дзейнасці ліцэя. Педагагічны калектыў імкнецца навучыць ліцэістаў уменням ацэньваць інфармацыю, правяраць надзейнасць яе крыніц, адбіраць і апрацоўваць патрэбныя і праўдзівыя звесткі.

— Нямногія дзеці і падлеткі ведаюць, як аддзяліць праўдзівую інфармацыю ад ацэначнай, факты ад меркаванняў, як абараніць сябе і куды звяртацца па дапамогу, калі сутыкнуліся з агрэсіяй у інтэрнэце. Фарміраванне такіх уменняў і кампетэнцый — задача педагога, — лічыць настаўніца англійскай мовы Вікторыя Шляхціц, якая на сваіх занятках, акрамя замежнай мовы, вучыць дзяцей арыентавацца ў сучаснай медыяпрасторы.

Не менш увагі ва ўстанове ўдзяляюць таксама практыкаарыентаванасці заняткаў. Нярэдка ў ліцэі праводзяцца ўрокі-практыкумы з запрашэннем профільных спецыялістаў. Нарыклад, навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі пры вывучэнні дадзенай тэмы па біялогіі ліцэісты адточваюць сумесна з супрацоўнікамі МНС.

Набыццю вучнямі трывалых ведаў вельмі спрыяе і выразная сістэма дыстанцыйнага суправаджэння навучання. Асабліва плённа ва ўстанове наладзілі дыстанцыйнае навучанне фізіцы. Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Уладзімір Грабцэвіч стварыў спецыялізаваны электронны рэсурс fizportal.ru з разнастайнымі раздзеламі.

Так, у раздзеле “Ліцэістам” размешчаны дамашнія работы, тэарэтычны матэрыял, які выкарыстоўваецца на ўроках фізікі. Напрыклад, у раздзеле “Оптыка” для старшакласнікаў ёсць матэрыял з выкарыстаннем метаду перавернутага ўрока. Навучэнцам прапануецца самастойна паўтарыць матэрыял, які вывучалі ў 8 класе, выканаць уваходны тэст, азнаёміцца з апорным канспектам, дэталёва вызначыць асноўныя элементы тэмы, прыступіць да рашэння ключавых задач.

Алімпіяднікі знойдуць на сайце матэрыялы раённых і рэспубліканскіх алімпіяд, што дапаможа ім паглыбіць веды па прадмеце. Для будучых выпускнікоў, для якіх актуальна цэнтралізаванае тэсціраванне, створаны вялікі тэматычны раздзел “Абітурыенту”. Заходзячы сюды, навучэнцы атрымліваюць магчымасць паўтарыць тэарэтычны матэрыял, праверыць свае веды рашэннем тэстаў.

— Праграма аўтаматычна ацэніць тэст, пакажа памылкі, што дапаможа адкарэкціраваць работу. Пастаяннае выкарыстанне рэсурсу дазваляе абітурыенту сістэматызаваць свае веды, убачыць прабелы. Усё гэта эфектыўна адбіваецца на падрыхтоўцы выпускнікоў. У мінулым навучальным годзе фізіку на цэнтралізаваным тэсціраванні здавалі 52 нашы вучні, у сярэднім іх вынік склаў 63,7 бала, што з’яўляецца адным з лепшых паказчыкаў па вобласці, — адзначыў куратар сайта fizportal.ru Уладзімір Грабцэвіч.

Характэрна, што інфармацыйная насычанасць сайта прыцягвае не толькі ліцэістаў. Рэсурс актыўна наведваюць вучні іншых устаноў адукацыі рэгіёна.

Наогул, дзякуючы інавацыйным, сучасным методыкам у вучэбным працэсе, плённай рабоце кожнага педагога, першаму абласному ліцэю сёння ёсць чым ганарыцца. За апошнія 5 гадоў 33 выпускнікі сталі залатымі і сярэбранымі медалістамі.

— Традыцыйнымі сталі поспехі нашых вучняў і ў алімпіядным руху. За 6 гадоў у нас больш за 160 пераможцаў трэцяга і 38 — заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Такі вынік лепшым чынам характарызуе работу настаўнікаў ліцэя. Сапраўдным нашым гонарам з’яўляецца таксама 7 перамог ліцэістаў на розных міжнародных алімпіядах і конкурсах, а таксама 40 вучняў, якія атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі, — адзначыў дырэктар Пётр Шылаў.

Запэўніў кіраўнік установы і ў тым, што тут будуць імкнуцца да яшчэ больш высокага ўзроўню якасці адукацыі, удасканалення ўмоў развіцця вучняў, іх падрыхтоўкі да паўнавартаснага жыцця ў грамадстве. Рабіць усё магчымае, каб навучанне ў ліцэі спрыяла поспехам і дасягненням дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.