Навуковы фокус — на практыку

- 15:16Вышэйшая школа

XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Моладзь у навуцы — 2016”, што прайшла ў НАН Беларусі, пачалася з дэманстрацыі лепшых распрацовак маладых навукоўцаў. 25 работ акадэмічнай моладзі, адабраных для выставы, прымуць удзел у фінале Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Але нават кароткі позірк на прадстаўленыя напрацоўкі даказвае: актуальныя вынаходcтвы самых маладых дзеячаў навукі ўжо зараз можна выкарыстоўваць у вытворчасці.

У форуме “Моладзь у навуцы — 2016” паўдзельнічала больш за 300 маладых навукоўцаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў і школьнікаў з усёй Беларусі, а таксама маладыя даследчыкі з замежжа: Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана і Францыі. На канферэнцыі працавалі 16 секцый па 9 напрамках, сярод якіх “Аграрныя навукі”, “Біялагічныя навукі”, “Гуманітарныя навукі і мастацтва”, “Медыцынскія навукі”, “Фізіка, матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка-тэхнічныя навукі”, “Хімія і навукі аб Зямлі”. Акрамя таго, падчас форуму быў арганізаваны круглы стол па міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве маладых вучоных.

“На выставе прадстаўлена 25 распрацовак у розных намінацыях — ад сацыяльных праектаў да нана- і біятэхналогій, — расказаў падчас адкрыцця канферэнцыі Андрэй Іванец, старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі. — У тым ліку маладыя навукоўцы прэзентавалі свае распрацоўкі ў такіх галінах, як рацыянальнае прыродакарыстанне, экалогія, энергаэфектыўнасць і энергазберажэнне, альтэрнатыўная энергетыка, стварэнне айчынных сонечных элементаў, электронных дзяржаўных сістэм і інш.”.

Андрэй Іванец адзначыў, што канферэнцыя за 13 гадоў правядзення ўжо стала брэндам сярод маладых навукоўцаў Беларусі і блізкага замежжа. Ён упэўнены, што цікавасць да навукі расце, пра гэта сведчыць і колькасць удзельнікаў форуму. “Сёлета ў нас рэкордная колькасць заявак: на форум заяўлена каля 400 дакладаў, — сказаў кіраўнік савета. — Канферэнцыя арыентавана не толькі на дасведчаных маладых навукоўцаў, якія ўжо вызначылі свой шлях, але і на тых, хто толькі прыйшоў у навуку. Такая буйная пляцоўка, як наша канферэнцыя, дазваляе аб’яднаць вучоных, уключыць іх у навуковую дзейнасць і прадэманстраваць, што гэта цікавая, прывабная і паважаная галіна працы”. Ён таксама падкрэсліў, што ўдзел у канферэнцыі дае важную магчымасць зрабіць першы крок у навуку.

Пра тое, што ў Нацыянальнай акадэміі навук ужо наладжана дзейсная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, расказаў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. І падобныя мерапрыемствы, як ён лічыць, яскравы прыклад такой падтрымкі. “Прадстаўленыя распрацоўкі прыемна здзіўляюць сваёй глыбінёй, інтэлектуальнасцю і пазнаннем працэсу”, — падзяліўся меркаваннем У.Гусакоў. На яго думку, маладым навукоўцам важна не толькі прапанаваць ідэю, але і матэрыялізаваць яе ў канчатковым прадукце. І сёння ад моладзі чакаюць крэатыўных ідэй і прынцыпова новых рашэнняў для задач прыкладнога характару.

Спектр тэматыкі распрацовак вельмі шырокі. Напрыклад, на выставе прадставілі энергаэфектыўную аўтаматызаваную ўстаноўку для вырабу драўнянага вугалю, якую ў якасці эксперымента ўжо спрабуюць выкарыстоўваць на прадпрыемстве ў Шчучыне. На суседнім стэндзе — лінейка інавацыйных прадуктаў для спартыўнага харчавання. Ізатанічныя напіткі, пратэінавыя кактэйлі і нават высокабялковую сумесь для бліноў збіраюцца вырабляць з айчынных кампанентаў, што дазволіць амаль удвая знізіць кошт прадукту. А на наступным стале ўжо не ежа, а арміраваныя сінтэтычныя матэрыялы з шырокім спектрам прымянення. Напрыклад, яркая і трывалая ахоўная стужка з такога матэрыялу ўратуе ад пашкоджанняў пракладзеныя ў зямлі кабелі. Усе распрацоўкі не адарваны ад жыцця, а разлічаны на канкрэтны вынік.

Андрэй Іванец патлумачыў прычыны такога прыкладнога характару ўсіх прадстаўленых праектаў: “Нашы навукоўцы шчыльна працуюць з прамысловымі прадпрыемствамі краіны. І пасыл, ідэя для распрацоўкі заўсёды зыходзяць ад рэальных праблем сучаснай эканомікі. Новыя гатункі сталі запатрабаваны на БелАЗе, МАЗе, Мінскім трактарным заводзе. Новыя віды сельскагаспадарчых культур адразу адпраўляюцца на прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Нядаўна ў нас пачаў працаваць Цэнтр клетачнай інжынерыі. Мы актыўна далучаем навукоўцаў не толькі да тэарэтычных, але і да практычных даследаванняў”.

Гульнар Калкабай, дактарант казахстанскага Назарбаеў Універсітэта, прыехала ў Мінск як удзельніца канферэнцыі, каб прадставіць распрацоўкі ў галіне структурных асаблівасцей нікелевых нанатрубак (у гэтай сферы Астана актыўна супрацоўнічае з Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве). Накіраванасць таксама цалкам практычная: нікелевыя нанатрубкі прымяняюцца ў распрацоўцы сейсмічных установак і радыёэлектронікі. “Узровень навукі ў Беларусі вельмі высокі, — падзялілася Гульнар. — Назарбаеў Універсітэт — гэта міжнародны навуковы цэнтр, а таму мы выбіраем партнёраў, якія падыходзяць пад наш навуковы рэйтынг, каб у далейшым плённа выкарыстоўваць агульныя напрацоўкі. І навуковы ўзровень Беларусі нас цалкам задавальняе”. Па словах вучонага, зараз беларускія навуковыя супрацоўнікі выкладаюць казахстанскім спецыялістам свае інавацыйныя метады, а пасля канферэнцыі Гульнар сама плануе прайсці стажыроўку ў беларускім навуковым цэнтры.

Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.