Не спыняцца на дасягнутым

- 9:00Людзі адукацыі

Па меркаванні дырэктара гімназіі № 3 Віцебска Людмілы Васільеўны Сомавай, кіраваць — значыць не толькі самарэалізоўвацца, але і прыводзіць да поспеху іншых, прадастаўляць магчымасці для дасягнення высокіх вынікаў  удзельнікам адукацыйнага працэсу праз раскрыццё іх здольнасцей,  патэнцыялу і  падтрымку ініцыятывы.

У кожнай установы адукацыі ёсць свая непаўторная гісторыя, сваё аблічча. Гартаючы  старонкі электроннага альбома, створанага да 50-годдзя нашай установы адукацыі, Людміла Васільеўна  расказвае, што ўсё пачалося з сярэдняй школы № 1 Віцебска з музычна-харавым ухілам. Школа гасцінна адчыніла свае дзверы ў 1971 годзе.  З гэтай установай адукацыі ў Людмілы Васільеўны звязана вельмі шмат: спачатку яна працавала тут выхавальніцай  групы прадоўжанага дня, потым настаўніцай матэматыкі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і, нарэшце, дырэктарам.

У 1990 годзе ва ўстанове былі адкрыты яшчэ 2 эстэтычныя напрамкі: мастацкі і харэаграфічны. У 1991 годзе школа атрымала назву — сярэдняя школа мастацтваў № 1 Віцебска. Менавіта ў той перыяд тут і з’явіліся такія творчыя калектывы, як хор дзяўчынак “Мара”, хор хлопчыкаў, духавы аркестр, ансамбль эстраднай песні “Ветразь”, вакальна-харэаграфічны ансамбль “Перапёлачка”.

У 2001 годзе рашэннем Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта школа № 1 была пераўтворана ў гімназію № 3 Віцебска, якую Людміла Васільеўна ўзначальвае з 2005 года.

У гімназіі наладжана міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне мастацтва, культуры, адукацыі з музычнай школай горада Нінбурга, у рамках якога праведзены сем сустрэч з вучнямі і настаўнікамі нямецкай музычнай школы. З 2009 года гімназія плённа рэалізуе праект “Дыялог культур: Францыя — Беларусь”, ажыццяўляе супрацоўніцтва з французскімі калегамі з горада Нявер. У гімназіі паспяхова ажыццяўляе сваю дзейнасць раённы рэсурсны цэнтр па французскай мове.

12 красавіка 2007 года гімназіі № 3 Віцебска было прысвоена ганаровае імя А.С.Пушкіна. У нашай гімназіі створаны Пушкінскі цэнтр, працуе літаратурны клуб “Сугучча”. Асабліва значнымі мерапрыемствамі з’яўляюцца выступленні філармоніі “Пушкін у музыцы”, правядзенне выставы “Пушкін вачыма дзяцей”, спектаклі, конкурс паэтычнай творчасці “Душы цудоўныя парывы”, а кульмінацыйнай падзеяй з’яўляецца Пушкінскі баль.

Людміла Васільеўна — настаўніца матэматыкі з педагагічным стажам больш за 35 гадоў. Яна творчы, кампетэнтны педагог. Яе любяць і паважаюць навучэнцы. Да кожнага вучня яна падбірае свой “ключык”. Выкарыстоўваючы як традыцыйныя так і новыя педагагічныя тэхналогіі, яна праводзіць цікавыя ўрокі, на якія навучэнцам хочацца ісці і спасцігаць асновы царыцы навук — матэматыкі.

Верасень 2021 года стане асаблівым месяцам для нашых навучэнцаў, кіраўніцтва і ўсяго педагагічнага калектыву гімназіі. Школа неаднаразова мяняла назвы, але заўсёды была вернай свайму дэвізу: “Шукаю саюз чароўных гукаў, пачуццяў і дум”. Сёння гімназія — гэта 1020 навучэнцаў, 120 педагагічных работнікаў, больш за 80% якіх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. Ганаровае званне “Выдатнік адукацыі” прысвоена 7 педагогам, граматамі Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны 8 настаўнікаў, ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі — 6 педагогаў. Гімназія папоўнілася харэаграфічнымі калектывамі “Карагод” і “Калейдаскоп”, якія выступаюць на пляцоўках нашай краіны і за яе межамі. Гімназічны духавы аркестр неаднаразова станавіўся пераможцам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У гімназіі працуюць 5 творчых калектываў, якія атрымалі і пацвердзілі званне “ўзорны”.

Трэба адзначыць, што ў гімназіі асаблівая ўвага ўдзяляецца ветэранам педагагічнай працы, якія з’яўляюцца яе залатым фондам. З любоўю і павагай  Л.В.Сомава гаворыць пра былога дырэктара школы Надзею Іванаўну Жаваранкаву,  якая многаму яе навучыла, дала пуцёўку ў жыццё, садзейнічала яе станаўленню як кіраўніка.

Людміла Васільеўна ўпэўнена ў тым, што неабходна далучац­ь вучняў да сацыяльна значнай дзейнасці: удзелу ў рабоце валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”, рэалізацыі гуманітарнага праекта, марафону добрых спраў. Дзякуючы ініцыятыве Людмілы Васільеўны і пры яе непасрэдным у­дзеле ў гімназіі быў створаны музей былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, які са­дзейнічае выхаванню патрыятызму.

Навучэнцы гімназіі з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды  па беларускай мове, французскай мове, фізіцы, грамадазнаўстве. Выпускнікі гімназіі  дэманструюць глыбокія веды пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі — атрымліваюць стабальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па  матэматыцы і рускай мове. У 2020 годзе 95% выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

У нашай гімназіі распрацаваны і з поспехам ажыццяўляецца праект “Да 50-годдзя ўстановы — 50 добрых спраў”. Сярод іх можна адзначыць удзел у акцыях “Падары кнігу гімназічнай бібліятэцы”, “Эка-шанс”,  “Падарожжа на піянерскім экспрэсе”, “Зрабі птушачцы хатку — 2021”; адкрыццё абноўленай Дош­кі памяці і воінскай славы “У страі заўсёды, у памяці навечна!” і інш.

За сваю плённую шматгадовую працу Людміла Васільеўна неаднаразова была ўзнагароджана граматамі і дыпломамі рознага ўзроўню. Па выніках 2019 года яна занесена на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна Віцебска. У 2020 годзе Л.В.Сомава ўзнагароджана дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта як пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў адукацыі “Кіраўнік года — 2019” у намінацыі “Лепшы педагагічны савет”. Гімназія № 3 Віцебска па выніках работы за 2017 год занесена на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна Віцебска, па выніках работы за 2019/2020 навучальны год —  на Дошку гонару аддзела па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Па выніках работы ў 2020 годзе сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі гімназія атрымала дыплом за лепшую работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя.

Людміла Васільеўна ўпэўнена: “Круглая дата нашай установы адукацыі дае нам магчымасць азірнуцца назад, падвесці вынікі і… зазірнуць у будучыню. Таму для гімназічнага калектыву ўсё лепшае яшчэ наперадзе. Будзем пераадольваць цяжкасці і дасягаць высокіх вынікаў!”

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.