Непаўторнае шматгалоссе “Дударыкаў”

- 11:35Культура

У пачатку студзеня знакаміты дзіцячы фальклорны ансамбль “Дударыкі” на чале з Дзмітрыем Дзмітрыевічам Ровенскім стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Ансамбль быў створаны 50 гадоў назад. За гэты час ён даў звыш 2 тысяч канцэртаў, прычым каля 600 з іх адбыліся за мяжой. Сотні дзяцей не толькі дакрануліся да прыгожага свету фальклорнай музыкі і пазнаёміліся з багатымі творчымі традыцыямі нашай краіны, але і асвоілі народныя танцы і авалодалі многімі музычнымі інструментамі, у тым ліку піламі, косамі, маслабойкамі, падковамі… Не здзіўляйцеся, вы ўсё правільна прачыталі. “Дударыкі” — гэта неверагодны, унікальны калектыў, у чыіх руках пачынае гучаць усё!

Гісторыя “Дударыкаў” пачыналася так…

У далёкім 1970 годзе пасля службы ў арміі малады капыльскі музыкант-самародак Дзмітрый Ровенскі трапіў у адну са сталічных школ (цяпер гэта гімназія № 14), дзе працаваў настаўнікам музыкі і спеваў. Там ён вырашыў заснаваць самабытны дзіцячы фальклорны калектыў. “І прыйшлі да мяне 28 хуліганістых хлопцаў, але пасля ўсе яны выбіліся ў людзі, атрымалі прафесіі, некаторыя сталі палкоўнікамі, начальнікамі міліцыі, ваеннымі і нават ёсць сярод іх адзін аташэ па культуры, — не без гордасці адзначае мастацкі кіраўнік. — Многія з “Дударыкаў” сталі знакамітымі лю­дзьмі. Мы і зараз з імі сябруем, яны віншуюць мяне са святамі і дапамагаюць набываць інструменты”.

Спачатку ў “Дударыках” былі адны юнакі. Аднак пасля таго як у 1990 годзе школа стала гімназіяй, у ансамбль прыйшлі 30 дзяўчат і толькі 2—3 хлопцы. “І калі раней мы толькі ігралі, то цяпер прыйшлося перакваліфікавацца і пачаць танцаваць ды спяваць, — дадае Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Прычым нашы дзяўчаты першымі ў Беларусі пачалі іграць на такіх мужчынскіх інструментах, як дуда, гармонік, барабан, бубен, акарына. Раней на іх ігралі толькі хлопцы. Сёння ў калектыве займаюцца 82 выхаванцы ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў, з іх каля 20 юнакоў”.

Ансамбль — мая сям’я

Так пра свой калектыў гаворыць адзіны і нязменны яго кіраўнік Дзмітрый Ровенскі. І, паверце, ён не галаслоўны, бо менавіта дзякуючы ансамблю Дзмітрый Дзмітрыевіч спаткаў сваю будучую жонку Лідзію Яўгенаўну, разам з якой пяць дзесяцігоддзяў займаецца папулярызацыяй народнай музыкі. Прычым у “Дударыках” спасцігалі ігру на музычных інструментах, вучыліся спяваць і танцаваць трое іх дзяцей. Працягнулі сямейную традыцыю і сямёра ўнукаў разам з зяцямі і нявесткамі. Нядзіўна, што ў 2012 го­дзе гэтая сям’я атрымала гран-пры мінскага гарад­скога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”. Між іншым яна ледзь не поўным складам прысутнічала 9 студзеня ў Палацы Рэспублікі на ўрачыстай цырымоніі ўручэння спецыяльных прэмій прэзідэнта.

— “Дударыкі” атрымалі спецыяльную прэмію прэзідэнта за значныя дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва, паспяховае прадстаўленне Беларусі на Міжнародным фестывалі “Гармонік збірае сяброў”, Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы і іншых праектах. Што для вас значыць такая высокая адзнака?

— У нас шмат розных прэмій і ўзнагарод, аднак атрымаць спецпрэмію было асабліва прыемна і вельмі прэстыжна. Яна зойме пачэснае месца сярод нашых дыпломаў і медалёў, а таксама надасць яшчэ больш энтузіязму нашай дзейнасці і дапаможа набыць новыя гармонікі. Напрыклад, мая даўняя мара — “Тульскі гармонік”. Дарэчы, у нашай калекцыі ёсць гармонікі, якім 50—70 гадоў, і ні адзін голас не зламаўся, — адзначае Дзмітрый Ровенскі.

— У вас неверагодная колькасць узнагарод: медалёў, дыпломаў, кубкаў, грамат! І, наколькі я ведаю, толькі за апошнія гадоў дзесяць “Дударыкі” сталі ўладальнікамі каля 10 гран-пры ў розных краінах свету. А якая яшчэ з вашых узнагарод прынесла вам радасць і пачуццё гордасці?

— Так, сёння наш калектыў — лаўрэат шматлікіх прэстыжных мерапрыемстваў як у нашай краіне, так і за мяжой, бо наша музыка і песні даспадобы не толькі беларусам. Са шчырай цеплынёй прымалі нас у Польшчы, Паўднёвай Карэі, Германіі, Фінляндыі, Італіі, Латвіі, Сербіі, Англіі, Шатландыі, Уэльсе, Расіі, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі, Славакіі, на астравах Тайвань, Джэрсі. У 2014 годзе ў Парыжы ў штаб-кватэры ЮНЕСКА выступілі на адной сцэне з хорам імя М.Я.Пятніцкага, а ў Аўстрыі — з Венскім сімфанічным аркестрам, — расказвае кіраўнік ансамбля. — Між іншым у якіх бы краінах мы ні выступалі, мы заўсёды ў лідарах. Возьмем для прыкладу кубак Тайваня, які мы атрымалі сярод 70 краін. А на Днях культуры ў Сеуле, дзе былі прадстаўлены 82 краіны, нас адзначылі як адных з лепшых.

Аднак з асаблівай гордасцю Дзмітрый Дзмітрыевіч расказвае пра свой фестываль “Гармонік збірае сяброў”, што праводзіцца на базе Палаца культуры Мінскага трактарнага завода. Ідэя фэсту падгледжана ў Сібіры. З 2006 года Д.Д.Ровенскі не раз бываў у Новасібірску як старшыня журы Маланінскага конкурсу гарманістаў, а ў 2008 годзе заснаваў свой фестываль у Мінску. “Са мной ездзілі і мае вучні, якія там станавіліся лаўрэатамі, — дзеліцца ўспамінамі мой суразмоўнік. — Аднойчы у Новасібірску ў адной зале сабралі каля тысячы дзяцей з гармонікамі “ля”, і яны ўсе разам ігралі “Цыганачку”. Можаце сабе ўявіць?! Прынамсі, там займаюцца гармонікам даўно, таму клас гармоніка ў іх ёсць і ў музычнай школе, і ў вучылішчах, універсітэтах, кансерваторыях. Вось і ў мяне з’явілася мара, каб і ў Беларусі было афіцыйнае выкладанне гармоніка”. Варта адзначыць, што ў 2013 го­дзе за дабрачынныя канцэрты, майстэрства, прапаганду гармоніка ў Беларусі і падрыхтоўку вучняў, лаўрэатаў Маланінскага конкурсу, Дзмітрый Ровенскі ў Новасібірску атрымаў званне “Народны музыкант зямлі рускай”, а ў 2015 годзе ў расійскім Жукаве быў узнагароджаны медалём “За мужнасць і любоў да Бацькаўшчыны”.

“Мае зайкі”

“Зайкамі я называю ўсіх: і першыя, і адзінаццатыя класы, — дзеліцца педагог. — Баць­кам сваіх выхаванцаў я заўсёды гавару, што яны ў мяне самыя любімыя, што гэта мая сям’я, аднак я рэдка іх хвалю, больш сваруся. Але ўсе яны добра ведаюць, што раблю гэта па-бацькоўску. І жонка з намі ўсё жыццё, дапамагае, і яе таксама любяць, як бабулю. Усе, як родныя”.

За 50 гадоў праз “Дударыкі” прайшло некалькі соцень дзяцей. Шмат былых удзельнікаў ансамбля сталі прафесійнымі музыкантамі, якія скончылі Мінскую, Маскоўскую ці Санкт-Пецярбургскую акадэмію музыкі ці касерваторыю. Сярод іх Валянціна Семянкова, Валерый Жаўнерчык, Сяргей Крупнік, Святлана Скорабагатая, Віталь Эстрын, Алена Даманская, Настасся Бараненкава, Андрэй Лімбіеўскі, Яўген Кузьмянкоў і іншыя.

“Сёння мае выпускнікі жывуць па ўсім свеце, яны пастаянна мне пішуць і прысылаюць падарункі, — расказвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Многія стварылі свае калектывы за мяжой. Так, Насця Лунёва — цымбалістка, у Францыі яна заснавала свой ансамбль народнай музыкі. А Саша Садоўскі зараз жыве ў Лос-Анджэлесе і стварае электроніку для самалётаў, нядаўна ён заказаў гармонік і дудкі для сваіх дзяцей, бо сумуе па радзіме. Дарэчы, многія мае былыя вучні прыводзяць сваіх унукаў у наш калектыў”.

“Наш Дзім Дзімыч”

Гэтымі словамі пачынаюць свой аповед пра любімага кіраўніка сённяшнія ўдзельнікі ансамбля. Дзесяцікласнік Ягор Будкевіч у “Дударыках” з сямі гадоў, разам з Дзім Дзімычам прайшоў не адно выпрабаванне. “Ён выдатны настаўнік, хоць можа і пакрычаць. Але яго выхаванне больш бацькоўскае, чым настаўніцкае, і мы ўсе яго любім”, — прызнаецца хлопец. А дзевяцікласнік Ілья Клюйко дадае, што хоць у яго жыцці і многа захапленняў, але “Дударыкі” заўсёды на першым месцы. “Калі я ўпершыню прыйшоў на заняткі ў ансамбль, то мне здалося, што Дзім Дзімыч — злосны чалавек, але насамрэч ён вельмі добры. І мы вельмі ўдзячны за магчымасць выступаць з ім на адной сцэне”, — адзначае ён.

Аднойчы Дзмітрый Ровенскі паставіў мэту: адраджаць і прымнажаць узоры музычна-песеннай спадчыны беларускага народа, і ўсе гады ажыццяўляе яе.

— Дзмітрый Дзмітрыевіч, вы іграеце з 5 гадоў. Гэта колькі ўжо?

— Мне 72 гады — падлічыце. Калі мне было 12 гадоў, бацька прывёў мяне ў знакамітыя “Капыльскія дудары”. Дарэчы, усе мае родныя да 5 калена былі добрымі музыкантамі. Скончыў музычную школу па класе баяна, але іграў на трамбоне, саксафоне, акардыоне, гармоніку. Я з дзяцінства марыў стаць ваенным, таму нават два разы спрабаваў паступіць на юрыдычны. Відаць, не лёс. Пасля арміі пераехаў у сталіцу. Працаваў токарам на заводзе, важатым у дзіцячым аздараўленчым лагеры. Пасля скончыў музычнае вучылішча і ўніверсітэт культуры ды назаўсёды застаўся ў педагогіцы, — расказаў Дзмітрый Ровенскі.

Між іншым нават выпускнiкi “Дударыкaў” не развітваюцца з любімым кіраўніком і народнымі спевамі. Для дарослых педагог стварыў ансамбль “Мінскія музыкі” ў 1996 годзе. Нядзіўна, што ўсе заслугі выбітнага музыканта неаднаразова адзначаліся. Так, 20 гадоў назад яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі, у 2006 годзе — выдатніка адукацыі, у 2010-м — “Мінчанін года”, а ў 2016 годзе ўзнагародзілі нагрудным знакам Міністэрства культуры “За значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры і мастацтва, захаванне нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны”. Акрамя таго, ён адзін з першых членаў Беларускага саюза музычных дзеячаў, уладальнік дыплома ААН “За вялікі ўклад у захаванне і развіццё нацыянальных традыцый” і медаля за прапаганду фальклору ў Еўро­пе.

Дзмiтрый Ровенскi — гэта прыклад таленавiтага, апантанага педагога, які перакананы: калі ты сам неабыякавы да гісторыі і традыцый свайго краю, то і твае выхаванцы будуць ставіцца да іх з цікавасцю і павагай.

Музыканты-ўніверсалы

Кожны ўдзельнік ансамбля не толькі выдатна валодае некалькімі музычнымі інструментамі, але і добра спявае і танцуе, ствараючы на сцэне яркія канцэртныя нумары. Сёння ў рэпертуары ансамбля разнастайныя народныя музычныя творы: песні, танцы, найгрышы на старадаўніх інструментах. А фішка музыкантаў у тым, што яны могуць іграць на гармоніках, трымаючы іх і над галавой, і за спінай, і пад каленам. Здзіўля­юць таксама і тым, што артысты адразу выступаюць у некалькіх ролях у адным нумары: мо­гуць і іграць на інструменце, і танцаваць, і спяваць.

Цікава, што ўсе “Дударыкі” авалодва­юць музычным і танцавальным мастацтвам у сваёй роднай гімназіі. Дзякуючы намаганням Дзмітрыя Ровенскага і яго калег, у 14-й гімназіі адкрыты класы гармоніка, скрыпкі, цымбалаў, духавых народных інструментаў, народных спеваў і танцаў. “У 2019 годзе я актыўна займаўся праграмай па гармоніку, якой да гэтага часу няма ў Беларусі. Гадоў 20 назад я сабраў усе творы для гармоніка, але тады гэта нікога не зацікавіла. А цяпер маю праграму зацвердзілі на гарадскім узроўні, ужо можна афіцыйна выкладаць гармонік у мін­скіх музычных школах з эстэтычнымі напрамкамі, — адзначае педагог. — Зараз мы разам з выкладчыкамi Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі падалі калектыўную рэцэнзію і адправілі праграму на рэспубліку. Калі яе зацвердзяць, у нашай краіне з’явіцца афіцыйная адукацыйная праграма па гармоніку”.

Нібы падарожжа на машыне часу…

У сваёй гімназіі № 14 удзельнікі ансамбля “Дударыкі” стварылі два музеі. Адзiн з iх у 1985 годзе — музей беларускага побыту, падчас наведвання якога ўзнiкае адчуванне, нiбы ты перенёсся ў мiнулае на стагоддзе назад, асабліва калі пачынаюць гучаць аўтэнтычныя спевы. Удзельнікі ансамбля пераабсталявалі адзін з класаў гімназіі пад звычайную вясковую хату з цаглянай печчу, люлькай, калаўротам, абрусамі, куфрам і іншымі рэчамі побыту мінулага часу.

А другi — музей народных музычных інструментаў — быў створаны ў 2003 годзе. У ім прадстаўлена каля 350 экспанатаў 60 найменняў, большасць з якіх зроблена лепшымі беларускімі майстрамі. Прычым кожны ўдзельнік ансамбля паступова асвойвае некаторыя з іх. Ёсць яшчэ і рэстаўрацыйная майстэрня, дзе Дзмітрый Дзмітрыевіч і яго вучні рэаніміру­юць самыя струхнелыя рарытэты.

Усяго ж у двух музеях сабрана больш за 2000 экспанатаў (каля 250 найменняў), пра якія Дзмітрый Ровенскі можа расказваць гадзінамі. Дарэчы, сярод экспанатаў ёсць кампакт-дыскі з запісамі ансамбля, буклеты і нават спецыяльны паштовы канверт, які быў выпушчаны да 25-годдзя “Дударыкаў”.

Заўсёды маладыя…

Зараз “Дударыкі” рыхтуюцца да 50-гадовага юбілею. “На наш юбiлей хочуць прые­хаць iтальянцы. А адзначаць яго будзем, хутчэй за ўсё, у сакавіку 2021 года. Праўда, спачатку правядзём 9 мая “Гармонік Перамогі”. Разам з дырэктарам Палаца культуры МТЗ Уладзімірам Кірута плануем саб­раць не толькі ўсіх гарманістаў Беларусі, але і запрасіць музыкантаў з Расіі, краін Прыбалтыкі і Украіны”, — дзеліцца планамі Дзмітрый Дзмітрыевіч.

Мая сёлетняя сустрэча з “Дударыкамі” не першая, бо пазнаёмілася з імі я гадоў дзесяц­ь назад. Таму магу ўпэўнена сказаць, што ў кожным удзельніку калектыву ёсць часцінка іх цудоўнага кіраўніка Дзмітрыя Дзмітрыевіча Ровенскага, які не проста знаёміць іх з нашай адметнай фальклорнай спадчынай і часам неверагоднымі музычнымі інструментамі, а ўкладае ў іх сэрцы павагу да гісторыі радзімы і народнай культуры, вучыц­ь сяброўству і добра­зычлівым адносінам, асабістым прыкладам паказвае, што заўсёды трэба верыць у сябе і ніколі не апускаць рукі. Напэўна, таму іх цудоўны ансамбль жыў, жыве і будзе жыць, пакараючы ўсё новыя айчынныя і замежныя конкурсныя і канцэртныя пляцоўкі i праслаўляючы любімую Беларусь.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара і з сацыяльных сетак калектыву.