Арганізацыя адпачынку і аздараўленне дзяцей у перыяд канікул з’яўляецца неад’емнай часткай работы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч. Тут на працягу тыдня дзейнічаў аздараўленчы лагер “Пунсовыя ветразі”.
Кожны дзень у лагеры меў свае мэты і быў абазначаны індывідуальнай назвай. Першым стаў “Дзень знаёмства”, які даў магчымаць школьнікам з розных аб’яднанняў па інтарэсах пазнаеміцца і падзяліцца сваімі захапленнямі. Так, першы панядзелак не абмежаваўся толькі сустрэчай і святочнай лінейкай. Для школьнікаў была арганізавана экскурсія ў гарадскі кінатэатр “Знамя”, дзе яго супрацоўнікі падрыхтавалі кіналекторый аб навінках сучаснага кінематографа і прапанавалі наведаць 3D-планетарый. Аўторак прайшоў як “Дзень сяброўства”, а ў сераду чакаў “Дзень здароўя”. За гэты час для ўдзельнікаў “Пунсовых ветразей” былі праведзены шматлікія гульні на свежым паветры, спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны і творчыя конкурсы.
Былі арганізаваны экскурсіі ў краязнаўчы музей горада, музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама з вялікім захапленнем педагогі з удзельнікамі лагера здзейснілі паход выхаднога дня “Вясеннімі сцяжынкамі”.
Чацвер стаў “Днём прыгажосці і дабрыні”, у які дзеці з інтарэсам наведалі майстар-клас па цырульніцкім мастацтве LONGhair, дзе кожнай юнай прыгажуні была зроблена крэатыўная прычоска. Хлопчыкі таксама не сумавалі, а з захапленнем ацэньвалі створаныя вобразы.
Навучэнцы наведалі аддзяленне ДАІ горада, дзе з імі была праведзена экскусія і гутарка аб правілах бяспекі на дарогах. Для таго каб павысіць узровень фінансавай дасведчанасці, з удзельнікамі лагера была арганізавана сустрэча з супрацоўнікамі “Беларусбанка”, якія расказалі шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб банкаўскіх прафесіях, пластыкавых картках і ўмовах іх выкарыстання, а таксама аб новых грашовых банкнотах.
Запамінальным і вясёлым аказаўся апошні дзень — “Дзень незабыўных розыгрышаў”, калі навучэнцы прымалі ўдзел у жартоўнай віктарыне “Смех — справа сур’ёзная”, а таксама распрацоўвалі гумарыстычныя газеты і плакаты, прысвечаныя Дню смеху.
Тыдзень праляцеў імгненна, але кожны паспеў атрымаць за гэты час шмат станоўчых эмоцый, незабыўных уражанняў і карыснай інфармацыі.
Ала ВЕКА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
Калінкавіч Гомельскай вобласці.