Незвычайная школа ў сельскай глыбінцы

- 22:17Навіны рэгіёнаў

Аляксандр Кадлубай 28 студзеня наведаў Дунілавіцкі яслі-сад — сярэднюю школу Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” намеснік міністра адукацыі разам з прадстаўнікамі райвыканкама і галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама сустрэліся з навучэнцамі 8—11 класаў. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольгі Андрэйчык (яна выступіла ў ролі мадэратара) навучэнцы і госці зрабілі пяты з запланаваных на гэты навучальны год тэматычных крокаў, кожны з якіх нацэлены на вызначэнне грамадзянскай пазіцыі і прадугледжвае фарміраванне ў моладзі пэўных ведаў, уменняў, асобасных якасцей і маральных каштоўнасцей.

“Шлях у сто кіламетраў пачынаецца з першага кроку”

Напярэдадні Дня беларускай навукі галоўнымі тэмамі размовы сталі новыя адкрыцці, дасягненні і перспектыўныя напрамкі даследаванняў вучоных нашай краіны, беларуская навука як магутная высокатэхналагічная індустрыя, яе канкурэнтаздольнасць, узаемасувязь паміж навукай, эканомікай і адукацыяй на ўсіх яе ўзроўнях, уклад маладога пакалення ў навуку. З пункту погляду навучэнцаў, прыяры­тэтамі развіцця інавацый у краіне з’яўляюцца інфармацыйныя, рэсурсазберагальныя, энергаэфектыўныя і касмічныя тэхналогіі, прамысловыя біятэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, медыцына, тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, экалагічная бяспека. У фармаце адкрытага мікрафону абмяркоўваліся магчымасці, якія раскрываюць перад удзельнікамі рэспубліканскі маладзёжны праект БРСМ “100 ідэй для Беларусі” і Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, перавагі атамнай энергетыкі, удзел нашых суайчыннікаў у будаўніцтве і эксперыментах на Вялікім адронным калайдары, даследаванні на беларускай станцыі “Гара Вячэрняя” па вывучэнні Антарктыкі. Не засталіся па-за ўвагай і персаналіі вучоных. Побач з сусветна вядомымі таленавітымі ўраджэнцамі Віцебшчыны, такімі як Жарэс Алфёраў, былі згаданы знакамітыя выпускнікі школы, у ліку якіх — галоўны канструктар ААТ “МАЗ” Аляксандр Мышко, вядучы канструктар ААТ “МТЗ” Уладзімір Бульбяноў, супрацоўнік цэнтра навуковых распрацовак ААТ “Інтэграл” Аляксандр Мелец, універсітэцкія выкладчыкі і супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Мадэратар азнаёміла навучэнцаў з унікальным артэфактам — кнігай выпускніка Уладзіміра Волкава. Пасля заканчэння Чырванасцяжнай ордэна Леніна ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя прафесара М.Я.Жукоўскага ён працаваў у закрытым навукова-практычным цэнтры, займаўся пытаннямі тэорыі касмічных палётаў. А ўпершыню захапленне навукай, даследаваннямі хлопец адчуў на ўроках матэматыкі ў школе. Праз гады Уладзімір Мікалаевіч у знак шчырай па­дзякі падарыў любімай настаўніцы сваю кнігу з подпісам: “Ніне Ульянаўне Бульбяновай. Нават шлях у сто кіламетраў пачынаецца з першага кроку. За дапамогу ў першых кроках у матэматыку з задавальненнем прысвячаю свае першыя крокі ў вялікай навуцы”.

— Няхай людзі, чые імёны прагучалі сёння, стануць для вас узорам, — звярнулася да юнакоў і дзяўчат Вольга Андрэйчык. — Упэўнена, што ў будучыні гэты спіс будзе працягнуты вамі — нашымі разумнымі, мэтанакіраванымі, таленавітымі дзецьмі, якія любяць сваю маленькую радзіму і нашу вялікую Беларусь.

Чым жыве сёння школа?

Дырэктар Ірына Кішко прапанавала невялікі экскурс у гісторыю і сучаснасць. Дунілавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа Пастаўскага раёна размяшчаецца ў тыпавым трохпавярховым будынку, урачыстае адкрыццё якога адбылося 1 верасня 2004 года. Гісторыя ўстановы адукацыі бярэ пачатак у 60—70-х гадах ХІХ стагоддзя, калі ў вёсцы Дунілавічы з’явілася народнае вучылішча. У даваенны і пасляваенны час працавала пачатковая школа, пазней — сямігодка, пераўтвораная ў 1951 годзе ў сярэднюю школу. У 2006 го­дзе на яе базе быў адкрыты дзіцячы сад, а ў цяперашні час тут 110 навучэнцаў і

16 выхаванцаў. Таксама ўстанова рэалізуе адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі (інтэграванае навучанне і выхаванне) і прафесійнай падрыхтоўкі. Функцыянуюць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзве групы прадоўжанага дня. З 25 педагогаў школы 8 — яе выпускнікі; у дружнай педагагічнай камандзе — заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, прызёр ІІ этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. На задавальненне адукацыйных запытаў навучэнцаў і іх бацькоў накіравана работа 16 факультатываў, 7 аб’яднанняў па інтарэсах, 3 спартыўных секцый.

З 2015 года арганізавана вывучэнне на павышаным узроўні беларускай мовы і матэматыкі ў 10—11 класах: за 5 гадоў сярэдні бал у навучэнцаў гэтых груп склаў 7,9 і 7,5 адпаведна. Аб якасці адукацыі красамоўна сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання (за названы перыяд двойчы быў стабальны вынік, максімальны бал у мінулым годзе — 96), рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (штогод прадстаўнікі школы прывозяць па некалькі дыпломаў з абласнога этапу, ёсць і перамогі на заключным), пяцёра залатых медалістаў (як правіла, больш за палову выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі). З пачатковых класаў настаўнікі імкнуцца матываваць школьнікаў да даследчай дзейнасці — між іншым невялікая сельская школа штораз рыхтуе пераможцаў фіналу рэспубліканскага конкурсу (канферэнцыі) работ навучэнцаў даследчага характару. Школьнікаў, якія робяць свае першыя адкрыцці, аб’ядноўвае навуковае таварыства “Альтаір”. Яшчэ адно цікавае аб’яднанне — турыстычны клуб “Надзея”. Кожны год яго ўдзельнікі здзяйсняюць паходы па адметных мясцінах роднай краіны і замежжа, геаграфія падарожжаў — ад Кольскага паўвострава да Карпат. Адметнай асаблівасцю Дунілавіцкай школы з’яўляецца і вельмі багаты 45-гадовы вопыт падрыхтоўкі навучэнцаў па прафесіях вадзіцель аўтамабіля і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці. З 1976 года ажыццяўляецца падрыхтоўка вадзіцеляў калёсных трактароў катэгорыі А, механічных транспартных сродкаў катэгорый В і С. Для арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база: абсталяваны кабінеты вывучэння правіл дарожнага руху, будовы аўтамабіля і трактара; адпрацоўка практычных навыкаў ваджэння адбываецца на аўтадроме ўстановы адукацыі на яе транспартных сродках.

— На нашым прыкладзе выразна бачна, як глабальныя змены ў навуцы адлюстроўваюцца на сістэме адукацыі, — выказала меркаванне Ірына Рычардаўна. — Тэма нашай сённяшняй сустрэчы — “Беларуская навука: у нагу з часам”. І мы ­ідзём у нагу з часам, укараняем інавацыі, шукаем уласныя ма­дэлі і падыходы, выкарыстоўваем лепшы педагагічны вопыт. Нашы настаўнікі самі займаюцца даследаваннямі і, мне здаецца, удала далуча­юць да навукі моладзь, знаходзяць шляхі, каб зацікавіць новымі творчымі ідэямі і праектамі, мерапрыемствамі грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, ствараюць сітуацыю поспеху для асобаснага росту навучэнцаў. Разам з тым мы шануем і зберагаем традыцыі, што сталі неад’емнай часткай жыцця. Яны заснаваны на патрыятызме, справядлівасці, працавітасці, павазе да гістарычнай і культурнай памяці.

Ролю школьных настаўнікаў цяжка пераацаніць

У ходзе дыялогу Аляксандр Кадлубай адзначыў, што гістарычна навука заўсёды была звязана з адукацыяй і з яе выйшла. Асобна ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма развіцця і падтрымкі дзіцячага і маладзёжнага даследчага руху. Ролю школьных настаўнікаў у фарміраванні аблічча заўтрашняй навукі цяжка пераацаніць. Педагог бачыць задаткі дзіцяці і пачынае іх развіваць. У навучэнцаў ёсць магчымасць праявіць сябе на конкурсах юных даследчыкаў, разлічаных на розную ўзроставую аўдыторыю. На ступені вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі гэтая дзейнасць пераходзіць на якасна новы ўзровень: пры ўніверсітэцкіх кафедрах моладзь выконвае навуковыя даследаванні. Сярод пытанняў, якія школьнікі адрасавалі госцю, былі наступныя: як намеснік міністра арганізоўвае свой дзень, каб усё паспець, ці ёсць будучыня ў дыстанцыйнага навучання (асабліва ў сярэдняй адукацыі) і якім будзе далейшае развіццё профільных класаў аграрнай накіраванасці? Кожнае пытанне атрымала шчыры, падрабязны і вычарпальны адказ.

— Праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, што рэалізуецца ў нашай краіне, пераканаўча пацвердзіў сваю запатрабава­насць. Сённяшняя сустрэча — яшчэ ­адзін яскравы прыклад гэтага, — у гутарцы з журналістамі падзяліўся ўражаннямі ад мерапрыемства Аляксандр Кадлубай. — Мне імпануе бачанне сістэмы матывацыі і падрыхтоўкі дзяцей і моладзі да будучай навуковай дзейнасці, якое адлюстравана ў выступленні кіраўніка ўстановы адукацыі. Спадабаліся мадэрацыя ШАГа, папярэдняя арганізатарская падрыхтоўка. Тэма дастаткова сур’ёзная — беларуская навука, тым не менш дзеці прадэманстравалі грунтоўныя веды, разуменне асабістай адказнасці за будучыню краіны, уменне аналізаваць, параўноў­ваць, абагульняць, весці дыскусію і праца­ваць у камандзе. Мы паўдзельнічалі ў цікавым дыялогу, абмеркавалі вельмі шмат пытанняў — пачынаючы ад сіс­тэмных, глыбокіх і заканчваючы прыватнымі, што тычацца населенага пункта або канкрэтных жыццёвых сітуацый. Агульнае ўражанне ад школы таксама станоўчае: перспектыўная ўстанова, калектыў якой у трэндзе наватарства і інавацый, які прымнажае добрыя традыцыі, бачыць і сіс­тэмна рэалізуе сучасные напрамкі развіцця адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.