Новае жыццё ў абмен на закруткі

- 15:07Навіны рэгіёнаў

Менавіта ў гэтым заключаецца сэнс сацыяльна-экалагічнага праекта, які дапамагае вырашыць не толькі экалагічныя праблемы, але і праблему дзяржаўнага фінансавання лячэння і рэабілітацыі хворых дзяцей нашай краіны шляхам аказання ім дапамогі за кошт сродкаў, атрыманых ад продажу перапрацоўчым заводам закрутак ад пластыкавых бутэлек.

Ініцыятар і кіраўнік праекта — Наталля Кунцэвіч. Да­дзены праект рухаецца ўпэўненымі крокамі па нашай краіне са студзеня 2018 года. Яму папярэднічала вялікая работа: з’явілася шмат валанцёраў, адкрыліся пункты збору накрывак, а неабыякавыя майстры-ўмельцы зрабілі драўляныя кантэйнеры, у якіх жыхары Гомеля могуць пакідаць сабраныя закруткі. Усё больш і больш нераўнадушных людзей жада­юць далучыцца да праекта і цікавяцца тым, якія накрыўкі можна збіраць, дзе знаходзяцца пункты збору.

Да гэтай добрай справы далучылася таксама сярэдняя школа № 72 Гомеля. Нягледзячы на тое, што школа яшчэ зусім маладая (у студзені 2019 года адзначыла 10-гадовы юбілей), дабрачынныя і экалагічныя акцыі праводзяцца ў ёй пастаянна. Тут таксама вучацца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, а для перамяшчэння інвалідных калясак існуюць пандусы і ліфт.

На класнай гадзіне я расказала сваім вучням пра праект “Новае жыццё ў абмен на закруткі”, пра тое, што кожны чалавек, які жадае дапамагчы хворым дзецям, але не мае для гэтага матэрыяльных магчымасцей, можа рэалізаваць свае жаданні ў гэтым праекце. Хацелася, каб мае вучні зразумелі, што можна проста выкінуць закруткі ад пластыкавых бутэлек, а можна дапамагчы камусьці, далучыўшыся да акцыі. Дзеці зацікавіліся, і пачаўся збор закрутак.

Сярод найбольш актыўных удзельнікаў акцыі першапачаткова былі вучні 7 “Д” класа Арцём Цімашкоў, Арцём Іванчыкаў, Ілья Варапаеў, Яна Дзядкова, Аляксандр Старавойтаў, Ягор Лузан. Хутка да іх далучыліся вучні 8 “А” класа разам з класным кіраўніком Святланай Дзірко. А потым і іншыя навучэнцы сталі падыходзіць да мяне і цікавіцца, каму трэба здаваць закруткі.

Адну партыю закрутак мы ўжо здалі ў пункт прыёму. Хутка туды адправіцца другая партыя. Вельмі радуе, што праект захапіў і бацькоў, якія дапамагаюць сваім дзецям у такой добрай справе. Вучні расказваюць мне пра тое, што іх сваякі, сябры, знаёмыя таксама паступова далучаюцца да ўдзелу ў праекце, прыносяць сабраныя дома закруткі. “Гэта такая дробязь і такая вялікая дапамога. Мы ўсёй сям’ёй  рады прыняць удзел у гэтай справе”, — сказала адна з удзельніц праекта. Такім чынам, паступова ініцыятыва выходзіць за рамкі класа і прыцягвае іншых вучняў школы і іх бацькоў. Дзеці збіраюць закруткі з верай у добрую справу і ў тое, што іх намаганні будуць карыснымі. Акрамя таго, праект выхоўвае талерантнасць, аб’ядноўвае ўсіх дзяцей незалежна ад стану іх здароўя. А адзін з удзельнікаў нават прысвяціў праекту ўласны верш.

Ірына КНІГА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 72 Гомеля.