Новы год два разы ў год

- 11:59Нам пішуць

адзначаюць многія жыхары Беларусі і тых краін, царква якіх адзначае Нараджэнне Хрыстова па Юліянскім календары

У рамках інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі полікультурнага выхавання навучэнцаў у выхаваўчую прастору рэгіёна», які з верасня 2016 года реалізуе педагагічны калектыў Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, 14 студзеня 2016 года ў аб’яднаннях па інтарэсах «Зносіны» і «Фальклорны карагод» былі праведзены сумесныя інтэграваныя заняткі «Новы год два разы ў год!».

Заняткі прадугледжвалі вялікую падрыхтоўчую работу, што выклікала асаблівую зацікаўленасць дзяцей. Навучэнцы кожнага з аб’яднанняў павінны былі падрыхтаваць для сваіх сяброў з другога аб’яднання як мага больш інфармацыі згодна з напрамкам сваёй дзейнасці і прадставіць яе ў цікавай форме.

Навучэнцы аб’яднання «Зносіны» ў форме вуснага часопіса расказалі пра гісторыю ўзнікнення паняцця «стары новы год», традыцыі святкавання гэтай даты ў розных краінах. Навучэнцы аб’яднання «Фальклорны карагод» пазнаёмілі прысутных з традыцыямі і звычаямі святкавання Старога новага года (па народным календары – Васілля) на Беларусі. Лепшаму ўсведамленню інфармацыі спрыяла форма яе падачы – удзел у своеасаблівай абрадавай пастаноўцы. Падчас абраду дзеці назіралі за прыродай (рабілі прагноз на будучае надвор’е і ўраджай), прайшліся па садзе (страсалі пладовыя дрэвы са словамі старажытнага загавора: «Як страсаю я белы пухны снег, так страсе чарвякоў-гадаў усякіх па вясне святы Васіль»), варажылі (абдымалі плот, кідалі бот, выцягвалі саломіны, капалі воск са свечак у халодную ваду), калядавалі («хадзілі па хатах», частаваліся куццёй, ласункамі і пірагамі з сюрпрызам, жадалі гаспадарам добрага здароўя і дабрабыту), а таксама многа спявалі і танцавалі.

«Цяпер можна ўпэўнена сказаць: новы год сапраўды наступіў!» – зрабілі выснову дзеці падчас рэфлексіі.

Алена ГАНЧАРЫК,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.