Новы фармат дапамагае зазірнуць у гісторыю

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Экспазіцыя інтэрактыўнай выставы праекта “Партызаны Беларусі” разгарнулася ў выставачнай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

Сумесны інтэрнэт-праект Выдавецкага дома “Беларусь сёння” і Нацыянальнага архіва прысвечаны партызанскаму руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У аснове — фотахроніка і дакументы, якія даюць яскравае ўяўленне пра дзеянні партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гадах. Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

З 2018 года пачалося стварэнне электроннай базы даных пра партызан і падпольшчыкаў, якія змагаліся з гітлераўскімі захопнікамі ў гады вайны. За гэты час атрымалася знайсці і алічбаваць тысячы дакументаў. Гэтая работа працягваецца.

У экспазіцыі — гістарычныя фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны, копіі ўзнагародных лістоў і баявых характарыстык партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Выстава раскрывае подзвігі і заслугі партызан, расказвае пра баявыя сутыкненні і партызанскія фарміраванні.

Кожны наведвальнік гэтай выставы можа праз інтэрактыўны стэнд праекта partizany.by паспрабаваць знайсці даныя аб сваіх продках, якія ў гады Вялікай Айчыннай ваявалі ў партызанскіх атрадах.

— Выстава дапамагае акунуцца ў далёкую гісторыю і вярнуцца да часоў, калі партызаны Беларусі абаранялі Радзіму, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Гэтую гісторыю мы павінны захоўваць. За арганізацыяй такой выставы — скрупулёзная і адказная праца многіх людзей. Праект “Партызаны Беларусі” дае магчымасць зазірнуць у суровае мінулае нашай краіны, даведацца аб гераічных буднях тых, хто са зброяй у руках абараняў родную зямлю ад захопнікаў. Гэта дастойны ўклад у захаванне нашай гісторыі і патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Між тым, сёлета на Гомельшчыне мы плануем рэалізаваць праект мемарыяльнага комплексу, прысвечанага партызанам, каб захаваць памяць пра тых, хто не шкадаваў свайго жыцця дзеля будучых пакаленняў.

Выстава праекта “Партызаны Беларусі” па чарзе аб’едзе ўстановы вышэйшай адукацыі Гомеля.

Абласны этап штогадовай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, якая ў гульнявой форме вучыць падлеткаў асноўным прынцыпам ваеннай справы, прайшоў на тэрыторыі санаторыя “Залатыя пяскі” ў Гомельскім раёне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.