Новы кампанент вучэбна-метадычнага забеспячэння

- 9:30Адукацыйная прастора

У мінулым годзе па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пачалася распрацоўка адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі, і ўжо з 1 студзеня 2021 года гэты рэсурс пачаў працаваць у тэставым рэжыме. Цяпер нашы настаўнікі знаёмяцца з магчымасцямі рэсурсу для яго эфектыўнага выкарыстання, выказваюць свае меркаванні па яго ўдасканаленні. Пра тое, якія задачы ставіліся пры распрацоўцы гэтага рэсурсу, хто стаў яго стваральнікам і якое яго зместавае напаўненне, нашым чытачам расказваюць кіраўнікі ўстаноў, якія напрамую былі задзейнічаны ў гэтым працэсе. У ліку іх — Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі.

Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі В.В.ГІНЧУК

— Валянціна Васільеўна, раскажыце, калі ласка, з якой мэтай ствараўся адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс? Для каго ён прызначаны?

— Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс распрацоўваўся як новы кампанент вучэбна-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Гэты рэсурс не будзе падмяняць ні традыцыйныя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах, такіх як падручнік, рабочы сшытак, дапаможнік для настаўніка, ні рэальны вучэбны працэс у школе.

Прызначэнне новага рэсурсу — дапоўніць працэс вывучэння вучэбных прадметаў, падтрымаць навучанне тых школьнікаў, якія па якіх-небудзь прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі (напрыклад, хварэюць, выехалі для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах і да т.п.) або маюць патрэбу ў дадатковым тлумачэнні вучэбнага матэрыялу пры выкананні дамашніх заданняў. На рэсурсе змешчаны відэафрагменты з тлумачэннем тэм вучэбнай праграмы. Трэба адзначыць, што вучэбны матэрыял у відэафрагментах добра структураваны і візуалізаваны. Пры тлумачэнні новага матэрыялу педагогі выкарыстоўваюць розныя віды заданняў, праблемныя пытанні, накіраваныя на актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Прапанаваныя тэставыя заданні даюць вучням магчымасць праверыць свае веды.

Матэрыялы, якія выкладзены на рэсурсе, будуць карысныя і для педагогаў. Яны змогуць выкарыстоўваць адукацыйны кантэнт рэсурсу ў якасці метадычных, дыдактычных матэрыя­лаў, як сродак рэалізацыі адукацыйных тэхналогій. Па меры напаўнення рэсурс стане своеасаблівай скарбонкай метадычных прыёмаў і сродкаў навучання вучэбнаму прадмету. І з гэтага пункта гледжання рэсурс будзе цікавы і маладым педагогам, і настаўнікам са стажам педагагічнай працы, і студэнтам педагагічных УВА.

Установы дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў могуць выкарыстоўваць рэсурс як сродак удасканалення педагагічнага майстэрства педагогаў, існуючай практыкі выкладання вучэбнага матэрыялу, арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў і як крыніцу эфектыўных метадычных прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца пры выкладанні таго ці іншага вучэбнага прадмета. Пры гэтым хачу адзначыць, што выкарыстанне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу не з’яўляецца абавязковым.

— Як напаўняецца рэсурс? Ці акумулююцца ў ім раней створаныя адукацыйныя рэсурсы?

— Адным з элементаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу з’яўляецца бібліятэка вучэбных матэрыялаў, якая цяпер распрацоўваецца. Яна ў поўнай меры адпавядае патрабаванням адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм па вучэбных прадметах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. Бібліятэка структуравана па вучэбных прадметах, класах, тэмах вучэбнай праграмы. Па кожнай тэме на рэсурсе размешчаны вынікі яе вывучэння, г.зн. пералік ведаў і ўменняў, якімі павінен авалодаць школьнік; відэаролік з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу; тэставыя заданні для самаправеркі навучэнцамі вынікаў засваення тэмы. У кожнай тэме пазначаны нумар адпаведнага параграфа вучэбнага дапаможніка па прадмеце. Рэсурс не адмяняе работу з ім. Так, пры тлумачэнні вучэбнага матэрыялу педагогі часта прапануюць паставіць відэаролік на паўзу і выканаць тое ці іншае заданне з вучэбнага дапаможніка. Дарэчы, тэставыя заданні не падразумяваюць выстаўлення адзнакі, іх прызначэнне — самаправерка навучэнцамі засваення вучэбнага матэрыялу.

Адзначу, што рэсурс будзе паступова папаўняцца новымі матэрыяламі. Дадатковыя матэрыялы, якія плануецца размясціць, напрыклад, інтэрактыўныя заданні, карты, электронныя адукацыйныя рэсурсы, будуць прызначаны для замацавання і пашырэння ведаў, развіцця і ўдасканалення ўменняў і навыкаў па вывучаемай тэме.

Цяпер спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі акумулююць раней створаныя электронныя адукацыйныя рэсурсы, у тым ліку праекты пераможцаў конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, матэрыялы, распрацаваныя ініцыятыўнымі педагогамі. Спасылкі на гэтыя матэ­рыялы плануецца размясціць у раздзеле “Дадатковыя матэрыялы” да 1 верасня 2021 года.

На першым этапе ўкаранення рэсурсу вырашана распрацаваць відэа­фрагменты з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу і тэставыя заданні. Яны ствараюцца для ўсіх класаў. Вучэбныя матэрыялы для 11 класа будуць распрацаваны ў адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах і новымі вучэбнымі дапаможнікамі, якія будуць выкары­стоўвацца ў адукацыйным працэсе з 2021/2022 навучальнага года. Матэрыялы для 11 класа будуць разме­шчаны на рэсурсе да 1 верасня 2021 года.

— Раскажыце, хто ўдзель­нічае ў распрацоўцы рэсурсу?

— Да стварэння адукацыйнага кантэнту для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу запрошаны лепшыя настаўнікі з усіх рэгіёнаў нашай краіны. У метадычнай скарбонцы многіх з іх знаходзіцца нямала матэрыялаў, якія можна выкары­стоўваць пры распрацоўцы ві­дэа­ролікаў і тэставых заданняў.

Створаны творчыя групы, у склад якіх увайшлі, у першую чаргу, настаўнікі-метадысты, настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, педагогі, якія з’яўляюцца аўтарамі вучэбных дапаможнікаў і маюць вопыт стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў. У работу ўключыліся ўдзельнікі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Вучэбныя матэрыялы па замежных мовах распрацоўваюцца Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам.

— Відавочна, што задача па распрацоўцы кантэнту для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу вельмі маштабная.

— Так, сапраўды. Неабходна стварыць некалькі тысяч камплектаў вучэбных матэрыялаў. Пры гэтым важна прытрымлівацца адзіных падыходаў да іх распрацоўкі, забяспечыць выкананне тэхнічных патрабаванняў да відэаматэрыялаў, зрабіць матэрыялы цікавымі і даступнымі для навучэнцаў. Таму, перш чым распрацоўваць адпаведныя матэрыялы, мы папярэдне вызначалі метадычныя і тэхнічныя патрабаванні да відэафрагментаў і тэставых заданняў. У ходзе вэбінараў абмяркоўваліся структура відэафрагментаў, іх працягласць, прыёмы актывізацыі ўвагі і вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, колькасць тэставых заданняў і іх віды. Аналізаваўся першы вопыт распрацоўкі матэрыялаў, адзначаліся ўдалыя метадычныя знаходкі педагогаў, якія рэкамендаваліся да выкарыстання іншымі педагогамі.

Работу педагогаў па распрацоўцы адукацыйнага кантэнту для рэсурсу каардынуюць рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. А ўжо распрацаваныя вучэбныя матэрыялы праходзяць педагагічную экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Тэхнічную падтрымку рэсурсу забяспечвае Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр Міністэрства адукацыі.

— Якое месца можа заняць рэсурс у адукацыйным працэсе ўжо сёння?

— Інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, як ужо гаварылася, не будзе падмяняць рэальны вучэбны працэс ва ўстанове адукацыі.

Для вучня, які па нейкіх прычынах адсутнічае на занятках, настаўнік, як правіла, вызначае аб’ём вучэбнага матэрыялу, які школьнік павінен засвоіць самастойна. Пры гэтым настаўнік паказвае, якія матэрыялы вучэбнага дапаможніка неабходна вывучыць, якія заданні выканаць. Зараз дапамагаць такому вучню будуць матэрыялы інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, у ліку якіх відэафрагменты з тлумачэннем вучэбнага матэрыялу, тэставыя заданні для самаправеркі. Пры неабходнасці настаўнік праводзіць кансультацыі па тэме з улікам наяўных тэхнічных магчымасцей. Па вяртанні навучэнца ва ўстанову адукацыі настаўнік можа правесці падтрымліваючыя заняткі, на якіх бу­дзе ажыццяўляць карэкцыю ведаў і ўменняў, кансультаваць навучэнца па падрыхтоўцы да тэматычнага кантролю. Безумоўна, настаўнікі павінны пазнаёміць навучэнцаў і іх бацькоў з алгарытмам работы з вучэбнымі матэрыяламі, размешчанымі на рэсурсе.

Акрамя таго, як паказвае практыка, вучэбныя матэрыялы рэсурсу педагогі фрагментарна выкарыстоўва­юць пры правядзенні вучэбных заняткаў ва ўстанове адукацыі.

— Якім чынам вы атрымліваеце зваротную сувязь ад педагогаў, вучняў і іх бацькоў?

— Цяпер на рэсурсе размешчаны матэрыялы для трэцяй чвэрці гэтага навучальнага года і ўжо размяшчаюцца матэрыялы для чацвёртай чвэрці.

Доступ да рэсурсу прадастаўлены ўсім жадаючым, кожны можа выказаць свае прапановы і заўвагі, звярнуўшыся на інфалінію Нацыянальнага адукацыйнага партала (adu.by). Пытанні паступаюць, але пакуль нешматлікія. Мы атрымліваем зваротную сувязь з педагогамі ў ходзе вэбінараў, аналізуем інфармацыю ў сацыяльных сетках. У першыя месяцы новага года ў рэгіёнах пройдуць вэбінары з удзелам педагогаў-прадметнікаў, на якіх будуць абмяркоўвацца разме­шчаныя на рэсурсе матэрыялы, а таксама магчымасці выкарыстання рэсурсу ў адукацыйным працэсе. Усе канструктыўныя заўвагі і прапановы будуць абавязкова ўлічаны пры далейшай рабоце над рэсурсам.

Інфармацыйна-адукацыйны рэсурс будзе ўдасканальвацца як у тэхнічным, так і ў зместавым аспекце. Бібліятэка вучэбных матэрыялаў бу­дзе паступова папаўняцца новымі матэрыяламі, у тым ліку распрацаванымі педагогамі сцэнарыямі ўрокаў, электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі і інш.

Мы вельмі ўдзячны педагогам, якія бяруць удзел у распрацоўцы адукацыйнага кантэнту для рэсурсу, спецыялістам рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, якія каардынуюць гэтую работу. Будзем удзячны “Настаўніцкай газеце”, на старонках якой педагагічная грамадскасць бу­дзе мець магчымасць абмяркоўваць адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, каб зрабіць яго своеасаблівай майстэрняй, лепшым педагагічным вопытам нашай краіны.


Прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі С.В.УКЛЕЙКА

Стварэнне адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, як бы гэта ні прагучала парадаксальна, стала вельмі важным этапам не толькі для вучняў і іх законных прадстаўнікоў, але і для саміх настаўнікаў. Маючы зносіны ў рамках відэанарад з прадстаўнікамі рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй і інстытутаў развіцця адукацыі, вэбінараў з рэгіянальнымі каардынатарамі і распрацоўшчыкамі матэрыялаў, прыходзіш да высновы, што дадзены рэсурс — гэта, з аднаго боку, новы і дадатковы кампанент вучэбна-метадычнага комплексу па кожным вучэбным прадмеце, а з другога — сродак павышэння метадычнай, прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў.

Давайце паспрабуем разабрацца. Безумоўна, першапачатковай і галоўнай мэтай рэсурсу была і ёсць падтрымка навучання дзяцей, якія па пэўных прычынах не могуць навед­ваць школу. Гэта тыя, хто часова адсутнічае з прычыны хваробы, хто пастаянна вучыцца дома, і iншыя катэгорыі навучэнцаў. Матэрыялы рэсурсу аказаліся карыснымі і тым школьнікам, якія вучацца ва ўмовах знаходжання ў арганізацыях аховы здароўя, у санаторна-курортных установах і інш. І гэта зразумела: відэаролікі можна выкарыстоўваць як дома, так і ва ўстанове адукацыі, як пры тлумачэнні новага вучэбнага матэрыялу, так і пры яго паўтарэнні або замацаваннi.

Немалаважны і чыста псіхалагічны момант: вельмі часта вучні настолькі прывыкаюць да настаўніка, яго манеры тлумачэння матэрыялу, што пры замене па нейкіх прычынах урока іншым настаўнікам часам бываюць незадаволены, маўляў, новы настаўнік робіць усё па-іншаму. Праўда, праходзіць пара ўрокаў — і аказваецца, што ўсё добра і ў гэтага настаўніка: і расказвае цікава, і тлумачыць зразумела. Таму рэсурс яшчэ і прывучае вучняў да іншай манеры выкладання вучэбнага матэрыялу, знаёміць з новымі спосабамі падачы матэрыялу. Дарэчы, часам менавіта гэтым фактарам і тлумачыцца незадаволенасць некаторых навучэнцаў і іх бацькоў, якія ў відэароліку раптам “не ўбачылі” свайго настаўніка: голас не той, тэмп не такі, эмоцыі не тыя і г.д. У далейшым жыцці якраз і спатрэбіцца вопыт зносін, хай і завочных, з самымі рознымі педагогамі.

Але гэта толькі адзін аспект. Іншы заключаецца ў тым, што новы рэсурс падштурхнуў развіццё методыкі выкладання вучэбных прадметаў у цэлым і павышэнне метадычнага ўзроўню канкрэтнага настаўніка ў прыватнасці. Каб запісаць ролік працягласцю не больш за 10—15 хвілін, трэба прадумаць яго падрабязны сцэнарны план, вызначыць, як наглядна, даступна і ў той жа час без страт для зместу вучэбнага матэрыялу данесці яго да ўсіх і кожнага, хто будзе глядзець гэты ролік. Настаўнікам даводзіцца ўвесь час праводзіць рэвізію назапашаных метадаў і прыёмаў, каб выбраць з метадычнай скарбонкі самы аптымальны, менавіта той, які найлепшым чынам падыходзіць пад канкрэтную вучэбную сітуацыю. Вядома, што  далёка не кожны прыём, які выдатна спрацоўвае многія гады і дае вынік у ходзе звычайнага ўрока, падыходзіць для відэатлумачэння, калі няма непасрэднага, прамога кантакту з навучэнцамі. Пры падрыхтоўцы да любога ўрока кожны настаўнік ведае, што самым складаным бывае знайсці менавіта тую фішку, якая прыцягне ўвагу і захопіць навучэнцаў. Так, матывацыя вучэбнай дзейнасці школьнікаў, асабліва сучасных дзяцей, — вельмі складаны этап. Іх пытанне “Як мне гэта спатрэбіцца ў жыцці?” ставіла і ставіць у тупік не аднаго настаўніка. Матывацыя — гэта своеасаблівая праверка настаўніка на яго прафесіяналізм і глыбокае веданне свайго прадмета. А пры запісе відэаролікаў матывацыйны момант забяспечыць удвая цяжка. Але і з гэтай задачай настаўнікі — распрацоўшчыкі матэрыялаў добра спраўляюцца.

З канца студзеня амаль штодня ў нашай краіне праходзіць серыя вэбінараў, на якіх распрацоўшчыкі модуляў, настаўнікі розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, метадысты НІА, АПА, ІРА абмяркоўваюць матэрыялы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. Асаблівасцю вэбінараў з’яўляецца іх прадметная накіраванасць. Можна сказаць, што вэбінары праходзяць па формуле “Адзін вэбінар = адзін прадмет + адзі­н клас”. Таму размова заўсёды атрымліваецца вельмі канкрэтнай, прадметнай. Распрацоўшчыкі расказваюць пра свае ідэі і падыходы да распрацоўкі вучэбных матэрыялаў, прапаноўваюць варыянты работы з гэтымі матэрыяламі, а настаўнікі-прадметнікі, папярэдне прааналізаваўшы матэрыялы рэсурсу для канкрэтнага класа, выказваюць сваё меркаванне аб якасці прадстаўленых матэрыялаў, даюць ацэнку эфектыўнасці выкарыстаных метадаў і прыёмаў. Усё часцей калегі кажуць распрацоўшчыкам, што яны пачалі выкарыстоўваць відэафрагменты на сваіх “вочных” уроках, што ўзялі сабе для работы нейкія новыя прыёмы і формы, і  ў гэтым таксама несумненная каштоўнасць рэсурсу.

Аналізуючы правядзенне вэбінараў, мы прыйшлі да высновы, што матэрыялы адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу можна і трэба выкарыстоўваць ужо зараз на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-прадметнікаў, на семінарах, таму што з пункта гледжання метадычнай дапамогі гэта ўнікальная скарбонка матэрыялаў і для абмену педагагічным вопытам, і для пошуку найбольш эфектыўных форм работы з вучнямі на ўроку. Безумоўна, матэрыялы рэсурсу будуць карыснымі будучым настаўнікам — студэнтам устаноў вышэйшай адукацыі педагагічнага профілю, прычым як на лекцыях і практычных занятках, так і ва ўмовах праходжання педагагічнай практыкі ў школе.

Адзначу, што стварэнне матэрыялаў для рэсурсу далёка не заўсёды ідзе гладка, бо гэта першы такі маштабны праект у краіне, аналагаў якога раней не было. Таму вучацца ўсе: і распрацоўшчыкі, і метадысты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў, інстытутаў развіцця адукацыі, і су­працоўнікі АПА і НІА. Часам экспертыза матэрыялаў праходзіць у вельмі гарачых метадычных і прафесійных спрэчках: ра­шыць метадычную задачу, як і матэматычную або фізічную, часта можна некалькімі спосабамі, але выбраць трэба найбольш рацыянальны. А, як вядома, ісціна нараджаецца ў спрэчцы.

На прыкладзе ствараемага рэсурсу становіцца добра зразумела, што ж такое адкрыты адукацыйны рэсурс. Цяпер на ім размяшчаюцца і працягваюць размяшчацца відэаролікі, тэставыя матэрыялы. Але ў перспектыве рэсурс напоўніцца дадатковымі матэрыяламі — электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, якія змогуць прапанаваць не толькі ўжо вядомыя распрацоўшчыкі модуляў, але і любы настаўнік, які мае метадычныя напрацоўкі па той ці іншай тэме. Таму работа над матэрыяламі для рэсурсу працягваецца. Ён штодня папаўняецца новымі матэрыяламі, і тым самым мы працягваем развівацца ў метадычным кірунку.


Дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Ю.В.КРУГЛІК

У нашай краіне вядзецца мэтанакіраваная работа па трансфармацыі адукацыйнай дзейнасці на сучасных лічбавых платформах. У 2019 годзе калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распрацаваў канцэпцыю стварэння так званага інфармацыйнага ядра Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Сутнасць гэтай канцэпцыі — аб’яднаць у адзіную інфармацыйную прастору разрозненыя інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы арганізацый і ўстаноў адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі. У адпаведнасці з гэтым сёння ажыццяўляецца праектаванне асноўных кампанентаў Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Адным з такіх кампанентаў з’яўляецца адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс для праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу (АІАР). Галоўны фактар, які абумоўлівае актуальнасць стварэння такога рэсурсу, — патрэба суб’ектаў і ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, кансалідацыі разрозненых лічбавых рэсурсаў і сэрвісаў, якія маюць адукацыйнае прызначэнне, а таксама ў абагульненні перадавога педагагічнага вопыту па выкарыстанні ІТ для далейшага распаўсюджвання. Трэба ўліч­ваць і ўзрослую цікавасць навучэнцаў i iх бацькоў да лічбавых адукацыйных тэхналогій, неабмежаванае іх выкарыстанне, што патрабуе зніжэння рызыкі неспрыяльных наступстваў гэтага ў дзіцячым, падлеткавым і юнацкім узросце; зніжэнне значнасці фармальных пасведчанняў аб адукацыі і павышэнне патрабаванняў да фактычнай якасці атрыманых ведаў, набытых уменняў і навыкаў, сфарміраваных кампетэнцый.

Галоўнай мэтай стварэння адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу з’яўляецца павышэнне якасці і даступнасці адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца ў нашых навучальных установах. Іншыя мэты — фарміраванне ўмоў для стварэння сучаснага лічбавага адукацыйнага кантэнту і  эфектыўных адукацыйных анлайн-сэрвісаў. Неабходна забяспечыць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу сучаснымі аўтаматызаванымі сродкамі, каб задаволіць інфармацыйныя, адукацыйныя запыты школьнікаў у час навучання, а педагогаў — падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці. Інфармацыйныя тэхналогіі дазволяць стварыць умовы  для глыбокага і якаснага аналізу ходу і вынікаў адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі (установа адукацыі, раён, рэгіён, краіна). Асноўнымі напрамкамі стварэння і развіцця АІАР з’яўляецца распрацоўка сродкаў работы з лічбавым адукацыйным кантэнтам, стварэнне праграмных сродкаў для навучэнцаў i iх сем’яў, адміністрацыі ўстановы адукацыі і выкладчыкаў, а таксама комплексных аўтаматызаваных сі­стэм для дыстанцыйнага навучання.

Новы рэсурс складаецца з трох падсі­стэм: праграмнае забеспячэнне для работы з лічбавым кантэнтам; комплексныя аўтаматызаваныя сістэмы кіравання ўстановай адукацыі; праграмнае забеспячэнне для навучэнцаў i iх сем’яў. Кожная з гэтых падсістэм уключае ў сябе комплекс праграмных кампанентаў, якія забяспечваюць функцыянальнасць адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. У рамках стварэння і ўкаранення рэсурсу ставяцца і павінны быць вырашаны важныя задачы, сярод якіх стварэнне адзіных кадыфікатараў ведаў, што дазволіць сі­стэматызаваць і структура­ваць лічбавы адукацыйны кантэнт, уніфіка­ваць доступ да яго, ажыццяўляць комплексны аналіз вынікаў адукацыйнага працэсу. Яшчэ адна важная задача — стварэнне аўтаматызаваных сродкаў і фарміраванне арганізацыйных механізмаў для распрацоўкі, ацэнкі і публікацыі лічбавага адукацыйнага кантэнту, структураванага і сі­стэматызаванага ў адпаведнасці з кадыфікатарамі ведаў. Гэты кантэнт уключае лічбавыя вучэбныя матэрыялы дэманстрацыйнага характару для тлумачэння, самастойнага вывучэння, паўтарэння, замацавання і абагульнення вучэбнага матэрыялу (тэкставыя вучэбныя матэрыялы, графічныя выявы, прэзентацыі, аўдыязапісы, відэаўрокі, дэманстрацыйныя мадэлі і інш.). Таксама ў гэты кантэнт увахо­дзяць тэставыя заданні для праверкі засваення ведаў, адпрацоўкі і праверкі вучэбных уменняў і навыкаў, а таксама тэсты, скампанаваныя на іх аснове для вырашэння канкрэтных адукацыйных задач (трэніровачныя і праверачныя анлайн-работы, лічбавыя дамашнія заданні, падборкі для франтальнага апытання і інш.). У кантэнт увайшлі лічбавыя вучэбныя трэнажоры для комплекснай адпрацоўкі вучэбных уменняў і навыкаў, фарміравання прадметных кампетэнцый, у тым ліку гульнявога характару.

Рэсурс падразумявае распрацоўку інструментарыю для выкладчыкаў (майстроў вытворчага навучання), з дапамогай якога з элементаў лічбавага адукацыйнага кантэнту яны змогуць фарміраваць уласныя падборкі, у тым ліку сцэнарыі ўрокаў або факультатыўных заняткаў, падборкі тэставых заданняў для падрыхтоўкі да кантрольных работ, прэзентацыйныя матэрыялы для правядзення ўрокаў і інш. Важна распрацаваць кампаненты для паказу або індывідуальнага прагляду сцэнарыяў вучэбных заняткаў, створаных выкладчыкамі на аснове лічбавага адукацыйнага кантэнту, якія ўключаюць у сябе модулі для розных фарматаў прадстаўлення інфармацыі (тэкставага, графічнага, прэзентацый, аўдыя, відэа). Таксама прадугледжана распрацоўка кампанентаў комплексных аўтаматызаваных сістэм кіравання “Электронная школа” для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і “Электронны каледж” для ўстаноў ПТА і ССА, прызначаных для вядзення ва ўстанове адукацыі даведнікаў работнікаў, навучэнцаў, бацькоў, фарміравання арганізацыйнай структуры, вучэбнага планавання; іх інтэграцыя з кампанентамі інфармацыйнага ядра Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, прызначанымі для захоўвання персанальных даных (рэгістрам работнікаў адукацыі, рэгістрам навучэнцаў). Прадугледжваецца распрацоўка ў рамках комплексных аўтаматызаваных сістэм кіравання кампанентаў для вядзення работнікамі журнала заняткаў у электронным фармаце, правядзення заняткаў у дыстанцыйным фармаце з выкарыстаннем розных нагрузачных рэжымаў (толькі тэкставым з дапамогай чата, з падключэннем аўдыя- і відэа­сувязі), для камунікацый паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу. Распрацаваны  інструменты для праверкі лічбавых дамашніх заданняў (выкладчыкамі), для іх выканання (навучэнцамі), у тым ліку з выкарыстаннем розных варыянтаў для розных навучэнцаў, з прымяненнем механізмаў і алгарытмаў фарміравання “разумных” дамашніх заданняў, арыентаваных на здольнасці і дасягнутыя вынікі канкрэтных навучэнцаў. Будуць распрацаваны інструменты для маніторынгу якасці навучання ва ўстановах адукацыі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама створана праграмнае забеспячэнне для навучэнцаў i бацькоў для работы з электронным дзённікам навучэнца, удзелу ў занятках, якія праводзяцца ў дыстанцыйным фармаце, знаёмства і самастойнай работы з лічбавым адукацыйным кантэнтам. Распрацоўка і ўкараненне новага рэсурсу ство­раць дадатковыя ўмовы для забеспячэння нашага грамадства роўнымі магчымасцямі атрымання якасных адукацыйных паслуг на ўзроў­ні сучасных патрабаванняў нацыянальных і міжнародных стандартаў; для рэалізацыі сучасных методык і новых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу, дапаўнення і, пры неабходнасці, частковага (або поўнага) замяшчэння традыцыйнага працэсу перадачы ведаў анлайн-тэхналогіямі; для павышэння ролі самастойнай работы навучэнца за кошт выкарыстання сэрвісаў і лічбавага кантэнту рэсурсу; для фарміравання індывідуальных адукацыйных траекторый і падбору лічбавага адукацыйнага кантэнту для іх, у тым ліку на аснове прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту і вялікіх даных.

Матэрыялы падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.