Новых турыстычных перамог!

- 11:05Спартыўныя падзеі

У першыя выхадныя сакавіка на базе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь у рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства былі арганізаваны спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях.

Падобныя спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню праводзіліся на базе вучэбна-трэніровачнага комплексу Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь ужо другі раз. Яны сталі важным этапам падрыхтоўкі беларускіх каманд да турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які традыцыйна прой­дзе на летніх канікулах. База вучэбна-трэніровачнага комплексу была выбрана невыпадкова. Менавіта яна дазваляе адпрацаваць найбольш складаныя элементы, якія прадугледжваюцца расійскімі правіламі правядзення турзлётаў навучэнцаў Саюзнай дзяржавы.

— Каб каманды змаглі павысіць свой узровень, зрабіць высновы з мінулагодніх памылак і паказаць лепшыя вынікі, у гэтым годзе мы практычна не мянялі дыстанцыі, асаблівасці іх праходжання. Калі ў мінулым годзе цалкам з заданнем справілася крыху больш за палову каманд, то сёлета добры вынік паказалі практычна ўсе. Гэта якасны рывок наперад. Нашы каманды становяцца больш канкурэнтаздольнымі, выкарыстоўваюць новыя тэхнічныя прыёмы. Нават самы складаны (апошні) этап, які ўключаў навясную пераправу ўверх, гарызантальную навясную пераправу і спуск, пакарыўся нашым спартсменам-турыстам. А прайсці яго было сапраўды няпроста. Для гэтага кожная каманда задзейнічала каля 300—400 м вяровак, а лідар — да аднаго кіламетра, — адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Анатольевіч Гівойна.

Усе ды­станцыі спаборніцтваў імітуюць рэальныя прыродныя перашкоды. Важны этап — спуск умоўна пацярпелага. Гэты элемент выратавальных работ выконваўся толькі прадстаўнікамі старэйшай узроставай групы. Удзельнікі паспяхова і даволі лёгка справіліся са складаным заданнем, бо дапамога таварышу — гэта аснова асноў каманднай работы. Складаным этапам быў і маятнік (неабходна было перабрацца з аднаго ўмоўнага берага на супрацьлеглы). Сёлета з гэтым этапам таксама справіліся ўсе каманды. У параўнанні з мінулым годам прагрэс праходжання дыстанцый значны. Многія каманды падцягнулі свой узровень. Гэта, напрыклад, Магілёўская, Мінская вобласці. Традыцыйна высокія вынікі паказалі прадстаўнікі Віцебшчыны.

Як паведаміў намеснік дырэктара Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Сяргей Генадзьевіч Лаўрановіч, каманда Мінскай вобласці складалася з прадстаўнікоў Барысаўскага і Смалявіцкага раёнаў (выхаванцы настаўніцы фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 1 імя В.Ф.Купрэвіча Смалявіч Алены Мікалаеўны Дзідзенка), якія былі вызначаны падчас папярэдніх абласных спаборніцтваў па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму. Дарэчы, на мінулагодніх спаборніцтвах Цэнтральны рэгіён таксама прадстаўлялі юныя турысты гэтых раёнаў. Канчаткова камандныя дзеянні былі адпрацаваны на зборах у Чэрвеньскім раёне. Плённая падрыхтоўка дала свае вынікі. У гэтым годзе каманда Мінскай вобласці заваявала цэлы россып медалёў, а на кароткай асабістай і каманднай дыстанцыі, а таксама па выніках дваяборства ва ўзроставай групе 2002—2003 г.н. стала пераможцай. А вось у старэйшай узроставай групе (1999—2001 г.н.) у названых дысцыплінах перамаглі прадстаўнікі Віцебскай вобласці. Сярод сёлетніх прызёраў і каманды Магілёўскай, Брэсцкай абласцей.

Пераможцаў і прызёраў чакалі граматы, медалі, кубкі, а таксама турыстычны рыштунак і скідачныя сертыфікаты ад спонсараў спаборніцтваў. Нашы віншаванні пераможцам, а беларускім камандам — яшчэ і паспяховых выступленняў на спаборніцтвах турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які ў гэтым годзе, як плануецца, будзе прымаць Смаленская вобласць (Расійская Федэрацыя).

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.