Новыя fashion-магчымасці для людзей з інваліднасцю

- 12:14Сацыяльны ракурс

У ліпені 2018 года стартаваў праект “Новыя магчымасці”, у межах якога людзі з інваліднасцю змогуць далучыцца да fashion-індустрыі не толькі ў якасці спажыўцоў, але і ў якасці пастаўшчыкоў моднага адзення. У гэтым ім дапамогуць маладыя беларускія дызайнеры. У мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik-Беларусь прайшла сустрэча арганізатараў і ўдзельнікаў праекта з журналістамі.

На працягу некалькіх месяцаў людзі з інваліднасцю будуць уключаны ва ўсе этапы стварэння новых вобразаў — ад ідэі пашыву да прэзентацыі. Рэалізуюць праект “Новыя магчымасці” Беларуская палата моды сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

“Сфера моды яркая і прывабная. З яе дапамогай можна данесці самыя вострыя сацыяльныя тэмы да многіх людзей, — адзначыла старшыня Беларускай палаты моды заснавальнік Belarus Fashion Week Яніна Ганчарова. — Наша арганізацыя ўжо мае вопыт супрацоўніцтва з БелАДДІіМІ. Мы працавалі над стварэннем калекцыі для дзяцей, дызайнерам якой выступіла член Беларускай палаты моды з Віцебска Таццяна Яфрэмава. У паказе тады прымалі ўдзел не толькі мадэлі з прафесійнай подыумнай школы, але і дзеці з АПФР. Пры ўдзеле Таццяны Яфрэмавай быў таксама рэалізаваны праект “Ясная мова” па стварэнні калекцыі жаночага адзення. Дызайнер упрыгожыла свае мадэлі малюнкамі, піктаграмамі і знакамі, якія выкарыстоўваюцца ў “яснай мове” і з дапамогай якіх данесці неабходную інфармацыю можна да кожнага чалавека, у тым ліку да людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі. Рэалізаваць ідэі праекта “Новыя магчымасці” нам дапамогуць дызайнеры Аляўціна Расолька, Вольга Бігель (брэнд Wear Bigel) і Павел Доўнар (брэнд Honar). Работа над калекцыяй дазволіць людзям з інваліднасцю паспрабаваць сябе ў якасці канструктараў, тэхнолагаў, швачак, дэкаратараў”.

Эскізы будучых мадэлей ствараліся ў партнёрстве са школай ілюстратараў Fantasy Room. Калекцыя будзе выканана з лёну з выкарыстаннем ручной вышыўкі, у аснове якой — малюнкі занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі насякомых і раслін. Акрамя лёну, будуць прымяняцца бавоўна, тонкая шарсцяная камвольная тканіна, віскоза, шыфон. Стваральнікі калекцыі плануюць зрабіць 20 паўнавартасных вобразаў, у кожным з якіх будзе па 2—3 вырабы. Дызайнеры пры распрацоўцы мадэлей звярнуліся як да форм адзення 30-х гадоў, так і да ўпэўненасці моды 60-х. У выніку атрымалася сучаснае прачытанне мінулага: мужчынскія вобразы будуць брутальнымі, характар ім зададуць двухбортныя пінжакі і шырокія штаны, жаночыя мадэлі адлюструюць пачуццёвасць, далікатнасць, яны будуць мець светлыя цёплыя адценні. Дзякуючы вялікай колькасці ручной работы (вышыўка, вязанне, работа з бісерам), калекцыя “Вясна-лета-2019” стане непаўторнай. Акрамя таго, у ёй будуць адчувацца беларускія матывы. Павінна атрымацца даступнае па цане зручнае адзенне для звычайных людзей. Без гарсэтных вырабаў, складаных сукенак і камбінезонаў, зацягнутых талій, вузкіх штаноў, складаных касцюмных груп”.

“Ініцыятыва “Новыя магчымасці” ажыццяўляецца ў рамках трэцяга этапу праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”, які называецца “Прасоўванне інтарэсаў людзей з інваліднасцю”. Яго рэалізацыя стала магчымай дзякуючы фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), — расказала менеджар праекта Ірына Куксік. — Асноўная мэта гэтай ініцыятывы — прадастаўленне кожнаму чалавеку з абмежаваннямі магчымасцей для самарэалізацыі, для раскрыцця творчага і прафесійнага патэнцыялу. Праект накіраваны на тое, каб наблізіць беларускае грамадства да змены парадыгмы ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Прынята лічыць іх хворымі людзьмі, якія вымушаны ўвесь час праходзіць рэабілітацыю, якія не могуць працаваць і зарабляць грошы, атрымліваць адукацыю і г.д. Неабходна паказаць, што людзі з абмежаваннямі здольны асвоіць нават такую сферу дзейнасці, у якой раней ніколі не ўдзельнічалі, напрыклад, fashion-індустрыю, што яны могуць працаваць у швейных кампаніях і нароўні з усімі ствараць выдатныя ўборы і зарабляць грошы. Мы спадзяёмся, што ў выніку рэалізацыі праекта хтосьці з іх зможа ўладкавацца на адкрытым рынку працы. Магчыма, праектам зацікавяцца прадпрыемствы лёгкай прамысловасці і пажадаюць пераняць гэты вопыт. А можа быць, на яго аснове ўзнікне новая ініцыятыва па самазанятасці”.

На цяперашні момант да праекта падключыліся 7 дзяўчат з арганізацыі БелАДДІіМІ. У кожнай свае здольнасці: хтосьці добра шые, іншыя вышываюць і малююць, працуюць з бісерам, займаюцца аздабленнем. Юлія Лісецкая, напрыклад, з’яўляецца асістэнтам дызайнераў, суаўтарам калекцыі. Яна атрымала спецыяльнасць вышывальшчыцы, захапляецца вязаннем, ткацтвам габеленаў, пэчваркам. Дзяўчына працуе на прадпрыемстве “АртІдэя”.

Калекцыя адзення “Новыя магчымасці” будзе прэзентавана на Belarus Fashion Week 14 кастрычніка 2018 года, пасля чаго стане даступнай для ўсіх жадаючых.

Надзея ЦЕРАХАВА.