Новыя імёны будучых мастакоў і архітэктараў

- 11:41Культура

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі  восьмы раз адкрылася Рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячых работ “АрхНавацыя-2019” (сумесны праект Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства адукацыі і НЦМТДіМ). На экспазіцыі прадстаўлена каля 300 жывапісных і графічных работ, архітэктурных макетаў і мастацкіх фота, дэманструюцца відэаролікі.

Штогод на восеньскіх канікулах у выставачнай зале НЦМТДіМ можна ўбачыць мноства шэдэў­раў юных творцаў з усіх куткоў Беларусі, што дазваляе меркаваць пра архітэктурную будучыню нашай краіны. І хоць часам яна паўстае вельмі крэатыўнай і нестандартнай, рацыянальнае зерне прысутнічае ў кожнай рабоце. Што асабліва радуе, нашы пачаткоўцы ведаюць і любяць гісторыю і славутыя мясціны Бацькаў­шчыны. Таму на выставе толькі малая частка адве­дзена выявам замежных славутых мясцін, такіх як Біг-Бэн, Эйфе­левая вежа, Тадж-Махал. Затое па ўсёй зале размешчаны драўляныя, керамічныя, папяровыя, кардонныя варыянты Мірскага і Нясвіжскага замкаў, Камянецкай вежы і Брэсцкай крэпасці, розных цэркваў і касцёлаў Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, плошчы Перамогі ў Мінску і іншых знакавых аб’ектаў.

Сёлета ўдзельнікам конкурсу — выхаванцам аб’яднанняў па інтарэсах цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых устаноў адукацыі — ва ў­зросце ад 4 да 20 гадоў былі прапанаваны для асэнсавання і мастацка-архітэктурнага ўвасаблення чатыры тэмы: “Знакамітыя архітэктурныя будынкі Беларусі і свету” (адлюстраванне архітэктурных асаблівасцей розных краін), “Знакамітыя архітэктары Беларусі і свету” (партрэты людзей, якія зрабілі ўклад у развіццё архітэктуры), “Будаўнік — гэта гучыць горда” (выявы прадстаўнікоў будаўнічых прафесій), “Дом, у якім хочацца жыць” (творчыя работы з сучаснымі падыходамі да будаўніцтва прыватнага дома). У заключным этапе рэспубліканскага конкурсу прынялі ўдзел больш за 500 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія даслалі 18 відэаролікаў, 68 макетаў (дарэчы, іх можна ўбачыць усе), 114 фатаграфій і 468 жывапісных і графічных малюнкаў. Самымі актыўнымі, як заўсёды, сталі 7—10-гадовыя творцы, але ў гэтым годзе нечакана многа работ было і ў старшай намінацыі (14—17 гадоў). Перад судзейскай калегіяй стаяла няпростая задача — адабраць толькі 54 пераможцы і прызёры.

“Самым галоўным крытэрыем стала самастойнасць выканання работы (без удзелу дарослых), а таксама эмацыянальная падача, кампазіцыйная і колеравая адпаведнасць, — адзначыла член журы, мастак і педагог Алена Карнеенка. — Вельмі адчуваецца, наколькі сучасныя дзеці сталі больш адкрытымі і гібкімі ў мастацтве і не баяцца перада­ваць гэта на паперы свабодна. Менавіта індывідуальнасць заўсёды выходзіць на першы план. А яшчэ я пераканана, што калі палюбіў мастацтва ў раннім узросце, то гэтае захапленне застанецца назаўсёды”.

Гэтай думкі прытрымліваюцца і юныя мастакі. Так, 10-гадовы Глеб Турута (2-е месца ў намінацыі “Жывапіс”) упэўнены, што ў будучыні абавязкова стане архітэктарам або дызайнерам — і ніяк іначай. “На напісанне работ мяне натхніў сам Гаўдзі, які спраектаваў храм Святога Сямейства і Дом костак у Барселоне, — расказаў хлопчык. — Я вельмі люблю старадаўнія замкі і, калі стану архітэктарам, буду больш увагі ўдзяляць нашым помнікам — Нясвіжскаму, Косаўскаму замкам: яны вельмі прыгожыя, і гэта сапраўды вялізная спадчына, якую неабходна зберагаць”. 13-гадовая Дар’я Гурыновіч (2-е месца ў намінацыі “Графіка”) у “АрхНавацыі” ўдзельнічае не ўпершыню, бо вельмі любіць адлюстроўваць беларускую архітэктуру. У гэты раз у цэнтры яе ўвагі — Сынкавіцкая царква. “Я мару стаць архітэктарам, і калі ў мяне гэта атрымаецца, хацела б праектаваць дамы кшталту старадаўніх”, — дадала яна.

Усе мае суразмоўнікі — выхаванцы творчай майстэрні “Вясёлка” ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” НЦМТДіМ. Прычым сёлета не толькі яны паказалі свае здольнасці, але і іншыя навучэнцы студыі. Прызёрамі сталі Аліса Марозава, Дабрамір Швайба і Настасся Сініцкая. “Каб раскрыць талент у мастакоў-пачаткоўцаў, неабходна давяраць ім і даваць як мага больш свабоды для творчасці і самараскрыцця, тады яны змо­гуць праявіць сябе. Што яшчэ вельмі важна, неабходна адносіцца да сваіх вучняў як да сапраўдных мастакоў. Вельмі спадзяюся, што яны не перастануць займацца мастацтвам”, — падкрэслівае педагог студыі Вольга Дзядовік.

Пераможцы конкурсу ў пяці намінацыях (“Жывапіс”, “Графіка”, “Мастацкая фатаграфія”, “Архітэктурнае макетаванне”, “Відэаролік”) у дзень закрыцця выставы, 23 лістапада, атрымаюць дыпломы і шкляныя сувеніры ад “Нёмана”. Выявы лепшых твораў па традыцыі аздобяць каляндар на наступны год. Не ўсе з юных творцаў, удзельнікаў “АрхНавацыі-2019”, стануць архітэктарамі і мастакамі. Аднак той, хто зможа рэалізаваць сваю мару, будзе фарміраваць архітэктурнае аблічча нашай краіны, якое, мяркуючы па сёлетніх работах, будзе яркім і з захаваннем гісторыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.