Новыя перспектывы супрацоўніцтва

- 9:20Навіны рэгіёнаў

У Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прайшоў круглы стол “Міжнародныя адносіны ў галіне адукацыі паміж Узбекістанам і Беларуссю” .

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі дэлегацыі Самаркандскага інстытута ветэрынарнай медыцыны на чале з рэктарам прафесарам Худайназарам Юнусавым, кіраўніцтва, загадчыкі кафедр, выкладчыкі, беларускія і замежныя студэнты і магістранты акадэміі. Варта адзначыц­ь, што 12 ліпеня 2019 года адбыўся першы візіт у акадэмію рэктара Самаркандскага інстытута ветэрынарнай медыцыны Худайназара Юнусава з мэтай дэталёвага абмеркавання беларуска-ўзбекскіх праектаў па падрыхтоўцы спецыялістаў для аграрнай галіны Рэспублікі Узбекістан. У ходзе візіту быў падпісаны двухбаковы дагавор аб адкрыцці і стварэнні міжуніверсітэцкага факультэта. Сёлета на названым факультэце праведзены другі набор па сумеснай падрыхтоўцы студэнтаў па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына”, “Ветэрынарная фармацыя” і “Заатэхнія”. 10 кастрычніка мінулага года з дзелавым візітам акадэмію наведалі першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па ветэрынарыі і развіцці жывёлагадоўлі Рэспублікі Узбекістан Шухрат Жабораў і загадчык лабараторыі бруцэлёзу прафесар Навукова-даследчага інстытута ветэрынарыі Рэспублікі Узбекістан Мухамед Рузімурадаў, якія абмеркавалі з рэктарам акадэміі Мікалаем Гаўрычэнкам далейшыя перспектывы супрацоўніцтва, у тым ліку пытанні сумеснага вырабу ветэрынарных прэпаратаў і правядзення навуковых даследаванняў,  навучання ўзбекскіх абітурыентаў і магістрантаў у акадэміі. Праз некалькі дзён, 23 кастрычніка, з першым афіцыйным візітам у акадэмію прыбылі прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Насіржонам Юсупавым. Госці азнаёміліся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу, гісторыяй і структурай акадэміі, сістэмай вышэйшай аграрнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, абмеркавалі пытанні развіцця беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі.

Круглы стол у ВДАВМ 3 лістапада быў нацэлены на выпрацоўку сумесных навуковых ідэй і вызначэнне новых перспектыўных магчымасцей у рамках беларуска-ўзбекскіх адносін паміж установамі вышэйшай адукацыі. У ходзе сустрэчы абодва бакі выказалі імкненне і гатоўнасць да больш цеснага супрацоўніцтва і далейшых перамоў, падкрэсліўшы важнасць абмену студэнтамі. Прафесар акадэміі, загадчык кафедры паразіталогіі і інвазійных хвароб, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Антон Ятусевіч акцэнтаваў асаблівую ўвагу ўзбекскага боку на тым, што найбольшае значэнне акадэмія надае павышэнню якасці падрыхтоўкі зааветэрынарных спецыялістаў, якія забяспечваюць укараненне інавацыйных форм і тэхналогій навучання, удасканаленню вучэбных планаў і праграм, павышэнню кваліфікацыі выкладчыцкага складу. Дэкан факультэта міжнародных сувязей, прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі акадэміі Дзмітрый Фядотаў адзначыў, што ў адукацыйным працэсе вялікая ўвага ўдзяляецца практычнай падрыхтоўцы будучых ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных урачоў, правізараў і інжынераў-механікаў. Рэктар Самаркандскага інстытута ветэрынарнай медыцыны падкрэсліў значнасць створанага міжуніверсітэцкага факультэта для Узбекістана і прапанаваў прадоўжыц­ь работу па падрыхтоўцы спецыялістаў у філіялах інстытута ў Ташкенце і Нукусе. Таксама былі абмеркаваны сумесная падрыхтоўка падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў і рэалізацыя навукова-даследчых праектаў. Сустрэча прайшла ў цёплай і добрасуседскай атмасферы, яе ўдзельнікі падкрэслілі неабходнасць стварэння пастаяннага кантакту паміж зацікаўленымі аўдыторыямі і правядзення далейшай сумеснай работы ў гэтым напрамку. У рамках святкавання Дня акадэміі 5 лістапада (ВДАВМ споўнілася 96 гадоў) Мікалай Гаўрычэнка, Худайназар Юнусаў і Антон Ятусевіч пасадзілі на тэрыторыі ўстановы вышэйшай адукацыі каля помніка ветурачу прыгожы вяз — дрэва беларуска-ўзбекскага сяброўства. Рэктар акадэміі, прарэктары, дэканы, выкладчыкі, разам з ганаровымі гасцямі з Узбекістана, беларускімі і ўзбекскімі студэнтамі ўсклалі да помніка кветкі. Узбекскія партнёры прапанавалі правесці вясной 2021 года сумесную Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю па паразіталогіі (на тэрыторыі Узбекістана).

Дзмітрый ФЯДОТАЎ,
дэкан факультэта міжнародных сувязей, прафарыентацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ВДАВМ.