Новыя перспектывы супрацоўніцтва

- 11:43Якасць адукацыі

Шэраг дагавораў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Саюзнай дзяржавы падпісаны ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, які стаў адной з пляцовак правядзення V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Урачыстая цырымонія прайшла ў рамках работы секцыі “Сацыяльная і грамадзянская актыўнасць моладзі Беларусі і Расіі: традыцыі і навацыі”, якую адкрыў міністр адукацыі нашай краіны Ігар Васільевіч Карпенка.

“Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, як і любая дзяржава, зацікаўлена ў моладзі як сацыяльна актыўнай стваральнай сіле, — сказаў у прывітальным слове Ігар Васільевіч. — Менавіта ўдзел маладых людзей у інтэграцыйных працэсах забяспечыць устойлівае развіццё Саюзнай дзяржавы, таму работа секцыі, прысвечанай маладзёжнай палітыцы, арганізавана ў рамках V Форуму рэгіёнаў не выпадкова”.

У сваім выступленні Ігар Васільевіч спыніўся на стратэгіі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, у тым ліку на сістэме вышэйшай адукацыі, новых адукацыйных стандартах, пытаннях супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў. Паводле яго слоў, у цяперашні час перад універсітэтамі стаіць задача сфарміраваць у студэнцкай моладзі цікавасць і да кар’еры вучонага, і да прадпрымальніцкай дзейнасці.

“Наша задача — падтрымліваць у Беларусі якасны ўзровень адукацыі, які можна супаставіць з узроўнем сістэмы адукацыі самых развітых краін свету, — адзначыў ён. — Выпускнікі УВА з беларускімі дыпломамі працуюць больш чым у 100 краінах свету. Многія з іх сталі не толькі высакакласнымі спецыялістамі, але і актыўнымі праваднікамі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва сваіх краін з Беларуссю ў галіне эканомікі, навукі, адукацыі, культуры і палітыкі. У сувязі з гэтым стратэгічнай мэтай развіцця вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь становіцца прыярытэтнае ўзаемадзеянне з Расійскай Федэрацыяй у кантэксце прынцыпаў пабудовы еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з улікам нацыянальнай спецыфікі. У супрацоўніцтве дзвюх краін у гэтай сферы ёсць відавочныя поспехі — перш за ўсё ў частцы сумеснага выканання адукацыйных праграм, навуковых праектаў, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, стварэння роўных умоў у атрыманні адукацыі, узаемнага прызнання дыпломаў. Сёння створана нарматыўна-прававая база, аднак яе патэнцыял яшчэ не вычарпаны”.

Ігар Васільевіч Карпенка выказаў упэўненасць, што абмеркаванне галоўных пытанняў маладзёжнай палітыкі ў рамках секцыі форуму дазволіць выпрацаваць узгоднены падыход да вырашэння надзённых праблем, вызначыць прыярытэтны напрамак супрацоўніцтва дзвюх краін. Напрыклад, міністр адукацыі прапанаваў сфарміраваць адзіную праграму Саюзнай дзяржавы па рабоце з адоранай моладдзю. Калі ў Расіі такая пляцоўка ўжо існуе — гэта адукацыйны цэнтр “Сірыус” у Сочы, то ў Беларусі ёй у найбліжэйшай будучыні павінен стаць Нацыянальны дзіцячы парк.

Яшчэ адзін напрамак, які патрабуе развіцця і ў перспектыве забяспечыць прадастаўленне роўных правоў грамадзянам Саюзнай дзяржавы, міністр адукацыі бачыць ва ўзгодненасці дзяржаўных адукацыйных стандартаў і праграм, патрабаванняў па падрыхтоўцы і атэстацыі спецыялістаў. Гэта абумоўлена інтэнсіўнай дыверсіфікацыяй эканамічнага развіцця і кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да спецыялістаў, якія пастаянна змяняюцца, удакладніў ён.

У сваю чаргу член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна Старавойтава расказала пра тое, наколькі важна сацыяльная актыўнасць маладых людзей, а таксама рэалізацыя імі праз грамадска значную дзейнасць упэўненай грамадзянскай пазіцыі. У гэтых пытаннях іх падтрымліваюць і накіроўваюць маладзёжныя аб’яднанні, якіх у Беларусі налічваецца 320, у тым ліку 26 — дзіцячых. Грамадскія фарміраванні дазваляюць сістэме адукацыі краіны быць адкрытай і ажыццяўляць зваротную сувязь з моладдзю і грамадскасцю, упэўнена намеснік міністра.

Аб інавацыйных формах і метадах работы з моладдзю па яе ўсебаковым далучэнні да жыцця соцыуму гаварыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк. Аб супрацоўніцтве Расіі і Беларусі ў пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі расказаў старшыня Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Нацыянальны савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі” Рыгор Петушкоў.

У завяршэнні работы маладзёжнай секцыі Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і навукі заключылі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і Нацыянальны даследчы Ніжагародскі дзяржуніверсітэт імя Н.І.Лабачэўскага. Дакумент замацавалі подпісамі рэктары ўстаноў Аляксей Уладзіміравіч Ягораў і Яўген Уладзіміравіч Чупрунаў адпаведна. З Пскоўскім дзяржуніверсітэтам будуць супрацоўнічаць адразу тры беларускія ўстановы адукацыі: Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, МДУ імя А.А.Куляшова і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Акрамя таго, рэктар БРУ Ігар Сяргеевіч Сазонаў паставіў подпіс пад дамовай аб супрацоўніцтве з Іжэўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя М.Ц.Калашнікава. З расійскага боку дамову падпісаў рэктар УВА Валерый Паўлавіч Грахаў.

Пагадненне аб супрацоўніцтве таксама заключылі дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева і дырэктар Усерасійскага дзіцячага цэнтра “Арляня” ў Паўднёвай федэральнай акрузе Васіль Уладзіміравіч Бабак.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.